ЗША настойваюць, што Іран «не кантралюе» Армускую пратоку, яе за месяц прайшло 800 танкераў

Караблі ў Армускай пратоцы, 8 ліпеня 2026 году

Цэнтральнае камандаваньне ЗША заявіла, што важная для транзыту нафты Армуская пратока ёсьць міжнародным водным шляхам і Тэгеран ня мае права кантраляваць яе.

Цэнтральнае камандаваньне ЗША (CENTCOM) настойвае, што Іран «не кантралюе» Армускую пратоку:

«ПРЭТЭНЗІЯ: Іранскія дзяржаўныя СМІ сьцьвярджаюць, што транзыт праз Армускую пратоку дазволены толькі па маршрутах, вызначаных Іранам.

ПРАЎДА: Іран не кантралюе Армускую пратоку. З пачатку траўня амэрыканскія войскі дапамаглі пасьпяховаму транзыту больш за 800 камэрцыйных караблёў і 380 мільёнаў барэляў сырой нафты праз жыцьцёва важны міжнародны гандлёвы калідор», — заявіла камандаваньне.

Тэгеран заявіў, што будзе спаганяць плату за караблі, якія праходзяць гэтым водным шляхам, — прапанова, якую адхіліла большасьць краін сьвету.

Каля 20% усясьветных паставак сырой нафты і газу праходзяць цераз пратоку, якая стала крыніцай высокай напружанасьці паміж ЗША і Іранам.

Абвастрэньне сытуацыі ў Пэрсідзкай пратоцы

Аднаўленьне ўзаемных удараў паміж Іранам і ЗША выклікалі новы сур’ёзны крызіс пасьля падпісаньня ў мінулым месяцы 60-дзённага мэмарандуму аб узаемаразуменьні, накіраванага на спыненьне ваенных дзеяньняў і аднаўленьне аднаго з найважнейшых морскіх маршрутаў у сьвеце.

Вайскоўцы ЗША 9 ліпеня аднавілі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану ў адказ на абмежаваньне навігацыі ў Армускай пратоцы.

Атака адбылася празь некалькі гадзін пасьля таго, як прэзыдэнт Дональд Трамп абвясьціў аб заканчэньні пагадненьня аб спыненьні агню з Тэгеранам.

Пазьней іранскія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што «амэрыкана-ізраільскі снарад» пацэліў у вайсковую штаб-кватэру на ўскраіне Бушэру, гэта быў адзін з удараў, якімі адпаведна правілу «зуб за зуб» абменьваюцца ЗША і Іран. Але амэрыканскія службоўцы адмаўляюць, што войскі ЗША ў той час ажыцьцяўлялі атакі.

Іран заявіў, што цаляў у базу ў Ярданіі, дзе разьмяшчаюцца амэрыканскія войскі, пасьля таго паведамленьня ярданскіх вайскоўцаў аб перахопе васьмі ракет, выпушчаных з Ірану 9 ліпеня, калі на Блізкім Усходзе працягвалася чарговая ўспышка гвалту.

На фоне канфлікту ў пятніцу 10 ліпеня з раніцы ўсясьветныя цэны нафты зноў пачалі вагацца. За месяц сырая нафта патаньнела на 18%, да ўзроўню каля 72 даляра за барэль, а нафта маркі Brent — на 16%, да 76 даляраў за барэль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША нанесьлі новы ўдар па Іране. Тэгеран заявіў пра абстрэл у адказ амэрыканскіх баз у Кувэйце і Бахрэйне

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Пазьней замірэньне некалькі разоў працягвалі, але штораз парушалі. Адносны спакой наступіў у чэрвені 2026 году, але 25 чэрвеня іранскія сілы атакавалі некалькі караблёў у Армускай пратоцы, якія эвакуавалі зь небясьпечнай зоны.