Дата дня
14 ліпеня 2021 — арыштавалі праваабаронцаў „Вясны“ Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ўладзя Лабковіча. У сакавіку 2023 году іх асудзілі адпаведна на 10, 9 і 7 гадоў калёніі. Бяляцкі да таго часу ўжо быў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру.
Бяляцкага і Лабковіча вызвалілі 13 сьнежня 2025 году ў межах масавага вызваленьня палітвязьняў і прымусова вывезьлі з краіны.
Стэфановіч выйшаў на волю 19 сакавіка 2026 году разам з чарговай вялікай групай палітвязьняў. Яго таксама вывезьлі ў Літву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сакрэты «Вясны». Расказваем, у якіх умовах праваабарончы цэнтар працаваў пасьля 2020 годуТаксама ў гэты дзень
14 ліпеня 1789 году ў Парыжы была ўзятая турма Бастылія. З гэтай падзеі пачалася Вялікая француская рэвалюцыя.
1500 — бітва на рацэ Ведрашы каля Дарагабужа, самая буйная ў вайне паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам 1500–1503 гадоў, у выніку якой ВКЛ страціла ўсё дняпроўскае левабярэжжа.
1792 — бітва пад Войшкамі на Падляшшы.
1913 — у Вільні заснаванае Беларускае выдавецкае таварыства — галоўнае на той час беларускае кніжнае выдавецтва. Стварыў яго на базе тагачаснай рэдакцыі «Нашай нівы» Іван Луцкевіч разам зь сябрамі.
Іван Луцкевіч
1920 — падчас польска-савецкай вайны Чырвоная армія заняла Вільню, выбіўшы адтуль польскія войскі. Гэта адбылося праз два дні пасьля падпісаньня Маскоўскай дамовы аб прызнаньні правоў Літвы на горад. Напрыканцы жніўня, пасьля паразы пад Варшавай, бальшавікі пакінулі Вільню, і горад перайшоў да літоўскіх уладаў. Аднак ужо 9 кастрычніка Вільню зноў захапілі польскія сілы ў выніку імітаванага „бунту“ генэрала Люцыяна Жалігоўскага. Горад заставаўся ў складзе Польшчы да 1939 году.
1990 — выйшаў указ Міхаіла Гарбачова «Аб дэмакратызацыі і разьвіцьці тэлевізіі і радыёвяшчаньня ў СССР».
2020 — у Менску людзі масава выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Бабарыкі і Цапкалы. Адбыўся амонаўскі „хапун“.
Затрыманьні 14 ліпеня 2020 году
2022 — у Менску агучылі прысуд палітвязьням Зьмітру і Насьце Дашкевічам — 1,5 году калёніі і 3 гады «хатняй хіміі».
У гэты дзень нарадзіліся
1816 — Геранім Марцінкевіч, паэт, празаік і драматург.
1891 — Пятро Бузук, мовазнавец, паэт і празаік, ахвяра сталінізму.
1905 — Пятро Сакол (Пётар Масальскі), беларускі паэт, перакладчык з латыскай і расейскай моваў, вязень ГУЛАГу.
1911 — Павал Пруднікаў, беларускі пісьменьнік.
1918 — Інгмар Бэргман, швэдзкі кінарэжысэр.
1927 — Георгі Штыхаў, беларускі археоляг, гісторык.
Георгі Штыхаў на грамадзкім трыбунале супраць злачынстваў сталінізму.
1942 — Хавіер Саляна, гішпанскі палітык, генэральны сакратар NATO ў 1995–1999 гадах.
У памяці
1938 — Тодар Вернікоўскі, беларускі палітык, сябра ўраду БНР, рэдактар газэт, руплівец беларусізацыі праваслаўнай царквы.
1992 — Аляксей Карпюк, беларускі пісьменьнік, грамадзкі дзеяч.
1994 — Пятро Конюх, беларускі опэрны сьпявак.
2002 — Уладзімер Кармілкін, беларускі фатограф.