У Беларусі закрылі праект па ўстаноўцы «тараматаў». Гэтыя апараты дазвалялі здаваць плястыкавыя бутэлькі і алюмініевыя слоікі, а наўзамен атрымаць кампэнсацыю, часьцей за ўсё ў выглядзе зьніжкавых купонаў на куплю ў розных крамах.
Паведамленьне аб закрыцьці праекту даслаў сваім карыстальнікам дадатак EcoPlatform. Экасыстэму разьвівае расейская кампанія «Інавацыйная экалягічная плятформа».
Там ёсьць і прычына згортваньня праекту, яго закрываюць з прычыны выдаткаў, якія растуць, а таксама складанай лягістыкі.
За час працы ў Беларусі сабралі звыш 10,5 мільёна слоікаў і бутэлек.
Карыстальнікі неаднойчы інфармавалі, што тараматы працуюць вельмі нестабільна: раз-пораз яны апыналіся паламанымі ці проста не працавалі. Акрамя таго, іх вельмі хутка запаўнялі, а разгружалі ня так часта.
Нарэшце, была і тэхнічная праблема — праграма магла паведамляць карыстачу няслушныя лічбы, і калі той прыходзіў з поўнай сеткай бутэлек і слоікаў да нібы свабоднага тарамату, то часта бачыў на экране, што той перапоўнены або паламаны. З 12 менскіх тараматаў адначасна маглі не працаваць больш за палову.
У дадатку ёсьць сыстэма рэйтынгаў, якая паказвае, колькі слоікаў і бутэлек здалі праз розныя бутэлькаматы. У Менску найвышэйшае дасягненьне паставіў карыстач з подпісам «Ў» з паказьнікам 92 280 слоікаў і бутэлек, заўважыў сайт Blizko.by.
Іншыя спосабы прыёму плястыку
Тараматы былі не адзінай ініцыятывай па прыёме плястыкавых бутэлек. Яшчэ ў сакавіку 2020 году сталы тарамат зьявіўся ў гіпэрмаркеце Green у гандлёвым цэнтры «Скала» на рагу вуліц Прытыцкага і Петруся Глебкі ў Менску. Гэта быў супольны праект «Аліварыі» і сеткі Green.
Між іншым, яшчэ ў 2019 годзе ў краіне павінна была запрацаваць агульнарэспубліканская дэпазытна-закладная сыстэма з тараматамі па ўсёй Беларусі, якія б прымалі слоікі і бутэлькі па трывалым кошце (плянавана 20 капеек). Потым укараненьне сыстэмы адклалі на 2021 год, потым на 2024-й, а затым наогул вырашылі адкласьці надоўга.
Цяпер магчымы тэрмін запуску сыстэмы прыёму плястыку — толькі 2035-ы год. Прычым ніхто гэтага дакладна ня сьцьвердзіў і падрыхтоўкі, відаць па ўсім, не праводзіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Тысячы скаргаў на вулічнае асьвятленьне, вываз сьмецьця і праблемы з ацяпленьнем. Ці ўсе яны задаволеныяЧаму гэта важна?
«Кругазварот» плястыку дапамагае пазьбягаць павелічэньня забруджваньня навакольнага асяродзьдзя. Вядома, што сьвет прадукуе каля 57 млн тон плястыкавага забруджваньня штогод. Гэта вельмі адмоўна адбіваецца на экалёгіі.
Пад плястыкавым забруджваньнем разумеюць плястык, які трапляе ў адкрытае асяродзьдзе, а не ўтылізуецца на сьметніках ці спальваецца. У месцах, дзе пражывае 15% насельніцтва плянэты, улады не зьбіраюць і не ўтылізуюць плястыкавыя адкіды належным чынам, і гэтая праблема асабліва прыкметная ў Паўднёва-ўсходняй Азіі і ў краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары, якія вытвараюць самы вялікі аб’ём плястыкавага сьмецьця. Сюды ўваходзяць 255 мільёнаў жыхароў Індыі, зазначаецца ў дасьледаваньні.
Як паказала дасьледаваньне, апублікаванае Мэдыцынскай школай Гросмана Нью-Ёркскага ўнівэрсытэту ў 2025 годзе, сынтэтычныя хімічныя рэчывы пад назвай фталяты, якія ўтрымліваюцца ў спажывецкіх таварах, такіх як ёмістасьці для захоўваньня прадуктаў, шампуні, касмэтыка, парфума і дзіцячыя цацкі, маглі стаць прычынай больш за 10% усіх выпадкаў сьмяротнасьці ад сардэчна-судзінных захворваньняў у сьвеце ў 2018 годзе сярод мужчын і жанчын ва ўзросьце ад 55 да 64 гадоў.
Тараматы — вялікая праблема і для суседняй зь Беларусьсю Польшчы. Там не адладжана сыстэма прыёму і перапрацоўкі плястыку. Пэўныя зрухі зьявіліся толькі нядаўна, але дакладнай сыстэмы так і не стварылі. У сваю чаргу, у іншай краіне-суседцы, Літве, прыём плястыку ў крамах і гандлёвых цэнтрах даўно стаў звыклай справай.