Улады прадалі тры абразы, арыштаваныя ў ксяндза Генрыха Акалатовіча

Іньяцыё Чэфалья, Генрых Акалатовіч, Анджэй Юхневіч, Юзаф Станеўскі. Лістапад 2025 году

Улады распрадаюць маёмасьць былога палітвязьня ксяндза Акалатовіча, які выехаў за мяжу.

Улады прадалі тры абразы, арыштаваныя ў ксяндза Генрыха Акалатовіча. Купіць іх захацеў толькі адзін чалавек, таму аўкцыён не адбыўся. Адзіны ўдзельнік пагадзіўся забраць іконы за прапанаваную цану, піша @viasna_brest.

Гаворка пра абразы «Уваскрэсеньне Хрыста з гробу», «Вялікамучаніца Параскева Пятніца» і «Маці Божая Трох Радасьцяў». У апісаньні да лотаў напісана, што гэта арыштаваная маёмасьць, грошы ад яе продажу пойдуць дзяржаве.

На 2 ліпеня таксама быў прызначаны чарговы аўкцыён, дзе прадавалася зямля ксяндза ў мястэчку Новая Мыш (Баранавіцкі раён) — аўкцыён не адбыўся, бо зноў (чацьверты раз) не знайшлося ахвочых.

Раней у ксяндза Акалатовіча ўжо арыштавалі і выстаўлялі на продаж аўтамабіль, зямельны надзел і іншыя старажытныя абразы.

Маёмасьць каталіцкага сьвятара Генрыха Акалатовіча ўлады надалей распрадаюць для пагашэньня нібыта даўгоў пасьля ягонага вызваленьня з турмы і вымушанага выезду зь Беларусі.

Хто такі Генрых Акалатовіч

Сьвятара з Валожына Генрыха Акалатовіча затрымалі 16 лістапада 2023 году. Сёлета 8 красавіка Генрых Акалатовіч сустрэў у зьняволеньні 65 гадоў.

Акалатовіча асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня паводле 356 артыкулу Крымінальнага кодэксу за «здраду дзяржаве». Віны сьвятар не прызнаў. Падчас сьледзтва палітвязень змог паведаміць на волю, што яго абвінавацілі ў «здрадзе» на карысьць Ватыкану і Польшчы, а пра справу сказаў, што «там няма ані слова праўды». Таксама ксёндз падкрэсьліў, што зь дзясяткаў сьведак, сярод якіх ёсьць чыноўнікі і вайскоўцы, ніхто ня даў супраць яго «выкрывальных паказаньняў».

Пра вызваленьне сьвятароў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіча, асуджаных на 11 і 13 гадоў калёніі адпаведна, паведамілі ў лістападзе 2025 году.

Сам сьвятар па-ранейшаму ў Рыме, куды яго вывезьлі разам з айцом Анджэем Юхневічам адразу па вызваленьні. Яны працягваюць аднаўляцца пасьля доўгага зьняволеньня.

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020-га, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026-га складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца сама меней 869 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 24 чэрвеня: з аўкцыёну прадалі лецішча праваабаронцы Хільмановіча. На чарзе яго кватэра