Улады Беларусі папярэдзілі Польшчу пра падрыхтоўку тэракту і паказалі на эмігрантаў. У Варшаве адказалі сьцісла

Руслан Варанкоў

Паводле прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, тэрарыстычны акт у Польшчы рыхтуе «прыхільнік псэўдахрысьціянскіх каштоўнасьцяў».

Пра пагрозу тэракту ў суседняй Поьшчы выказаўся міністар замежных спраў Беларусі Руслан Варанкоў.

У Менску, дадаў прадстаўнік МЗС, выдатна разумеюць, што ў выпадку рэалізацыі такога сцэнару Захад і беларуская эміграцыя, якую ён абразьліва назваў «зьбеглымі супольнасьцямі», абвінавацілі бы улады Беларусі.

Варанкоў заявіў, што «радыкалізацыя асоб, якія пакінулі Беларусь і сутыкнуліся з праблемамі за мяжой, у тым ліку праблемамі легалізацыі, — гэта не адзінкавы выпадак, а пэўная тэндэнцыя».

А далей Варанкоў перайшоў да абвінавачваньняў у бок самой Польшчы.

«Хаваючы на сваёй тэрыторыі дэструктыўныя элемэнты, Варшава сутыкаецца зь непазбежнымі наступствамі — ростам пагрозаў унутры, калі радыкалы пачынаюць несьці непасрэдную небясьпеку ўжо для жыхароў самой Польшчы», — сказаў прадстаўнік рэжыму Лукашэнкі.

Перад гэтым улады ў Беларусі сьцьвярджалі, што тэракт рыхтуецца «асобай, якая знаходзіцца ў Польшчы, асуджанай у <…> Беларусі паводле цэлага шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якая была нядаўна пазбаўленая польскімі ўладамі дадатковай абароны і права пражываньня ў краіне».

Гэтым разам да «характарыстыкі» тэрарыста прадстаўнік МЗС далучыў інфармацыю нібыта пра «псэўдахрысьціянскія каштоўнасьці».

Рэакцыя Польшчы

Адказ з Варшавы быў сьціслым і дыпляматычным.

24 ліпеня міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Варшава «сур’ёзна ставіцца да кожнага папярэджаньня аб тэрарызьме». Паводле яго слоў, якія перадае партал rmf24.pl, польскія ўлады правяраюць атрыманую інфармацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міжнародная арганізацыя міграцыі палічыла, колькі людзей, у тым ліку беларусаў, жывуць па-за межамі сваіх краін

Што адбываецца?

Рэжым Лукашэнкі з 2020 году не спыняе штодзённых рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці краіны і паасобных дзеячаў. Тысячы людзей — палітыкаў, журналістаў, навукоўцаў, творцаў, шараговых удзельнікаў пратэстаў супраць фальшаваньня выбараў і праціўнікаў прарасейскай палітыкі ўраду мусілі пакінуць родную Беларусь і застацца за мяжою. Улады, пачынаючы ад Лукашэнкі і сканчваючы шараговымі судзьдзямі і ўрадоўцамі ў рэгіёнах сыстэматычна абражаюць гэтых людзей, зьдзекуючыся зь беларускай мовы, палітычных поглядаў, здароўя і здольнасьяў розных людзей.

У той жа час у Польшчы часта адбываюцца дывэрсіі, у правядзеньні якіх афіцыйнай Варшава вінаваціць, сярод іншага, улады Беларусі, якія дзейнічаюць супольна з Масквою.

Напрыклад, летась у ліпені польскія ўлады затрымалі 32 чалавек, падазраваных у супрацы з расейскімі спэцслужбамі для арганізацыі дывэрсіяў у краіне. У злачынную групу ўваходзілі грамадзяне Польшчы, Расеі, Украіны, Беларусі й Калюмбіі.

Паводле зьвестак Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы, злачынствы былі ўчыненыя ці падрыхтаваныя на ўказаньні супрацоўнікаў расейскай выведкі.

Польскія ўлады асобна вінавацілі Беларусь у «мігранцкім ціску», які Лукашэнка з дапамогай мігрантаў з Азіі і Афрыкі праводзіць супраць Эўразьвязу.

Акрамя таго, за апошнія гады ў Польшчы некалькі разоў арыштоўвалі і судзілі людзей, абвінавачаных у перадачы таемных зьвестак КДБ Беларусі. Гэта былі грамадзяне Беларусі, Польшчы і іншых дзяржаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Зьбеглыя», «нацысты», «бандыты». Чаму абвастрылася мова варожасьці ў паведамленьнях дзяржаўных ведамстваў?