Хроніка перасьледу 14 ліпеня: шматдзетную маці зь Менскага раёну асудзілі па палітычнай справе

Суд у Беларусі. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Праваабаронцы паведамілі пра затрыманьне ў Зэльвенскім раёне каталіцкага сьвятара

«Горадзенскай Праваабароне» стала вядома, што днямі затрымалі каталіцкага сьвятара Юрыя Грыцко. Здарылася гэта ў мястэчку Дзярэчын (Зэльвенскі раён), у парафіі якой служыць ксёндз.

Паводле праваабаронцаў, мясцовыя ўлады патэлефанавалі сьвятару 9 ліпеня і сказалі прыехаць у сельсавет. Калі ксёндз прыехаў, там чакалі міліцыянты і затрымалі яго. 10 ліпеня Грыцко асудзілі да арышту на 15 дзён. Паводле якой справы затрыманы сьвятар пакуль невядома.

Раней стала вядома, што нядаўна ў Беларусі асудзілі грэка-каталіцкага сьвятара.

43-гадовы ўніяцкі сьвятар з Івацэвічаў Віталь Быстроў асуджаны да «хатняй хіміі», паведаміла «Наша ніва». Быстроў шмат гадоў служыў у парафіі ў Івацэвічах. Летась парафію пазбавілі рэгістрацыі, як і шмат іншых грэка-каталіцкіх у краіне, а неўзабаве Быстрова затрымалі і пасадзілі ў СІЗА.

Берасьцейскі абласны суд судзіў яго за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК). Перасьлед зьвязаны са «справай Гаюна». Сьвятару прысудзілі «хатнюю хімію».

Шматдзетную маці зь Менскага раёну асудзілі па палітычнай справе

На 33‑гадовую Эльвіру Ільіну, маці трох дачок і ўладальніцу івэнт-агенцтва, завялі крымінальную справу за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Верагодна, ёй прысудзілі «хатнюю хімію», піша «Наша Ніва».

Эльвіра Ільіна жыве ў Самахвалавічах Менскага раёну, працавала як індывідуальная прадпрымальніца і вяла ўласны бізнэс. Эльвіра кіравала Event Agency Imbir, займалася арганізацыяй і дэкорам сьвятаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 13 ліпеня: да родных Сашы Філіпенкі прыходзілі сілавікі па «справе ЭГУ»

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 7 ліпеня: жыхарку Рэчыцы асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»