Гістарычны маёнтак ва Ўшацкім раёне, прададзены сёлета расейцу, зноў выставілі на аўкцыён

Маёнтак Малыя Дольцы. Ілюстрацыйнае фота

Маёнтак Малыя Дольцы знаходзіцца ў аднайменнай вёсцы, якая цяпер называецца Новая Жызьнь (Ушацкі раён Віцебскай вобласьці). Пабудаваны ў пачатку ХІХ стагодзьдзя. Належаў сямейству Вярэнькаў, а з пачатку ХХ стагодзьдзя — роду Сушчынскіх.

Новы аўкцыён адбудзецца на плятформе Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы 21 жніўня а 13:40, а заявы на ўдзел ахвочыя могуць падаць да 15-й гадзіны 18 жніўня. Стартавая цана — 45 рублёў пры вызначаным рынкавым кошце аб’екту ў 115 тысяч рублёў.

Гэты аб’ект выстаўлялі на аўкцыён некалькі разоў. Сёлета ў студзені яго набыў грамадзянін Расеі за 101 рубель (тады стартавая цана таксама складала 45 рублёў. — РС).

Згодна з умовамі аўкцыёну, пераможца пры афармленьні ўласнасьці павінен узяць на сябе ахоўныя абавязкі.

Новы ўласьнік будынку атрымае ў арэнду на 50 гадоў яшчэ і зямельны ўчастак плошчай 0,1148 гектара.

Як вынікае з афіцыйнага паведамленьня на сайце біржы, грамадзянін Расеі, які набыў маёнтак на аўкцыёне 23 студзеня 2026 году, падобна, проста не пасьпеў зарэгістраваць свае правы на яго. У абвестцы адзначаецца, што «аб’ект не зарэгістраваны ў Адзіным рэгістры нерухомай маёмасьці, правоў на яе і ўгодаў зь ёю», а прадаўцом пазначана камунальнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Вялікадолецкае».

Згодна з умовамі, новы ўласьнік маёнтку павінен цягам 10 дзён пасьля аўкцыёну кампэнсаваць выдаткі на арганізацыю і правядзеньне таргоў і цягам яшчэ 10 дзён пасьля гэтых выплатаў падпісаць дамову куплі-продажу маёмасьці і арэнды зямельнага ўчастку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зь сямі гістарычных аб’ектаў Беларусі, выстаўленых на аўкцыён, змаглі прадаць толькі два

Што вядома пра маёнтак

Маёнтак пабудаваны ў стылі эклектыкі. Цэнтральны фасад і рагі будынку ўпрыгожаныя пілястрамі, а ўздоўж даху вылучаны карніз. З боку парку ёсьць цокальны паверх. Памяшканьні першага паверху былі жылымі, а на другім паверсе месьціўся летні пакой.

На пачатку ў склад маёнтку ўваходзілі 5 паселішчаў, былі млын, карчма, хлебная крама, драўляная Сьвята-Мікалаеўская царква. У 1880 годзе ў ім было 18 падворкаў і 198 жыхароў.

У пачатку XX стагодзьдзя тут паставілі адну зь першых беларускіх п’есаў — «Міхалка» (аўтар Вацлаў Іваноўскі, які пісаў пад псэўданімам Браты Далецкія) пра камэдыйную гісторыю сватаўства, калі шляхціч Язэп Карыта спрабаваў выдаць сваю 38-гадовую дачку Адэлю за наіўнага хлопца Міхалку, сьцьвярджаючы, што ёй 23 гады. Гэтая п’еса ўважаецца за адзін з раньніх узораў беларускай нацыянальнай драматургіі пачатку XX стагодзьдзя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

20 нечаканых фактаў пра Вацлава Іваноўскага