Менск зноў пашырыцца. Раней улады абяцалі разьвіваць гарады-спадарожнікі замест пашырэньня сталіцы

Плян разбудовы Зялёнага Бору, супраць якога пратэставалі больш за тысячу жыхароў

Улады апублікавалі свае пляны шырокамаштабнага будаўніцтва ў раёне Зялёны Бор.

Да 952 тыс. квадратных мэтраў жыльля плянуюць узьвесьці да 2030 году ў новым менскім мікрараёне Зялёны Бор. Такім чынам, яго жылая забудова пашырыцца да 2,9 млн кв. м.

Як піша агенцтва «Менск-Навіны», будаўніцтва хочуць пачаць у канцы 2026 году.

Плошча тэрыторыі складае амаль 1,9 тыс. га. Мясцовасьць разьмешчаная прыкладна за 3 км ад МКАД, уздоўж пэрспэктыўнага напрамку да Нацыянальнага аэрапорту Менск. Большая частка гэтых зямель адносіцца да ляснога фонду Менскай лесапаркавай гаспадаркі і пакуль звыш 80% тэрыторыі пакрытае драўняна-хмызьняковай расьліннасьцю.

Ляндшафт Зялёнага Бору ўтварыўся невыпадкова. Доўгі час тут разьмяшчаўся ваенны палігон. Пасьля спыненьня яго выкарыстаньня зямлю перадалі ў склад ляснога фонду, і яна амаль не зазнавала гаспадарчага засваеньня, заўважае газэта «Белорусы и рынок».

Аб мясцовасьці, дзе вырашылі пабудаваць жылы масіў «Зялёны Бор», упершыню сур’ёзна загаварылі ў пачатку 2010-х. Тады плянавалася прыцягнуць да засваеньня тэрыторыі прыватнага інвэстара: свой удзел разглядала група «Юнівест-М» Анатоля Тарнаўскага. Аднак затым праект згарнулі.

У апошнія некалькі гадоў менскія ўлады зноў вярнуліся да абмеркаваньня праекту.

Што хочуць зрабіць?

Будаўніцтва разьлічанае на некалькі этапаў. Першы — да 2030 году. За гэты час плянуецца сфармаваць некалькі жылых кварталаў агульнай плошчай каля 952 тыс. кв. м жыльля. Там хочуць пасяліць каля 36,5 тыс. жыхароў.

Далей, як задумана ў пляне, раён працягне разьвівацца: праектная плошча шматкватэрнага жыльля перавысіць 2,9 млн кв. мэтраў, а агульная плошча ўсіх аб’ектаў, у тым ліку грамадзкая і вытворчая забудова, складзе больш за 4 млн кв. м.

Адным з галоўных прынцыпаў праекту стала стварэньне асяродзьдзя, у якім жыхарам не давядзецца пастаянна пакідаць раён для разьвязаньня бытавых праблем. Тут прадугледжаныя школы, дзіцячыя садкі, мэдыцынскія ўстановы, спартовыя і культурніцкія аб’екты.

У пэрспэктыве плянуюць узвесьці чатыры дзіцячыя садкі агульнай зьмяшчальнасьцю больш як 1 тыс. месцаў, школы прыкладна на 1 тыс. навучэнцаў, станцыю хуткай мэдыцынскай дапамогі, паліклінікі, лякарню, аб’екты гандлю і бытавога абслугоўваньня. Акрамя таго, у раёне створаць спартовыя збудаваньні, пажарную частку і грамадзкія прасторы. Прынамсі, так гэта выглядае на паперы ў больш далёкім пляне разбудовы Зялёнага Бору.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Піяр для ўладаў ці транспартная неабходнасьць. Колькі Беларусі каштуе будоўля менскага мэтро

Пратэсты супраць разбудовы Зялёнага Бору

Зялёны Бор раней ужо фігураваў у чыноўніцкіх плянах разбудовы Менску. Тэрыторыю, якая належала раней Менскаму раёну, з мэтай далейшае разбудовы нават далучылі да сталіцы.

Суседзямі новага раёну маюць быць Калодзішчы-2, «Нотынгем», гольф-комплекс і жыльлёвы комплекс «Зялёная гавань». Чакаецца, што «Зялёны бор» будзе знаходзіцца на пэрспэктыўнай трасе да Нацыянальнага аэрапорту і стане «ўязным сталічным раёнам з выразным архітэктурна-мастацкім рашэньнем забудовы».

Архітэктурна-горадабудаўнічая рада паведаміла, што падчас грамадзкага абмеркаваньня праекту паступіла 50 зваротаў ад грамадзян і 3 калектыўныя, якія зьмяшчаюць 1220 подпісаў. Жыхары Калодзішчаў-2 выступілі супраць разьмяшчэньня новай забудовы, выказаўшы пяць канкрэтных прэтэнзій. Але чыноўнікі адпрэчылі кожную зь іх пад рознымі падставамі.

Раён злучала зь Менскам толькі двухпалосная дарога з Уручча. Цяпер, калі пляны забудаваць Зялёны Бор увасобяцца, дарог будзе значна больш. На пратэсты і заўвагі жыхароў улады ўжо даўно рэагуюць адмовамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Больш за 1200 грамадзян выступілі супраць праекту забудовы мікрараёну Зялёны Бор. Але чыноўнікі адкінулі іхныя заўвагі

Лукашэнка супраць пашырэньня Менску. Словы і рэчаіснасьць

Аляксандар Лукашэнка раней неаднаразова зьвяртаў увагу на тое, што Менск незвычайна разросься, і замест яго пашырэньня трэба разьіваць рэгіёны. А сталічную прастору падмацуюць па-новаму ўладкаваныя гарады-спадарожнікі — Фаніпаль, Смалявічы і іншыя.

У прыватнасьці, нелегітымны кіраўнік дзяржавы быў рэзка супраць забудовы раёнаў за Менскай кальцавой і Калодзішчаў у прыватнасьці. Яшчэ ў 2016 годзе ён заявіў, што трэба спыняць забудову Сеніцы і Калодзішчаў, бо гэта «тое ж самае, што забудоўваць Менск». Забудова, аднак, пасьля гэтых словаў нават не спынялася, і ў выніку Сеніца істотна пашырыла Менск.

У ліпені 2020 году на сустрэчы зь менскім «актывам» Лукашэнка заявіў: «Нам ні ў якім разе нельга дапусьціць перанасяленьня Менску. За першую кальцавую дарогу — ані кроку!». Ён таксама загадаў не забудоўваць паркі і зялёныя зоны, падкрэсьліваючы, што насельніцтва гораду не павінна перасягнуць 2 мільёны чалавек.

Але менш чым праз год — у траўні 2021 году Лукашэнка адзначыў, што Менск перавысіў плянку ў 2 мільёны жыхароў. Пры гэтым ён працягнуў казць пра перанаселенасьць і пляны дзяржавы на іншыя рэгіёны. Лукашэнка падкрэсьліваў, што «горад не гумовы», будаўніцтва ў Менску прыводзіць да затораў, забруджваньня паветра і стварае праблемы з рабочай сілай.

Будаўніцтва і стварэньне новых кварталаў, тым ня менш, працягнулася і тады. У кастрычніку 2024 году Лукашэнка загаварыў нават пра «расьсяленьне насельніцтва» ў гарады-спадарожнікі. Тады ён ізноў сказаў, што перанасяленьне Менску «не на карысьць тым людзям, якія жывуць у Менску, у тым ліку не на карысьць тым, хто хоча прыехаць у сталіцу».

Але ўжо менш чым праз год, у жніўні 2025-а ён падпісаў распараджэньне збудаваць у Менску 4 мільёны квадратных мэтраў жыльля, і ў пляны быў якраз уключаны Зялёны Бор, разбудове якога сам жа Лукашэнка шмат разоў супраціўляўся. Што тычыцца плянаў разьвіцьця гарадоў-спадарожнікаў, дык большасьць зь іх правалілася, нягледзячы на абяцаньні ўладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка прапанаваў правесьці чыгунку ў Лагойск. Чаму гарады-спадарожнікі не растуць, як плянавалі чыноўнікі?