Як вынікае з паведамленьня дзяржаўнага агенцтва БелТА, гэта быў не расейскі турыст, як паведамлялі раней, а «жыхар Горадзенскай вобласьці», які разам з маці прыехаў у Менск да сваякоў. Інцыдэнт адбыўся ў раёне станцыі мэтро «Няміга».
Менская міліцыя ідэнтыфікавала юнака дзякуючы пашыранаму ў інтэрнэце відэазапісу гэтага інцыдэнту.
«У судзе пацьвердзілася, што малады чалавек у грамадзкім месцы паводзіў сябе нахабна і абуральна, на зробленую заўвагу адказаў грубай нецэнзурнай лаянкай у прысутнасьці мноства грамадзян, якія праходзілі міма. У правапарушэньні малады чалавек прызнаў сябе вінаватым цалкам. У выніку жыхару Горадзенскай вобласьці далі далі адміністрацыйнае спагнаньне ў выглядзе 15 содняў адміністрацыйнага арышту. Рашэньне суду яшчэ можа быць абскарджана і апратэставана ў вызначаным законам парадку», — адзначаецца ў паведамленьні.
У паведамленьні не адзначаецца, грамадзянства якой краіны меў гэты юнак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Менску затрымалі расейца, які кінуў на вуліцы акурак і лаяўся матамШто папярэднічала
Днямі беларускі выканаўца Леў Беларусаў апублікаваў у TikTok відэазапіс канфлікту з маладым чалавекам, які гуляў па горадзе з сваёй маці і кінуў недакурак там, дзе толькі што прыбралі камунальныя службы. Чалавек, што здымаў відэа, зрабіў яму заўвагу — у адказ хлопец аблаяў яго, ужываючы непрыстойныя словы.
Пазьней менская міліцыя паведаміла, што высьветліла асобу і затрымала «турыста з Расеі», які стварыў канфлікт каля мэтро «Няміга». На яго склалі адміністрацыйны пратакол і перадалі яго на разгляд суду.
Выданьне «Наша Ніва» ідэнтыфікавала яго як ураджэнца Алтайскага краю Расеі.