Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі далучыўся да падпісантаў адкрытага ліста за стварэньне Беларускага дасьледчага ўнівэрсытэту імя Астафея Валовіча, паведамілі ініцыятары стварэньня гэтага ўнівэрсытэту.
У сьпісе падпісантаў ліста ўжо былі жонка Бяляцкага Натальля Пінчук, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч, прафэсарка гісторыі Марсі Шор і прафэсар філясофіі Джэйсан Стэнлі, былы амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, галоўны рэдактар Gazeta Wyborcza Адам Міхнік, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла, украінскі гісторык Яраслаў Грыцак, а таксама дасьледчыкі, выкладчыкі і экспэрты з ЗША, Канады, Злучанага Каралеўства, Аўстрыі, Бэльгіі, Літвы, Нарвэгіі, Нямеччыны, Польшчы, Украіны і Беларусі, піша «Белсат».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларуская дыяспара выкупіла асобнік Трэцяга Статуту ВКЛ і верне яго ў БеларусьШто вядома пра ініцыятыву
Беларускія інтэлектуалы ў эміграцыі ствараюць унівэрсітэт для магістрантаў і дактарантаў, зацікаўленых у акадэмічных свабодах і міждысцыплінарнай дасьледчай працы з беларускім кантэкстам і на беларускай мове, заяўлена на сайце ініцытывы.
Беларускі дасьледчы ўнівэрсытэт імя Астафея Валовіча — зарэгістраваная ў Польшчы асацыяцыя, акадэмічная ініцыятыва стварэньня ўнівэрсытэту, які ў пэрспэктыве мог бы дзейнічаць як вышэйшая навучальная ўстанова ў Польшчы і працаваць на эўрапейскім узроўні ў розных галінах беларусазнаўства і найперш на беларускай мове, а таксама на ангельскай.
«Ініцыятары праекту зыходзяць з таго, што беларускія дасьледчыкі ў выгнаньні — гэта не толькі супольнасьць, якая патрабуе падтрымкі. Гэта таксама крыніца ведаў пра Беларусь, экспэртнага досьведу, міжнародных сувязяў і дасьледчых кампэтэнцыяў, неабходных для разуменьня сучасных працэсаў і будучай трансфармацыі краіны», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ініцыятывы.
Яны прызнаюць, што ў самой Беларусі зараз цалкам неспрыяльныя ўмовы для разьвіцьця адукацыі і культуры, бо жорсткі дыктатарскі рэжым ня толькі забараняе незалежныя інстытуты адукацыі, руйнуе акадэмічныя свабоды і звальняе без магчымасьці вяртаньня на працу прадстаўнікоў беларускай адукацыі і навукі, якія выступаюць супраць яго палітыкі, але і садзейнічае маштабнай русыфікацыі і калянізацыі беларускай нацыі, працуе на наступ «рускага міра».
«На сёньня ў Беларусі афіцыйна працуе каля 50 вышэйшых навучальных устаноў, але адукацыя ні ў адным з іх не вядзецца на беларускай мове — тытульнай мове нацыі, а выключна па-расейску. У беларускай адукацыйнай прасторы пануе ідэалягічны кантроль, мілітарызацыя навучаньня і палітычная цэнзура. Сотні і тысячы першаклясных спэцыялістаў ня могуць свабодна займацца навуковай і выкладчыцкай дзейнасьцю ў краіне і вымушаныя выяжджаць у іншыя дзяржавы праз перасьлед і гвалт».
Цяпер праект сфармаваў супольнасьць з больш як паўсотні дасьледчыкаў, мае афіцыйную рэгістрацыю асацыяцыі ў Польшчы, канцэпцыю разьвіцьця, стратэгічны і акадэмічны пляны, праводзіць адкрытыя лекцыі і публічныя дыскусіі. Надалей ініцыятыва плянуе здабываць інстытуцыйную і палітычную падтрымку, набываць партнэрствы з польскімі і міжнароднымі ўнівэрсытэтамі, а таксама прыцягваць фінансаваньне для запуску пілётнай фазы.
Кім быў Астафей Валовіч
Астафей Валовіч, у гонар якога названы праект унівэрсытэту, — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага XVI стагодзьдзя, які сярод іншага браў удзел у падрыхтоўцы Статутаў 1566 і 1588 гадоў, актыўна падтрымліваў разьвіцьцё адукацыі і кнігадрукаваньня, фінансаваў друкарню ў Нясьвіжы і падтрымліваў дзейнасьць мысьляроў, такіх як Сымон Будны.
Валовіч выступаў з ініцыятывай стварэньня вышэйшай навучальнай установы, што прывяло да заснаваньня Віленскага ўнівэрсытэту.