У Беларусі за кратамі застаюцца 42 палітвязьні, якія дасягнулі пэнсійнага ўзросту

Турма ў Горадні. Архіўнае фота

На 14 ліпеня ў Беларусі трымаюць у зьняволеньні як мінімум 57 палітвязьняў пэнсійнага і перадпэнсійнага ўзросту (старэйшых за 60 гадоў), 42 зь іх дасягнулі афіцыйнага пэнсійнага ўзросту — 63 гады для мужчын і 58 гадоў для жанчын.

Дзевяці зь іх споўнілася 70 гадоў. Цяжкі стан здароўя і ўзрост не абаранілі гэтых людзей ад крымінальнага перасьледу. «Вясна» нагадала гісторыі гэтых палітвязьняў.

Паводле «Вясны», у Беларусі на 14 ліпеня 2026 году:

  • агулам за кратамі трымаюць 57 палітвязьняў пэнсійнага і перадпэнсійнага ўзросту (старэйшых за 60 гадоў);
  • зь іх мінімум 42 палітвязьні, якія ўжо дасягнулі агульнага пэнсійнага ўзросту;
  • сярод палітвязьняў-пэнсіянэраў 24 мужчыны і 18 жанчын;
  • 32 чалавекі маюць узрост 60 гадоў і больш, у тым ліку дзевяць — 70 гадоў і больш;
  • яшчэ 10 чалавек блізкія да 60-гадовага ўзросту: гэта жанчыны, якія ўжо маюць права на пэнсію паводле ўзросту, а таксама былыя супрацоўнікі сілавых структураў, што атрымліваюць пэнсію за выслугу гадоў.
  • яшчэ 15 палітвязьняў — мужчыны ва ўзросьце ад 60 да 62 гадоў. Паводле беларускага заканадаўства, яны пакуль не дасягнулі агульнага пэнсійнага ўзросту, які для мужчын складае 63 гады.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Палітвязень Вацлаў Арэшка сустрэў за кратамі 71-ы дзень нараджэньня. Калядную паштоўку яму візуальна апісвалі іншыя

Палітвязьні, старэйшыя за 70 гадоў

Зь дзевяці палітзьняволеных, старэйшых за 70 гадоў, большасьць маюць сур’ёзныя праблемы здароўя, адзначаюць праваабаронцы.

Міхаіл Ляпейка — найстарэйшы палітвязень, у лютым яму споўнілася 78 гадоў. У 2021 годзе мужчыну судзілі паводле артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу («абраза Лукашэнкі») і накіравалі на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным шпіталі. Актуальнае месца знаходжаньня палітвязьня невядомае, зазначаюць праваабаронцы.

77-гадовага пэнсіянэра з Хвойнікаў Анатоля Кірэйчыка асудзілі на 3 гады і шэсьць месяцаў зьняволеньня з штрафам 100 базавых велічыняў. Яго абвінавачвалі паводле шэрагу артыкулаў, уключна з артыкулам 369 КК («абраза прадстаўніка ўлады») і частка 2 артыкулу 295 КК («незаконнае захоўваньне боепрыпасаў»). Да суду, які адбыўся ў чэрвені 2024 году, пэнсіянэра трымалі ў СІЗА № 3 у Гомлі, цяперашняе месца знаходжаньня асуджанага высьвятляецца.

Больш за чатыры гады за кратамі трымаюць актывіста прафсаюзу РЭП Вацлава Арэшку, якому ў студзені споўніўся 71 год. Арэшка асуджаны на восем гадоў няволі ў справе беларускіх незалежных прафсаюзаў. За час зьняволеньня ў актывіста пагоршылася здароўе, ён амаль страціў зрок, мае праблемы з судзінамі, але інваліднасьць у калёніі яму не афармляюць.

Летась на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні пра Арэшку расказаў былы палітвязень Аляксандар Манцэвіч, які адбываў тэрмін у калёніі № 22, дзе трымаюць Вацлава Арэшку. Паводле Манцэвіча, Арэшка ўжо на той момант амаль нічога ня бачыў, хоць раней чытаў кнігі.

«Яму дапамагаюць іншыя вязьні. Ідучы пад руку ў сталоўку, Вацлаў пытае, ці ёсьць на небе сонца. Як ходзіць уначы ў прыбіральню, то бывае, што спатыкаецца і падае, бо дрэнна бачыць», — расказаў Аляксандр Манцэвіч пра Арэшку.

72-гадовага пенсіянера з Ляхавічаў Барыса Вітко паводле палітычных артыкулаў судзілі двойчы. У 2022 годзе пэнсіянэру прызначылі два гады «хатняй хіміі» паводле артыкулу 391 («абраза судзьдзі ці народнага засядацеля»). Праз паўтара году палітвязьню выставілі новыя абвінавачаньні паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з артыкулам 368 КК («абраза Лукашэнкі») і ў выніку прызначылі сем гадоў і тры месяцы калёніі з штрафам 300 базавых велічыняў. Палітвязень адбывае пакараньне ў ПК-17 у Шклове. Праваабаронцам стала вядома, што ў няволі Барыс Вітко перанёс інсульт.

72‑гадовы Аляксандар Катлянік быў затрыманы ў лютым 2025 году. Менскі гарадзкі суд у красавіку 2026 году асудзіў Аляксандра Катляніка паводле часткі 3 артыкулу 361 КК («заклікі да дзеяньняў на шкоду нацыянальнай бясьпецы») і часткі 3 артыкулу 361‑1 КК («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»). Мужчыну прысудзілі чатыры гады калёніі, а таксама штраф. Вядома, што палітвязень у няволі мае праблемы здароўя.

Палітзьняволенай Ірыне Мельхер у жніўні споўніцца 71 год, жанчына шосты раз будзе адзначаць дзень народзінаў за кратамі. У 2022 годзе Ірыну Мельхер асудзілі ў «справе Аўтуховіча» на 17 гадоў калёніі і вялікі штраф. У Ірыны сурʼёзныя праблемы здароўя. Сваякі здолелі перадаць ёй адмысловыя пампэрсы, але яны мала ратуюць сытуацыю, бо Ірыне не аказваюць мэдычную дапамогу. Нягледзячы на стан здароўя і ўзрост, Ірына, як і іншыя палітзьняволеныя, мусіць спаць на другім паверсе нараў, куды ёй вельмі цяжка забірацца. Таксама Ірыну пазбаўляюць спатканьняў, на яе аказваюць моцны псыхалягічны ціск, жанчына ў цяжкім маральным стане, адзначаюць праваабаронцы «Вясны».

Праваабаронцу і грамадзкаму актывісту з Мазыра Ўладзімеру Целепуну ў студзені споўнілася 70 гадоў. Яго ўзялі пад варту ў пачатку красавіка 2026 году. Падрабязнасьці абвінавачаньняў дагэтуль невядомыя, але праваабаронцы ня маюць сумневу, што справа мае палітычны характар. Уладзімір Целяпун вядомы сваёй праваабарончай дзейнасьцю і актывізмам у чарнобыльскай тэме. Яшчэ ў 1986 годзе мужчына ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У зьняволеньні Уладзімер Целяпун хварэе на рак, ён моцна схуднеў і мае патрэбу ў сталым назіраньні лекараў-спэцыялістаў.

71-гадовы Ўладзімер Міхайленка да затрыманьня працаваў генэральным дырэктарам ТАА «ГеасІдэал». Мужчыну асудзілі на пяць гадоў зьняволеньня за перавод грошай палку Каліноўскага. Вядома, што Ўладзімер мае шэраг хранічных захворваньняў.

У сьпісе пэнсіянэраў-палітвязьняў, старэйшых за 70 гадоў, — былы юрысконсульт і адвакат зь Нясьвіжу Васіль Дземідовіч, якому ў красавіку споўнілася 74 гады. За чатыры гады зьняволеньня палітвязьня судзілі ня менш за дзевяць разоў, у асноўным паводле артыкулаў аб «абразе» розных прадстаўнікоў улады. Праз частыя суды пэнсіянэр перажыў дзясяткі складаных момантаў. Дакладны тэрмін зьняволеньня Васіля Дземідовіча праваабаронцам невядомы. У іх ёсьць зьвесткі, што на адным з судоў Дземідовічу дакладна прызначылі сем гадоў пазбаўленьня волі. Паводле апошняй інфармацыі пра Васіля Дземідовіча, яго трымаюць у ПК № 22 «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праваабаронцы паведамілі, колькі беларускіх палітвязьняў застаюцца за кратамі ў асаблівай рызыцы