Унівэрсытэт у Інсбруку падоўжыў стыпэндыі для беларусаў пад патранажам Ціханоўскай на 2027 год

Сьвятлана Ціханоўская пасьля выступу ва ўнівэрсытэце MCI (Цэнтар мэнэджмэнту ў Інсбруку). 2023 год

Школа бізнэсу ў Інсбруку (Аўстрыя) у 2023 годзе запусьціла стыпэндыяльную праграму для беларусаў пад патранажам Сьвятланы Ціханоўскай. Цяпер яе працягнулі на 2027 год.

Пра новы набор для беларускіх абітурыентаў паведаміла Школа бізнэсу ў Інсбруку (MCI University, Management Center in Innsbruck).

Праграма пад патранажам Сьвятланы Ціханоўскай прызначаная для людзей з досьведам дзейнасьці ў сфэры дэмакратыі, правоў чалавека, належнага кіраваньня і вяршэнства права. Стыпэндыя даступная для англамоўных бакалаўрскіх і магістарскіх праграм.

Стыпэндыя пакрывае на 90 працэнтаў аплаты за навучаньне ў гэтым прэстыжным ВНУ, пасьля заканчэньня магістарскай праграмы выпускнік атрымлівае дыплом МВА.

Беларусы, якія плянуюць пачаць навучаньне восеньню 2027 года, могуць падацца на стыпэндыяльную праграму Цэнтра мэнэджменту Інсбрука (MCI) да 31 сакавіка 2027 года.

«Спрыяць свабодзе, дэмакратыі, добраму кіраваньню і вяршэнству закона — гэта сумесная місія Сьвятланы Ціханоўскай і MCI. Гэтая стыпэндыя пад патранатам Сьвятланы Ціханоўскай падтрымлівае грамадзян Беларусі і іншых краін Усходняй Эўропы, якія не ўваходзяць у ЭЗ і займаюцца дзейнасьцю, зьвязанай з гэтай важнай задачай, дазваляючы ім вучыцца па зьніжанай плаце за навучаньне ў памеры 1500 эўра ў год», — паведамляе сайт Школы.

Што важна ведаць аб праграме навучаньня

Школа бізнэсу ў Інсбруку — гэта адзін з найбольш прэстыжных унівэрсытэтаў цэнтральнай Эўропы, які спэцыялізуецца на падрыхтоўцы спэцыялістаў бізнэс- і дзяржаўнага кіраваньня.

У межах праграмы беларускія студэнты могуць атрымаць ступень бакаляўра ці магістра па наступных кірунках: «Бізнэс і менеджмэнт», «Прадпрымальніцтва, турызм і адпачынак», «Біятэхналёгіі», «Бізнэс-псыхалёгія і мэнэджмэнт», «Экалагічная, тэхналягічная і энэргетычная інжынэрыя», «Міжнародны бізнэс і права», «Міжнародны бізнэс і мэнэджмэнт», «Міжнародны мэнэджмэнт аховы здароўя», «Мэнэджмэнт, камунікацыя і ІТ», «Мэхатроніка і разумныя тэхналёгіі», «Мэдыцынскія тэхналёгіі», а таксама MBA «Агульнае кіраваньне».

Праграма распаўсюджваецца на першы год адпаведнай бакаляўрскай і магістарскай праграмы і можа быць прадоўжана на наступныя гады навучаньня пасьля пасьпяховага завяршэньня і станоўчай ацэнкі першага навучальнага года.

Фінансавая каштоўнасьць стыпэндыі ў тым, што яна пакрывае значную частку платы за навучаньне, зьніжаючы яе да ўсяго 1500 эўра ў год (стандартная плата за навучаньне перавышае 15 000 эўра).

Стыпэндыя пакрывае да 90% кошту навучаньня, выдаецца на год, магчымы працяг пры ўмове добрых адзнакаў.

Вядома, што ў 2024 годзе стыпэндыю атрымала пяць беларусаў, зьвестак пра 2025 год год з мэтаў бясьпекі пакуль няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Аўстрыйскі ўнівэрсытэт запусьціў стыпэндыяльную праграму для беларусаў пад патранажам Ціханоўскай