«Мяркуючы па ўсім, пачуў (Лукашэнка). Але ў прынцыпе я больш спакойна ставіўся б да пытаньня Беларусі. Ня трэба нам рабіць яшчэ аднаго ворага. Я ня ў тым сэнсе, што мы там нешта самі эскалюем, не. Але ў прынцыпе мець яшчэ аднаго ворага і яшчэ адну зону баявых дзеяньняў нам дакладна ня выгадна Тое, што яны нас пачулі — гэта вельмі правільны крок. І трэба яго ўспрымаць менавіта так», — сказаў Кірыла Буданаў у інтэрвію выданьню «РБК-Україна».
Паводле яго, уступ у вайну Расеі супраць Украіны для Беларусі можа завяршыцца крахам. «Таму што з аднаго боку Расея, якая будзе душыць у братэрскіх абдымках і задушыць у такіх умовах да канца. І яны гэта выдатна ведаюць. З іншага боку, Украіна, якая, скажам так, нешта можа», — мяркуе ён.
«Таму няма ніякага сэнсу. Адпаведна, станам на цяпер, на момант размовы, пагроз нейкіх, я не кажу толькі пра наступ на зямлі, я ня бачу», — адзначыў Кірыла Буданаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка заявіў, што не адправіць беларускае войска на вайну ва ЎкраінуШто папярэднічала і чаму гэта важна
6 ліпеня 2026 году Аляксандар Лукашэнка расказаў пра «гібрыдную» вайну супраць Беларусі і паабяцаў, што не адправіць беларускае войска на вайну ва Ўкраіну.
Гэта быў адказ на абвастрэньне тэмы, калі ў замежнай прэсе зьявіліся публікацыі пра тое, што расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін цісьне на Лукашэнку, каб той паўнавартасна далучыўся да вайны супраць Украіны.
Перад гэтым Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускае войска рыхтуецца да вайны. Але ніколі не ўдакладняў, якой. Тон прапаганды застаецца антызаходнім.
Пачынаючы з 19 чэрвеня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі тройчы публічна абвінаваціў улады Беларусі ў тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэктаваньня атак на Ўкраіну. Палітык заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.
Зяленскі таксама заявіў, што Ўкраіна ведае «пра кожны завод у Беларусі, які працуе на Расею і гэтую вайну», у тым ліку пра кампанію, якая пастаўляе складнікі для расейскай зброі, і пра кампанію, якая пастаўляе паліва ў Расею.
У Кіеве адзначалі, што толькі за першыя пяць месяцаў 2026 году пастаўкі бэнзіну зь Беларусі ў Расею павялічыліся ў 13 разоў, а дызэльнага паліва — утрая ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась.
Увечары 24 чэрвеня Зяленскі заявіў, што рэтрансьлятары ў Беларусі перасталі працаваць 22 чэрвеня, гэта значыць праз тры дні пасьля ягонага ўльтыматуму.
Апошнімі днямі, аднак, пачасьціліся чуткі пра тое, што рэтрансьлятары на тэрыторыі Беларусі ня зьнішчаныя і могуць быць зноў выкарыстаныя для большай дакладнасьці расейскіх атак.