Падзеі 13 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дзень у гісторыі
1260 — адбылася бітва пры Дурбе — войскі жамойтаў перамаглі сілы Тэўтонскага ордэна. Параза ордэна стала штуршком для маштабных паўстаньняў прусаў у 1261–1270 гадах.
1508 — бітва пад Воршай. Ня тая славутая, 1514 году, а папярэдняя, у часе літоўска-маскоўскай вайны 1507-1508 гадоў, якая мела мэтай вызваленьне Смаленску, што быў абложаны маскоўскім войскам. Кіраваў падзеямі тады таксама вялікі гетман Канстанцін Астроскі. Бітву над Дняпром спыніў надыход цемры, і Астроскі меркаваў з новай сілай ударыць на сьвітанку. Аднак маскоўцы ўначы адступілі на ўсход.
1772 — ангельскі мараплавец Джэймз Кук пачаў сваё другое плаваньне вакол сьвету.
1908 — у Лёндане адкрыліся IV Алімпійскія гульні. У іх упершыню ўзялі ўдзел жанчыны.
1947 — у Парыжы міністры замежных спраў 16 эўрапейскіх краін стварылі Камітэт эканамічнага супрацоўніцтва. Гэты крок азначаў афіцыйную згоду Эўропы на ўмовы ЗША і паклаў пачатак практычнай рэалізацыі «Пляну Маршала» па аднаўленьні пасьляваеннай эканомікі.
Джордж Маршал
1990 — каля Гарадка на Падляшшы пачаўся першы Фэстываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча».
Басовішча-2019
1999 — арыштаваны Юры Бандажэўскі, лекар-навуковец, заснавальнік і першы рэктар Гомельскага мэдычнага ўнівэрсытэту, выкрывальнік праўды пра чарнобыльскае забруджаньне. Быў асуджаны на восем гадоў турмы, вызвалены ў 2005-м.
2022 — апошняе слова Зьмітра Дашкевіча ў судзе: „Было б прасьцей, каб мы бачылі перад сабой зьвяроў. А яны ўсьміхаюцца“.
У гэты дзень нарадзіліся
1866 — Напалеон Чарноцкі, беларускі публіцыст, перакладчык.
1941 — Андрэй Андросік, беларускі рэжысэр тэатру.
У памяці
1868 — Канстанцін Тышкевіч, беларускі археоляг, гісторык, этнограф, фальклярыст; адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалёгіі.
1915 — Лявон Гмырак, літаратурны крытык, празаік, аўтар «Нашай Нівы»; загінуў на фронце Першай усясьветнай вайны.
1924 — Альфрэд Маршал, найбольш уплывовы ў свой час ангельскі эканаміст.
2008 — Браніслаў Герэмэк, гісторык, польскі палітык, міністар замежных спраў Польшчы.
Браніслаў Герэмэк