У Наваградку заснавалі Мэмарыяльны музэй Галакосту і габрэйскага супраціву

Партызанскі атрад Бельскіх

22 чэрвеня 2026 году ў Наваградку зарэгістравалі некамэрцыйную арганізацыю — Мэмарыяльны музэй Галакосту і габрэйскага супраціву.

Яна мае на мэце ператварыць Музэй габрэйскага супраціву ў першы мэмарыяльны музэй Галакосту і габрэйскага супраціву ў Беларусі.

«Стварэньне арганізацыі стала важным новым этапам у разьвіцьці існага Музэю габрэйскага супраціву ў Наваградку і заклала аснову для будучага міжнароднага мэмарыяльнага, адукацыйнага і дасьледчага цэнтру, прысьвечанага захаваньню памяці пра Галакост і гісторыю габрэйскага супраціву ў Беларусі», — гаворыцца на сайце праекту.

Тамара Вяршыцкая, былая супрацоўніца Наваградзкага гістарычнага музэю, якая апекавалася экспазыцыяй у бараку былога габрэйскага гета Наваградку, напісала, што «некаторы час таму ў прэсе зьявіліся трывожныя паведамленьні аб продажы ўладамі Наваградку былога лягеру прымусовых працаў, у тым ліку будынку з экспазыцыяй, якая апавядае пра ўцёкі праз падземны ход і дзейнасьць партызанаў аддзелу Бельскіх».

Тады ўзьніклі асьцярогі наконт будучыні музэю, прысьвечанага дзьвюм вялікім гісторыям супраціву — уцёкам з гета і партызанам аддзелу Бельскіх. Але сытуацыя разьвязалася станоўча.

Чаму гэта важна?

На тэрыторыі Наваградзкага гета адбыўся самы масавы ў Эўропе акт габрэйскага супраціву.

26 верасьня 1943 году вязьні Наваградзкага гета зьдзейсьнілі арганізаваныя ўцёкі праз тунэль, будаўніцтва якога заняло 4 месяцы. Гэты акт супраціўленьня сьмерці — самы масавы і пасьпяховы сярод многіх падобных спробаў на тэрыторыі акупаванай Эўропы. Паводле сьведчаньня ўдзельніка уцёкаў Джэка (Ідэля) Кагана, „такое магло адбыцца толькі ў Беларусі і ні ў якой іншай краіне“.

«Пасьпяховыя ўцёкі былі абумоўленыя шэрагам прычын, галоўнай зь якіх была наяўнасьць габрэйскага партызанскага аддзелу ў ваколіцах Наваградку», — гаворыцца на сайце Наваградзкага гісторыка-краязнаўчага музэю.

Аддзел братоў Бельскіх

З чэрвеня 1942 году ў ваколіцах Наваградку ўзьнік і дзейнічаў самы шматлікі на тэрыторыі акупаванай Эўропы габрэйскі партызанскі аддзел. Камандзір аддзелу Тувія Бельскі, ураджэнец вёскі Станкевічы на Наваградчыне, прымаў у аддзел усіх — моладзь, старых, дзяцей — і людзей, якія хацелі ваяваць, і тых, хто ня быў здольны ўзяць у рукі зброю, усім даючы шанец выратавацца. Ва ўмовах вайны, калі чалавечае жыцьцё, а пагатоў жыцьцё габрэя нічога не каштавала, выратаваньне аднаго жыцьця ён ставіў вышэй за зьнішчэньне дзесяці ворагаў.

Гэтая мэта вылучала аддзел Бельскага ня толькі ў партызанскім руху ў Беларусі ўвогуле, але і ў габрэйскім супраціве ўсёй Эўропы. За гады вайны праз аддзел Бельскага прайшлі больш за 1300 чалавек, зь іх каля 1200 засталіся жывыя», — паведамляецца на сайце экспазыцыі.

У складзе экспазыцыі, разьмешчанай там, дзе вязьні выкапалі тунэль, — інтэр’ер бараку, фрагмэнт тунэлю, фота вязьняў гета і партызанаў аддзелу Бельскага.

Да стварэньня ўстановы далучылася беларуская дзяржава. Як паведамляе БелТА, музэй будзе існаваць у выглядзе дзяржаўна-прыватнага партнэрства.

Памяшканьне выкупіў беларускі інвэстар. Праект разьлічаны на тры гады і зараз знаходзіцца на стадыі дэталёвай распрацоўкі канцэпцыі з прыцягненьнем вядучых гісторыкаў з розных краін, паведамляе БелТА.

Каардынатарам і навуковым кіраўніком групы прафэсійных гісторыкаў стане дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, доктар гістарычных навук, прафэсар Ігар Марзалюк.

«Мы ствараем музэй, які раскажа ня толькі пра трагедыю масавага зьнішчэньня. Важна паказаць, што габрэйскі народ быў інтэгральнай часткай нашага грамадзтва. Праз прызму Наваградку мы раскрыем маштаб падзеяў 1941–1944 гадоў. Наша мэта — увечніць гэты ўнёсак і перадаць памяць будучым пакаленьням без купюраў», — заявіў Марзалюк.

На фоне паляпшэньня адносінаў уладаў Беларусі з ЗША і прэзыдэнтам Дональдам Трампам гэта стала пазытыўным жэстам у бок сям’і Трампа. Зяць Трампа Джарэд Кушнер — нашчадак габрэяў, якія выжылі ў наваградзкім гета, а потым ваявалі ў аддзеле Тувіі Бельскага — Раі і Зэйдэля Кушнераў. Бацька Джарэда Кушнера Чарльз ня раз наведваў Наваградак з сваёй жонкай і ўнукамі, дзецьмі Джарэда.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Памёр апошні з братоў Бельскіх, якія ў часе вайны стварылі пад Налібакамі «Лясны Ерусалім»

У 2025 годзе памёр апошні з братоў Бельскіх, якія ў вайну стварылі пад Налібакамі «Лясны Ерусалім». Браты пасьля вайны адправіліся ў Польшчу, а адтуль у Ізраіль. Затым жылі ў ЗША. Пра братоў здымалі фільмы і пісалі кнігі, але ў Савецкім Саюзе іхную дзейнасьць замоўчвалі.

Зь верасьня 1943-га да ліпеня 1944 году асноўная база аддзелу «Лясны Ерусалім» месьцілася ў Налібацкай пушчы, дзе ад зьнішчэньня выратаваліся 1200 чалавек.

У 2019-м 93-гадовы Арон Бельскі разам з нашчадкамі іншых удзельнікаў аддзелу ўпершыню пабываў на месцы былога лягеру. На пытаньне, ці памятае ён гэтую мясьціну, Арон Бельскі адказваў па-філязофску:

«Лес — гэта лес. Мне было тут 10-13 гадоў. Мне яго хапіла. Калі мы ўжо адсюль паедзем?»

Яго сваячка Асаэль Бельская, дачка Асаэля Бельскага, падкрэсьліла важнасьць місіі свайго бацькі і дзядзькоў:

«Тувія казаў: важней выратаваць аднаго габрэя, чым забіць 10 немцаў. Ён гаварыў: не ідзі забіваць немцаў, бо расейцы зробяць гэта лепш, чым мы. А мы мусім ратаваць жыцьці габрэяў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

10 пытаньняў і адказаў пра яўрэйскі партызанскі атрад братоў Бельскіх

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Уцякалі ад сьмерці ў Налібацкую пушчу. Іх нашчадкі вярнуліся туды праз 75 гадоў