Памёр былы кіраўнік праўладнага саюзу пісьменьнікаў Мікалай Чаргінец

Мікалай Чаргінец

Дзяржаўныя СМІ паведамілі пра сьмерць былога кіраўніка праўладнага Саюзу пісьменьнікаў.

Пра сьмерць Мікалая Чаргінца на 89-м годзе жыцьця паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Свае творы ён пісаў на расейскай мове. Атрымаў вядомасьць як аўтар міліцэйскіх дэтэктываў «Следствие продолжается», «Финал Краба», «Служба — дни и ночи», «Вам — задание», «За секунду до выстрела». Найбольш скандальным творам Чаргінца зьяўляецца раман «Тайна Овального кабинета», у якім з шэрагам інтымных сцэнаў пісьменьнік апісаў кіраваньне прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана.

З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Чаргінец падтрымаў яго. Больш за дзесяць гадоў ён узначальваў камісію міжнародных спраў у Савеце Рэспублікі (1996–2008), у 2001-м быў даверанай асобай Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах.

Чаргінец быў першым кіраўніком Саюзу пісьменьнікаў Беларусі (СПБ), створанага ў 2006-м, калі частка літаратараў, якая знаходзілася на прадзяржаўных пазыцыях, выйшла з адзінага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (СБП), які існаваў яшчэ з сярэдзіны 1930-х гадоў. СПБ атрымаў дзяржаўную падтрымку, памяшканьні ў будынку Дома літаратараў у цэнтры Менску, а таксама кантроль над дзяржаўнымі літаратурнымі выданьнямі. Што тычыцца «недзяржаўнага» СБП, то ў 2021 годзе Вярхоўны суд яго зьліквідаваў.

У час, калі праўладным Саюзам пісьменьнікаў кіраваў Чаргінец, наклад калісьці папулярнага штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» зьменшыўся амаль у дзесяць разоў. Зь ведама Чаргінца імёны шэрагу вядомых пісьменьнікаў былі ўнесеныя ў так званыя «чорныя сьпісы» дзяржаўных выдавецтваў.

Апошнія гады Чаргінец рэдка зьяўляўся ў публічнай прасторы. Нейкі час ён узначальваў Грамадзкую раду маральнасьці, якая спрабавала зрываць разнастайныя мерапрыемствы ў Беларусі, напрыклад, канцэрты Rammstein і Элтана Джона.

Былі ў рады і пасьпяховыя спробы зрыву выступаў. Напрыклад, у 2024 годзе ў Менску з падачы Грамадзкай рады маральнасьці скасавалі спэктакль «Каханкі майго мужа», які да таго ішоў на сцэне 10 гадоў.

У сьнежні 2022 году імем Чаргінца пры ягоным жыцьці назвалі сярэднюю школу № 76. Неўзабаве ў гэтай школе адкрылі ягоны музэй.

У 2022-м Чаргінец стаў ганаровым старшынём СПБ, Лукашэнка даў яму званьне народнага пісьменьніка Беларусі, паставіўшы ў адзін шэраг зь Якубам Коласам, Янкам Купалам, Максімам Танкам, Рыгорам Барадуліным і шэрагам іншых славутых аўтараў. Упершыню званьне атрымаў той, хто піша па-расейску.

У тым жа годзе ў размове з Радыё Свабода Чаргінец цалкам падтрымаў дзеяньні МУС і ГУБАЗіК на пратэстах і пасьля іх. «Усюды ў сьвеце так — цягаюць за валасы, б’юць дубінкай», — казаў ён. А таксама заявіў, што незалежны саюз пісьменьнікаў «сам вінаваты» ў сваёй ліквідацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Пайшлі ў адкрытую вайну супраць улады — самі нарваліся». Мікалай Чаргінец пра званьне народнага пісьменьніка, Быкава, Алексіевіч і ГУБАЗіК