Гарналыжны спартова-аздараўленчы комплекс «Лагойск» быў адкрыты ў студзені 2004 году. Уласьнік комплексу — кампанія «Трайпл» бізнэсоўца Юрыя Чыжа, тады набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі. Пазьней ён трапіў пад перасьлед уладаў, а ягоная кампанія — у паласу крызісу.
Гэты гарналыжны цэнтар раней ужо выстаўлялі на таргі — і ў 2023 годзе, і сёлета ў красавіку. Апошні раз гэты абʼект спрабавалі прадаць за 23,2 млн рублёў. Цяпер пачатковая цана лоту складае 13,9 млн рублёў.
Цяперашнія таргі на сайце «БелЮрЗабесьпячэньня» заплянаваныя на 23 ліпеня.
У сакавіку 2026 году гарналыжны цэнтар «Лагойск» з прычыны даўгоў аб’явіў аб закрыцьці. Пра закрыцьцё комплексу паведамілі на ягоным сайце.
Канкурэнт «Лагойску», гарналыжны комплекс «Сілічы», які належыць кіраўніцтву справаў Лукашэнкі, працягвае працаваць.
Хто такі Юры Чыж
- Беларускі бізнэсовец Юры Чыж лічыўся «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі. Атрымаўшы ад дзяржавы доступ да таннай расейскай нафты, ён раней з дапамогай свайго партнэра ўсяго за паўтара году зарабіў больш як пяць мільярдаў даляраў на маніпуляцыях з так званымі распушчальнікамі і разбаўляльнікамі.
- У сакавіку 2021 году Юрыя Чыжа затрымалі па яго вяртаньні з Масквы. Разам зь ім затрымалі кіраўнікоў некалькіх кампаніяў — тых, што засталіся ў бізнэсоўца пасьля разгрому ягонай імпэрыі. Пасьля прыйшлі і ў «НафтаХімТрэйдынг» — адзін з апошніх бізнэсаў Чыжа, які тады пасьпяхова працягваў працаваць. У сеткі з 11 заправак, тры зь якіх у Менску, перад гэтым забралі ліцэнзію на продаж паліва.
- На судзе ў лютым 2023 году Юрыя Чыжа прызналі вінаватым у легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, а таксама ў махлярстве, і прысудзілі 3,5 года зьняволеньня. Як вынікае з прысуду, ад тэрміну ў калёніі Юрыя Чыжа вызвалілі — ужылі амністыю і залічылі ў тэрмін пакараньня тое, што ён ужо адседзеў. Паводжле некаторых выстаўленых раней абвінавачаньняў Чыжа памілавалі.
- Пасьля гэтага ранейшы блізкі сябар Лукашэнкі пачаў адчуваць цяжкасьці ў сваім маштабным бізнэсе. Фінансавыя праблемы закранулі зьвязаную зь ім кампанію «Трайпл», а таксама кампанію «Прастормаркет», якая належала сям’і Чыжа. Рашэньне аб ліквідацыі другой кампаніі, якая разьвівала гандлёвую сетку ProStore, прыняў у сьнежні 2020 году сход акцыянэраў.
- Частку нерухомасьці і актываў кампаніяў прадпрымальніка выставілі на продаж. Сярод іх кавярня «Залаты грабеньчык» і гарналыжны комплекс «Лагойск».