Ужо сёньня: 230 гадоў Яну Чачоту

Барэльеф Яна Чачота

Падзеі 7 ліпеня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дата дня

7 ліпеня 1796 году ў Малюшычах Наваградзкага павету нарадзіўся беларускі паэт, фальклярыст, перакладнік, этнограф Ян Чачот. У сваёй прадмове да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзьвіны» ў 1846 годзе ён зрабіў нарыс граматычных асаблівасьцяў беларускай мовы і ўпершыню паставіў пытаньне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу. Ужываў адметныя беларускія словы роднай Наваградчыны нават у польскай мове, што адзначаюць сёньня мовазнаўцы.

Ян Чачот. «Вясковыя песьні з-над Нёмна і Дзьвіны», вокладка кнігі

Запісаў мноства беларускіх песень, уваходзіў у таварыства філяматаў. За ўдзел у ім быў высланы расейскімі ўладамі ў Арэнбург.

Пахаваны ў Друскеніках, у Новай Мышы на Баранавіччыне стаіць бюст Чачота, а ў Карэлічах – помнік.


Таксама ў гэты дзень

1548 — у Кракаве ў Вавэльскай катэдры адбылося пахаваньне караля і вялікага князя Жыгімонта І Старога.

1846 — ЗША абвясьцілі пра анэксію Каліфорніі, якая тады была часткаю Мэксыкі.

1898 — Прэзыдэнт ЗША падпісаў рэзалюцыю пра анэксію Гаваяў, прынятую напярэдадні абедзьвюма палатамі Кангрэсу ЗША.

1930 — выйшаў апошні нумар віленскай беларускай газэты «Сялянская Ніва».

1937 — напад японскіх войскаў на кітайскі гарнізон на мосьце Лугоўцяо (мосьце Марка Пола) недалёка ад Пэкіну. Інцыдэнт лічыцца пачаткам Другой усясьветнай вайны ў Азіі.

1944 — пачалася апэрацыя «Вострая Брама»: аддзелы Арміі Краёвай прынялі ўдзел ў баях за Вільню разам з Чырвонай Арміяй. Пазьней польскія аддзелы былі абяззброеныя і арыштаваныя аддзеламі НКУС.

2000 — выкрадзены і зьнік Зьміцер Завадзкі, журналіст і тэлеапэратар.

Зьміцер Завадзкі.

2005 — 4 тэрарысты-самагубцы зрабілі сэрыю нападаў у лёнданскім мэтро і аўтобусах, загінулі 52 чалавекі.

У гэты дзень нарадзіліся

1797 Шаміль, імам, лідэр змаганьня народаў Каўказу з расейскім уладараньнем.

Імам Шаміль на кані, карціна Мікалая Сьвярчкова

1860Густаў Малер, аўстрыйскі дырыгент і кампазытар.

1882 — нарадзіўся Іван Луцэвіч (Янка Купала), клясык беларускай літаратуры, паэт, драматург, публіцыст, выдатны дзяяч беларускага Адраджэньня пачатку XX стагодзьдзя.

1884Ліён Фэйхтвангер, нямецкі пісьменьнік.

1893Міраслаў Крлэжа, адзін з найбуйнейшых харвацкіх пісьменьнікаў ХХ стагодзьдзя.

1894Антон Борык, беларускі палітычны і вайсковы дзяяч, дыплямат Беларускай Народнай Рэспублікі, удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

1940Рынга Стар, брытанскі музыка, бубнач гурту The Beatles.

1961Вінцук Вячорка, беларускі навуковец і палітык, адзін з заснавальнікаў моладзевага нацыянальнага руху на пачатку 1980-х гадоў, лідэр Партыі БНФ з 1999 па 2007 год.

Вінцук Вячорка

У памяці

1572Жыгімонт II Аўгуст, кароль польскі і вялікі князь літоўскі.

1633 Леў Сапега, дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. У Лепелі, Слоніме і Астроўне Сапегу пастаўленыя помнікі.

  • «Для прыстойнага чалавека няма большай асалоды, як жыць у сваёй айчыне ў поўнай бясьпецы, ні з кім ня біцца і не сварыцца і каб ніхто яго не зьняславіў ці пакалечыў або паквапіўся на яго дабро».
  • «Мы павінны быць рабамі законаў для таго, каб мець магчымасьць карыстацца свабодай».

1892 Ян Чэрскі, удзельнік паўстаньня 1863, беларускі геоляг і дасьледчык Сібіру, яго імем названая горная сыстэма на паўночным усходзе Сібіру (хрыбет Чэрскага).

1930 Артур Конан Дойл, брытанскі пісьменьнік.

Артур Конан Дойл

1942 Яўген Ляцкi, этнограф, фальклярыст, гісторык літаратуры.

1955Іван Макей, народны казачнік.