Ці заменяць узбэкі беларусаў? Карбалевіч пра новы міграцыйны экспэрымэнт Беларусі

Прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам падчас візыту ў Менск, 10 ліпеня 2026 году

Сьцісла

  • Масавая эміграцыя беларусаў наклалася на дэмаграфічную яму. Дэфіцыт рабочых рук стаў тормазам эканамічнага разьвіцьця Беларусі.
  • Дасюль спробы прыцягнуць работнікаў з-за мяжы ня мелі вялікіх посьпехаў.
  • Улады Беларусі прапануюць узбэкам асвоіць цэлыя беларускія рэгіёны. Прычым, ідзецца пра арганізацыю вялікіх эканамічных праектаў на міждзяржаўным узроўні.
  • На шляху да ажыцьцяўленьня гэтых плянаў існуе шмат праблем. Найперш, у Беларусі дрэнны інвэстыцыйны і бізнэс-клімат.
Улады ўсьвядомілі праблему дэфіцыту працоўных рэсурсаў і спрабуюць яе вырашыць за кошт замежнікаў. Адрозьненьне праекту па прыцяганьню ўзбэкаў ад папярэдніх падобных задумаў палягае ў даволі хуткай рэалізацыі дамоўленасьцяў паміж дзяржавамі і ў маштабных плянах міждзяржаўнага супрацоўніцтва.

Недахоп рабочых рук як праблема

Дэфіцыт працоўных рэсурсаў рэзка абвастрыўся пасьля 2020 году. Масавая эміграцыя беларусаў (больш 500 тыс. чалавек), выкліканая палітычнымі рэпрэсіямі, пагрозай уцягваньня Беларусі ў вайну, эканамічнымі матывамі, наклалася на дэмаграфічную яму. Беларусь мае адзін з найніжэйшых паказьнікаў нараджальнасьці ў Эўропе. Улады толькі цяпер усьвядомілі гэта як праблему. І спрабуюць яе вырашыць, як могуць і ўмеюць.

Самым аптымальным варыянтам было б вярнуць у краіну беларусаў. Для гэтага трэба было б спыніць палітычныя рэпрэсіі, нармалізаваць адносіны з суседзямі і гэтак далей. Але для Аляксандра Лукашэнкі такі варыянт непрымальны, бо ён пагражае ягонай уладзе. Таму стаўка робіцца на тое, каб запрасіць у Беларусь замежнікаў.

Тэма прыцягненьня працоўных імігрантаў зь іншых краін — ня новая для Беларусі. Былі і ранейшыя спробы ў гэтым пляне.

Напрыклад, калі ў 2010-х гадах пачыналася будаўніцтва беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку «Вялікі камень», то абмяркоўвалася пытаньне прыцягненьня работнікаў з Кітая. Беларускія чыноўнікі разважалі нават пра зьяўленьне пад Смалявічамі нейкага ўмоўнага «Кітай-гораду». Паколькі Кітай даваў Беларусі зьвязаныя крэдыты, якія прадугледжвалі прыцяганьне рабочых рук з КНР, то кітайцы тут зьяўляліся, працавалі (напрыклад, на будаўніцтве Сьветлагорскага ЦКК), а пасьля заканчэньня праекту зьяжджалі.

Потым была шумная гісторыя пра 150 тысяч пакістанцаў, якіх запрашалі ў Беларусь. Аднак задума не рэалізавалася па шмат якіх прычынах. Мінулым годам у Беларусь прыехалі толькі 560 пакістанцаў.

Падчас візыту Лукашэнкі ў КНДР сёлета ў сакавіку абмяркоўвалася пытаньне пра прыцяганьне ў Беларусь карэйскіх рабочых. Аднак пакуль няма ніякай інфармацыі пра ажыцьцяўленьне гэтых намераў.

Пляны прыцягнуць працоўную сілу з Узбэкістану

Адрозьненьне праекту па прыцяганьні ўзбэкаў ад папярэдніх падобных задумаў палягае ў даволі хуткай рэалізацыі дамоўленасьцяў паміж дзяржавамі і ў маштабных плянах супрацоўніцтва. Не прайшоў і тыдзень пасьля візыту ў Менск прэзыдэнта Ўзбэкістану Шаўката Мірзіёева, як у Беларусь прыехаў кіраўнік Андзіжанскай вобласьці Шухратбек Абдурахманаў і 255 першых работнікаў адтуль. Дамовіліся аб прыезьдзе яшчэ 5 тысяч чалавек з гэтай вобласьці. Яны маюць прыяжджаць ад верасьня па 500 чалавек на месяц.

Калі спачатку гаворка ішла толькі пра тое, што ўзбэцкі бізнэс атрымае 8 тыс. га сельгасугодзьдзяў пад вырошчваньне жывёлы ў Віцебскай вобласьці, то цяпер пляны большыя. Заплянавана будаўніцтва перапрацоўчых прадпрыемстваў. На тэрыторыі Бешанковіцкага раёну ўзбэцкі бок возьме 2 тыс. га для вырошчваньня бульбы. Таксама падабрана пляцоўка пад будаўніцтва з удзелам інвэстыцый з Узбэкістану сучаснай дрэваапрацоўчай вытворчасьці. Акрамя таго, узбэцкі бок мае стварыць будаўнічы трэст, які будзе займацца будаўніцтвам і рамонтам узбэцкіх аб’ектаў. Плянуецца абсталяваньне турыстычнай базы для адпачынку грамадзян Узбэкістану.

Зьвяртаючыся да Абдурахманава, Лукашэнка заявіў:

«Ты на Віцебскай вобласьці асабліва не зацыклівайся. У нас ёсьць цэлы... паўднёвы ўсход Магілёўскай вобласьці... Там бяры гэтую ўсю тэрыторыю вырабляй... А далей ну што табе гэтыя сем ці восем раёнаў?».

Ідзецца не пра стыхійны прыезд неарганізаваных замежных грамадзян, як тое было ў выпадку запрашэньня пакістанцаў, а пра арганізацыю вялікіх эканамічных праектаў на міждзяржаўным узроўні, з удзелам дзяржаўных органаў двух краін.

Што з гэтых грандыёзных плянаў рэалізуецца, невядома. Але тут ідзецца ўжо не пра нейкі пасёлак ці гарадок, а пра цэлыя беларускія рэгіёны, якія прапануецца асвоіць узбэкам. Гэта новая зьява для Беларусі, якую давядзецца ацэньваць і аналізаваць ня толькі з эканамічнага, але і з сацыяльнага і псыхалягічнага гледзішча.

Праблемы і перашкоды

На шляху ажыцьцяўленьня гэтых плянаў існуе шмат праблем. Найперш, у Беларусі дрэнны інвэстыцыйны і бізнэс-клімат. Беларускі бізнэс улады душаць. Прыватная ўласнасьць на зямлю забаронена. Калі даць свабоду беларускім кампаніям, фэрмэрам, то, магчыма, не спатрэбілася б запрашаць замежнікаў.

Таксама Беларусь выглядае ня надта прывабнай краінай для працоўных мігрантаў. Тут невысокія заробкі, нават у параўнаньні з Расеяй. І група ўзбэцкіх работнікаў ужо паскардзілася ў сацыяльных сетках на нізкія заробкі ў Беларусі.

У Беларусі складана легалізавацца і атрымаць грамадзянства. А вось выгнаць замежніка вельмі лёгка.

У любым выпадку асноўныя сацыяльна-эканамічныя праблемы Беларусі імігранты з Узбэкістану ня вырашаць. Беларусы, якія выехалі з краіны — гэта высокакваліфікаваныя работнікі (айцішнікі, бізнэсоўцы, дактары і інш.) А плянаваныя працоўныя імігранты — гэта пераважна людзі нізкай кваліфікацыі. Замена не раўнацэнная.