WSJ: былыя «вагнэраўцы» і сын Прыгожына стварылі наркаімпэрыю ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы

Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка. Ілюстрацыйнае фота

Былыя найміты ПВК «Вагнэр» разам з сынам заснавальніка групы Яўгена Прыгожына Паўлам стварылі нелегальны бізнэс у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, піша The Wall Street Journal са спасылкай на дасьледчыкаў і былых наймітаў.

Асновай іх дзейнасьці стала кантрабанда трамадолу — моцнага абязбольвальнага прэпарату, які ў вялікіх дозах выкарыстоўваюць як наркатычны сродак. Паводле выданьня, структуры «Вагнэра» распаўсюджваюць таблеткі з павышанай дозай рэчыва.

Пасьля гібелі Яўгена Прыгожына ў авіякатастрофе ў 2023 годзе каля 500 наймітаў засталіся ў вярхоўях ракі Убангі ў ЦАР. Паводле WSJ, яны наладзілі кантрабанду трамадолу, а таксама нелегальны гандаль лесам і золатам.

Дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што былыя структуры «Вагнэра» фактычна ўзмацнілі ўплыў у ЦАР, праніклі ў мясцовыя сілавыя структуры і падтрымліваюць сувязі з узброенымі групамі.

Якая сувязь зь Беларусьсю

Паводле дадзеных Эўрапейскай рады па міжнародных адносінах, у створаны на базе ПВК «Вагнэр» расейскі «Афрыканскі корпус» Міністэрства абароны РФ, які дзейнічае ў Афрыцы, акрамя расейцаў, могуць вэрбаваць грамадзян Беларусі і некаторых афрыканскіх краінаў.

Пры гэтым пасьля мяцяжу ПВК «Вагнэр» у Расеі і гібелі Яўгена Прыгожына ў 2023 годзе частка наймітаў апынулася ў Беларусі. У ліпені 2023 года сотні «вагнэраўцаў» прыбылі ў Беларусь, дзе праводзілі навучаньне беларускіх сілавікоў і вайскоўцаў. Пазьней частка зь іх пакінула Беларусь і пераехала ў іншыя рэгіёны.

Расейскія ўлады пасьля ліквідацыі структуры Прыгожына перафарматавалі частку былых атрадаў у «Афрыканскі корпус» Мінабароны РФ.

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.