«Заканапаціць шчыліны». Эканамічны аглядальнік Махоўскі пра новыя санкцыі ЭЗ супраць Беларусі

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, ілюстрацыйнае фота

23 ліпеня Эўрапейскі зьвяз прыняў 21-ы пакет санкцыяў супраць Расеі і Беларусі за агрэсію супраць Украіны. Пад санкцыі трапіў Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод і шэраг іншых прадпрыемстваў.

Пра наступствы новага пакету санкцый для беларускай эканомікі ў праграме «ПіК Свабоды» выказаўся эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі.

«У прынцыпе, у Эўразьвязу не засталося вельмі сур’ёзных санкцый, якія ён можа прыняць супраць беларускай эканомікі. Таму што абʼёмы гандлю з ЭЗ упалі ў дзясяткі разоў. Гэта было, здаецца, 400 мільёнаў эўра за мінулы год, у гэтым годзе будзе, хутчэй за ўсё, яшчэ менш. Гэта даволі мізэрны абʼём у параўнаньні з усім беларускім гандлем.

Мазырскі НПЗ і так не прадаваў сваё сваё паліва ў Эўразьвяз, таму што санкцыі супраць беларускага паліва былі ўведзены значна раней. Таму я ня бачу, як гэта паўплывае наўпрост.

Але там ёсьць цікавая рэч — санкцыі цяпер былі ўведзеныя і супраць „дачкі“ беларускай нафтавай кампаніі, якая некалі прадавала беларускае паліва ў Эўропу і ва Ўкраіну. Магчыма, што беларускае паліва неяк усё ж трапляла на эўрапейскі рынак праз абыход санкцый. І тады сэнс у тым, каб закрыць гэтую шчыліну».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Мазырскага НПЗ і нафтагандлёвай кампаніі, зьвязанай зь Беларусьсю

Прадстаўнікі Эўразьвязу называлі адной з мэтаў 21-га пакету санкцый — фактычна прадубляваць абмежаваньні супраць Расеі і Беларусі, каб прыкрыць магчымыя «дзіркі» для абыходу санкцый. Вось што кажа пра гэта Андрэй Махоўскі:

«Гэта абсалютна рэалістычна. Некаторыя іранізуюць з таго, што гэта ўжо 21-ы пакет, што столькі ўжо гэтых пакетаў Эўразьвяз прыняў. Але насамрэч у гэтым ёсьць сэнс, бо асноўныя санкцыі былі прынятыя амаль адразу, аднак увесь час зьяўляюцца нейкія новыя спосабы абыходу гэтых санкцый, шукаюць нейкія шчыліны.

І кожны новы пакет мае задачай „заканапаціць“ гэтыя шчыліны, каб не дазваляць абыходзіць санкцыі. Умоўна кажучы, Эўразвяз прыняў санкцыі супраць расейскага „ценявога флёту“, а Расея закупіла новыя танкеры — значыць трэба ўводзіць санкцыі супраць гэтых новых танкераў, бо іх няма ў іншых пакетах. Тое самае тычыцца і новых санкцыяў супраць нейкіх беларускіх прадпрыемстваў — закрыць шляхі абыходу».