Дата дня
21 ліпеня 2011 году памёр Казімер Сьвёнтак, мітрапаліт Менска-Магілёўскі (1991–2006), першы кардынал у гісторыі незалежнай Беларусі.
За савецкім часам Сьвёнтак 10 гадоў (1944–1954) быў вязьнем сталінскіх лягераў у Сібіру. Вярнуўся ў 1954-м у Пінск і пачаў служыць у францішканскім касьцёле. Адмовіўся выяжджаць у Польшчу. Не атрымаўшы рэабілітацыі, усё жыцьцё пісаў у анкетах, што мае суджанасьць.
Кардынал Сьвёнтак у 1993 годзе быў ініцыятарам канцэпцыі мэмарыялізацыі Курапатаў, якую падпісаў на яго даручэньне ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.
Казімер Сьвёнтак пахаваны ў Пінскім катэдральным саборы Ўнебаўзяцьця Дзевы Марыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Мэлёдыя драўлянай лыжкі». Цікавінкі і неспадзяванкі з кнігі ўспамінаў першага кардынала Беларусі Казіміра СьвёнтакаТаксама ў гэты дзень
356 да н. э. — Герастрат спаліў храм Артэміды ў Эфэсе.
1567 — на сьвітанку войска ВКЛ на чале з Раманам Сангушкам разьбіла маскоўскі корпус ваяводы Пятра Сярэбранага каля Чашнікаў. Гэта сарвала пляны Крамля збудаваць там крэпасьць.
1613 — каранацыя Міхаіла Фёдаравіча, першага маскоўскага цара з дынастыі Раманавых.
1831 — Леапольд І стаў манархам Бэльгійскага каралеўства, дата сьвяткуецца як Дзень Бэльгіі.
1917 — у Менску пачаўся Зьезд беларускіх арганізацыяў і партыяў, які ўтварыў Цэнтральную Раду беларускіх арганізацыяў. У склад выканаўчага камітэту былі абраныя Ўладзімер Галубок, Язэп Лёсік, Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.), Аркадзь Смоліч, Усевалад Фальскі.
1930 — у час навуковай экспэдыцыі ў Сібіру Томскае ДПУ арыштавала Вацлава Ластоўскага — пісьменьніка, гісторыка, мовазнаўцу, этнографа і былога прэм’ер-міністра БНР. Яму інкрымінавалі ўдзел у сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». У сьнежні пазбавілі званьня акадэміка, а ў 1931-м выслалі на 5 гадоў у Саратаў. У 1937 годзе арыштавалі паўторна і ў студзені 1938-га расстралялі. У расстрэльнай справе яго рэабілітавалі ў 1958-м, у справе «СВБ» — у 1988-м, у званьні акадэміка аднавілі ў 1990 годзе.
Вацлаў Ластоўскі. Мэмарыяльная дошка ў Вільні на доме, у якім ён жыў
1960 — катастрофа самалёту Іл-12 у Менску. Загінулі 8 чалавек.
1969 — першы зямлянін, амэрыканскі астранаўт Ніл Армстранг, ступіў на Месяц. Армстранг разам з астранаўтам Эдвінам Олдрынам зьдзейсьніў пасадку карабля «Апалён-11» на Месяц днём раней — 20 ліпеня 1969 году.
1983 — на антарктычнай станцыі «Ўсход» была зафіксаваная найніжэйшая тэмпэратура на Зямлі за ўсю гісторыю назіраньня: −89,2°C.
1995 — пачало працу „Радыё 101.2“.
1999 — апоўдні мастак Алесь Пушкін зладзіў пэрформанс — вывернуў тачку з гноем каля адміністрацыі прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як Алеся Пушкіна судзілі за тачку гною для Лукашэнкі. Знакамітаму пэрформансу спаўняецца 25 гадоўУ гэты дзень нарадзіліся
356 да н. э. — Аляксандар Македонскі, манарх Македоніі, вайскавод, стваральнік усясьветнай імпэрыі.
1816 — Паўль фон Ройтэр, заснавальнік найбуйнейшага сучаснага брытанскага інфармацыйнага агенцтва Reuters.
1860 — Антон Каменскі, беларускі, польскі і францускі ілюстратар і графік.
1863 — Уладзімер Красьнянскі, беларускі гісторык і краязнавец, аўтар першай манаграфіі пра Амсьціслаў, дзе ён працаваў дырэктарам мужчынскай гімназіі. У Менску ўваходзіў у Камісію гісторыі мастацтва, якую ўзначальваў Мікола Шчакаціхін.
1891 — Сымон Кандыбовіч, беларускі дзяржаўны дзяяч, гісторык.
1897 — Васіль Сакалоўскі, савецкі вайскавод, маршал Савецкага Саюзу, ураджэнец Беларусі.
1899 — Эрнэст Гэмінґуэй, амэрыканскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры за 1954 год.
Эрнст Хэмінгуэй
1929 — Віктар Каваленка, літаратуразнавец.
1949 — Фёдар Балабайка, танцор, саліст ансамблю „Харошкі“.
У памяці
1944 — Кляўс Шэнк фон Штаўфэнбэрг, палкоўнік нямецкай арміі, адзін з арганізатараў і выканаўца замаху на Адольфа Гітлера (пакараны сьмерцю).
Кляўс Шэнк фон Штаўфэнбэрг
1945 — Міхал Анцаў, кампазытар і хормайстар.
1992 — Зьдзіслаў Стома, беларускі актор тэатру і кіно, народны артыст Беларусі.
1994 — Уладзіслаў Рубанаў, пісьменьнік.
2008 — Пятро Рашэтнік, сябра СБМ, ахвяра палітычных рэпрэсіяў, вэтэран нацыянальнага руху.