Хто можа атрымаць прэмію?
Прэмія заснаваная, каб уганараваць выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасьцяў ва ўзросьце 65+, якія праз перасьлед на радзіме вымушаныя жыць у эміграцыі.
У 2025 годзе прэмію атрымалі 18 беларусаў. Старшыня Беларускага ПЭНу Тацьцяна Нядбай мяркуе, што гэтыя беларусы могуць быць прыкладам за іх жыцьцёвыя дасягненьні і праваабарончую дзейнасьць, і спадзяецца, што сёлета таксама абяруць самых вартых.
«Мы ставілі за мэту годна выказаць удзячнасьць людзям, якія дзесяцігодзьдзямі стваралі беларускую культуру, журналістыку, праваабарончы рух і пры гэтым нават у самых складаных умовах не адмовіліся ад сваіх прынцыпаў перад абліччам рэпрэсій. Важна было, што празь фінансавы складнік прэміі падтрымалі гэтых людзей у іх няпростай сытуацыі.
Але мы ня проста ўручаем прэмію, а празь яе вяртаем увагу да гэтых людзей, іх жыцьця, іх даробку. Дзеля гэтага мы запісалі вялікія размовы зь ляўрэатамі, якія апублікавалі на сайце і ў асобнай кнізе. Як па мне, гэта ня менш важная частка праекту, бо гэта захаваньне жывой гісторыі Беларусі», – адзначыла Тацьцяна Нядбай.
Партнэрамі Беларускага ПЭНу ў праекце «Голас пакаленьня свабоды» зьяўляюцца Беларуская асацыяцыя журналістаў, Праваабарончы цэнтар «Вясна», Прэс-клюб Беларусь, фонд «Свабодная прэса Ўсходняй Эўропы». Сёлета да партнэраў далучыўся Фонд Алеся Бяляцкага. Паколькі гэтыя арганізацыі-партнэры зарэгістраваныя ў Польшчы, Літве і Чэхіі, праект ахоплівае толькі тых беларусаў, якія пражываюць на тэрыторыі гэтых краін, патлумачыла Тацьцяна Нядбай.
«Пакуль мы абмежаваныя гэтымі трыма краінамі. Такое абмежаваньне вынікае з правілаў конкурсу, паколькі, паводле рэглямэнту, сродкі праекту мусяць быць выкарыстаныя пераважна на тэрыторыі Польшчы, бо яго фінансуе польскі МЗС. Мы вельмі зацікаўленыя ў пашырэньні межаў праекту, але для гэтага патрэбная сыстэмная праца дэмакратычных сілаў з урадамі краінаў, у якіх беларусы ўзросту 65+ апынуліся ў вымушанай эміграцыі», – зазначыла Тацьцяна Нядбай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Хадзілі чуткі, што Мілінкевічам кіруе жонка». Плошча-2006 вачыма Іны КулейКніга і магчымасьць ананімнасьці
Летась размовы з ляўрэатамі прэміі «Голас пакаленьня свабоды» былі сабраныя ў асобную кнігу, зь якой можна азнаёміцца ў электронным выглядзе на сайце Беларускага ПЭНу, а друкаваную вэрсію кнігі, якая з’явілася пазьней, замовіць па пошце. Тацьцяна Нядбай распавяла пра асабістыя ўражаньні ад размоваў, сабраных у першай кнізе «Галасоў».
«Мы паспрабавалі праз гэтыя інтэрвію зразумець, як у савецкая сыстэме, якая была пабудаваная на канфармізьме і падаўленьні іншадумства, вырасьлі людзі, якія пасьля дзесяцігодзьдзямі баранілі беларускую культуру, свабоду слова, правы чалавека. Мяне вельмі ўражваюць дробныя дэталі. Напрыклад, адзін з герояў рабіў хатнія заданьні ў вёсцы пры газавай лямпе, бо тады ў вёсцы яшчэ не было электрычнасьці. Пазьней гэты герой стаў вядомым палітолягам. Іншая гераіня, будучы мэдалісткай, паступіла ва ўнівэрсытэт, але кінула яго і паехала вандраваць аўтастопам. Пазьней яна стала адной з найбольш вядомым беларускіх экалягіняў. Такія дэталі мне найбольш цікавыя.
Але наогул я б сказала, што такія размовы — гэта фіксацыя сьведчаньняў, якія год за годам дзяржаўная цэнзура выцірае з нашай калектыўнай памяці. Таму і зьяўляецца радасьць, што гэтыя важныя рэчы застануцца ў памяці праз такую кнігу», — сказала Тацьцяна Нядбай.
Ад імя заснавальнікаў прэміі літаратарка запэўніла, што падобная кніга выйдзе і ў 2026 годзе.
Сёлета прэміяй «Голас пакаленьня свабоды» будуць уганараваныя дзевяць беларусаў узросту 65+. Як і летась, для пераможцаў ставіцца ўмова адкрытасьці і публічнасьці, але максымальна для трох пераможцаў арганізатары гатовыя зрабіць выключэньне, дазволіўшы ім ананімнасьць.
«Мусяць быць выключэньні, бо мы ня можам ствараць дадатковыя рызыкі для іх саміх, іхных сем’яў і калег, якія застаюцца ў Беларусі», — патлумачыла ананімнасьць кіраўніца Беларускага ПЭНу.
Паводле Тацяцяны Нядбай пры наяўнасьці аргумэнтаваных прычын імя ляўрэата альбо ляўрэаткі прэміі будзе зашыфраванае і не апублічанае.
«У новы зборнік інтэрвію ўвойдуць размовы толькі з публічнымі ляўрэатамі, але пагаворым мы з усімі, і пазьней будзем яшчэ вырашаць, што рабіць», — сказала Тацьцяна Нядбай.
Якая грашовая частка прэміі і як праводзяць намінацыю на прэмію?
Фінансавы памер прэмія «Голас пакаленьня свабоды» — некалькі тысяч эўра, сказала Тацьцяна Нядбай, але ўстрымалася ад больш дакладнага пазначэньня. Паводле правілаў, вылучыць кандыдатаў на атрыманьне ўзнагароды можна праз зварот да арганізацый-партнэраў, сьпіс і адрасы якіх ёсьць на сайце Беларускага ПЭНу. Кожнае вылучэньне мусіць мець падрабязнае апісаньне дасягненьняў кандыдата з абгрунтаваньнем, папярэджваюць арганізатары конкурсу.
Намінаваць можна да 31 ліпеня 2026 года ўключна. Абвяшчэньне ляўрэатаў адбудзецца восеньню 2026 году. Кнігу «Голас пакаленьня свабоды» можна прачытаць тут альбо замовіць тут.