Расейскія войскі ў ноч на 17 ліпеня нанесьлі ракетны ўдар па Адэсе, загінулі два чалавекі. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер.
Пашкоджаныя 11 жылых дамоў, у тым ліку трохпавярховы жылы дом, і аўтамабілі. Пацярпелі 10 чалавек, у тым ліку двое дзяцей.
Паводле Дзяржаўнай службы Ўкраіны па надзвычайных сытуацыях, сярод загінулых жанчына, якая падчас нападу гуляла ў парку з дзецьмі. У Адэскім раёне разбураны будынак СТА, таксама гарэлі аўтамабілі.
У ноч на 17 ліпеня Расея запусьціла па Ўкраіне супрацьрадыёлякацыйную ракету Х-31П, сем ракет Х-59/69 і 130 бесьпілётнікаў; украінскія вайскоўцы зьбілі пяць кіраваных ракет і 115 дронаў, паведамілі ў Паветраных сілах УСУ.
У Мінабароны Расеі заявілі, што атакавалі Адэскую вобласьць «высокадакладнай зброяй паветранага базіраваньня і ўдарнымі бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі».
- Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны мэтанакіраваныя.
- Абстрэл сыстэмаў жыцьцезабесьпячэньня і ўстановаў аховы здароўя з мэтай пазбавіць людзей электрычнасьці, цяпла, забесьпячэньня вадой, сувязі, мэдычнай дапамогі і іншых неабходных для жыцьця ўмоваў — прыкмета генацыдных дзеяньняў.
- Крэмль адмаўляе, што расейская армія падчас паўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.