ЗША выключылі з санкцыйнага сьпісу кампанію, зьвязаную зь Беларускім мэталюргічным заводам

Міністэрства фінансаў ЗША. Архіўнае фота

Управа кантролю замежных актываў (OFAC) Міністэрства фінансаў ЗША выключыла з санкцыйнага сьпісу кампанію Bel-Kap-Steel LLC, зьвязаную зь Беларускім мэталюргічным заводам.

Афіцыйнае паведамленьне ведамства апублікавалі 23 ліпеня:

«У сьпіс SDN (спэцыяльна пазначаных асобаў), які вядзе OFAC, былі ўнесены наступныя зьмены (выключэньні):

BEL-KAP-STEEL LLC, Маямі, штат Флёрыда 33130, Злучаныя Штаты; дата стварэньня арганізацыі — 1998 г.; ідэнтыфікацыйны нумар падаткаплатніка 52-2083095 (Злучаныя Штаты); рэгістрацыйны нумар кампаніі 0582030 (штат Канэктыкут) (Злучаныя Штаты); дадатковы рэгістрацыйны нумар кампаніі M99000000961 (штат Флёрыда) (Злучаныя Штаты) [BELARUS-EO14038] (зьвязана з: Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Беларускі мэталюргічны завод» — кіроўная кампанія холдынгу «Беларуская металюргічная кампанія», — паведамляецца на сайце OFAC.

4 лістапада 2025 году ЗША часткова зьнялі санкцыі з кампаніі «Белавія». ЗША таксама скасавалі санкцыі на беларускі калій сёлета ў сакавіку, калі ўлады Беларусі вызвалілі 250 зьняволеных у рамках пагадненьня, падпісанага пры пасярэдніцтве ЗША. Рашэньне закранула гігант «Беларуськалій», ягоны маркетынгавы падразьдзел — «Беларускую калійную кампанію», а таксама кампанію «Аграразьвіцьцё».

Чаму гэта важна

Кампанія Bel-Kap-Steel LLC стваралася ў 1990-я для экспарту беларускай мэталапрадукцыі на рынкі Паўночнай Амэрыкі, паведамляе дзелавое выданьне Office Life.

Зьняцьцё санкцыяў стварае магчымасьці для імпарту беларускай мэталапрадукцыі, бо Беларускі мэталюргічны завод — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі, выпускае ў год каля 2,5 млн. тон прадукцыі.

Пасьля таго, як прадпрыемства трапіла пад санкцыі, завод працуе не на поўную магутнасьць. 75% вытворчасьці — гэта экспарт, 80% якога цяпер ідзе ў Расею, паведамляе «Национальная экономическая газета».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская на форуме ў Каларада параўнала палітыку ЗША і Эўразьвязу адносна Беларусі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Віцэ-прэзыдэнт ПА АБСЭ: Мы не павінны забывацца на злачынны характар рэжыму Лукашэнкі