Спартовец нарадзіўся ў Брно ў сям’і беларускіх опэрных сьпевакоў Івана і Ірыны Шупенічаў, якія пераехалі ў Чэхію. Калі ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х яны гастралявалі па Эўропе, прозьвішчы ў замежных дакумэнтах беларусаў запісваліся ў францускай транскрыпцыі — Choupenitch. Менавіта ў такой форме яго пазьней атрымаў і іхны сын. «Думаю, ні ў каго больш такога прозьвішча няма, наша прозьвішча ўнікальнае ў сьвеце», — жартаваў Аляксандар у адным з інтэрвію. Ён прызнаваўся, што ў Італіі, дзе ён доўгі час трэніраваўся, яго называлі Чупэ.
Цікавая дэталь: няродная бабуля Аляксандра — легендарная савецкая фэхтавальніца Тацьцяна Пятрэнка-Самусенка, трохразовая алімпійская чэмпіёнка.
Яго першым трэнэрам быў Дзьмітры Раманкоў — спэцыяліст з беларускай фэхтавальнай школы, які таксама трэніраваў вядомага беларускага рапірыста Сяргея Быка. Дзякуючы сямейным сувязям (дзядуля ведаў легендарнага Аляксандра Раманкова) хлопчык яшчэ ў дзяцінстве езьдзіў трэніравацца ў Беларусь, аднак пазьней падкрэсьліў: «Езьдзіць туды люблю, але жыць бы там не хацеў».
Сам Шупеніч не хавае свайго беларускага паходжаньня, але лічыць сябе чэхам. «Я нарадзіўся ў Брно, беларусам ніколі ня быў. Але на спаборніцтвах беларусы да мяне падыходзяць, віншуюць, заўзеюць. Магчыма, яны адчуваюць сваю датычнасьць да гэтага, бо ў мяне беларускія карані», — казаў ён у інтэрвію ў 2014 годзе.
Пра палітыку спартовец выказваецца рэдка. У 2021 годзе, адказваючы на пытаньне пра беларускую лёгкаатлетку Крысьціну Ціманоўскую, ён сказаў, што спачувае беларусам, але ня лічыць правільным камэнтаваць сытуацыю, бо сам не жыве ў Беларусі.
Да гэтага найбуйнейшымі посьпехамі Шупеніча былі бронзавы мэдаль Алімпіяды ў Токіо і два бронзавыя мэдалі чэмпіянатаў Эўропы. Акрамя спорту, ён займаецца рэпам і грае на фартэпіяна.