Палітвязень Арцём Лябедзька выйшаў на волю, адбыўшы тэрмін

Арцём Лябедзька, архіўнае фота

Пра гэта Свабодзе паведаміў бацька палітвязьня палітык Анатоль Лябедзька.

У жніўні 2023 году Арцёму Лябедзьку прысудзілі 3,5 году калёніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта «фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня».

Спачатку Арцём адбываў пакараньне ў ПК-22 пад Івацэвічамі, а зь лютага 2026 году — у крытай турме № 4 у Магілёве.

Палітвязень Арцём Лябедзька выйшаў на волю 23 ліпеня, цалкам адбыўшы вынесенае яму пакараньне.

Перасьлед Арцёма Лябедзькі

Арцёма Лябедзьку затрымалі 28 сакавіка 2022 году нібыта за «дробнае хуліганства» і пасьля арыштавалі на 15 дзён, а потым яшчэ раз на такі ж тэрмін.

Пасьля яго заканчэньня на волю ён ня выйшаў — яго ўзялі пад варту ў рамках крымінальнай справы.

24 жніўня Менскі гарадзкі суд асудзіў палітвязьня Арцёма Лябедзьку на 3,5 году калёніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд вынес Яўген Пісарэвіч. Менавіта такое пакараньне на судовым паседжаньні 23 жніўня запрасіў пракурор Раман Бізюк.

Арцёма Лябедзьку прызналі вінаватым у «фінансаваньні дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня». Паводле матэрыялаў справы, «з выкарыстаньнем разьліковага рахунку аднаго з банкаў з дапамогай мабільнага тэлефона» ён зрабіў «шэраг грашовых пераводаў тром арганізацыям, прызнаным экстрэмісцкімі», а таксама «рабіў пераводы праз Facebook». Падсудны віны не прызнаў.

У судзе Арцём Лябедзька сказаў, што яго судзяць замест бацькі. Ягоны бацька Анатоль Лябедзька — дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і міжпарлямэнцкай супрацы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сына Анатоля Лябедзькі перавялі ў ізалятар, дзе сядзеў бацька: «Так званы суд разыграў чарговы спэктакль»