Паводле ведамства, на межах Беларусі і Расеі правяралі ў тым ліку мужчын ва ўзросьце ад 18 да 60 гадоў, а таксама асобаў, якія маюць нядаўна выдадзеныя пашпарты, якія зьдзяйсьнялі паездкі ва Ўкраіну, якія вандруюць у адзіночку або адначасна маюць грамадзянства Расеі.
Такіх людзей маглі правяраць і дапытваць ад 3 да 12 гадзін, утрымліваць іхныя праязныя дакумэнты на час праверкі, патрабаваць прайсьці праверку на паліграфе, а таксама падпісаць дакумэнты аб апрацоўцы пэрсанальных зьвестак і наданьні доступу да тэлефонаў і іншых прыладаў.
У выпадку адмовы падпісаць дакумэнты ці выканаць патрабаваньні памежнікі адмаўлялі грамадзянам Малдовы ва ўезьдзе або прыцягвалі іх да адміністрацыйнай адказнасьці.
На некаторых асоб, якія знаходзіліся пад адміністрацыйным арыштам, ціснулі з мэтай прымусіць іх падпісаць кантракты зь Мінабароны Расеі, гаворыцца ў паведамленьні малдаўскага замежнапалітычнага ведамства.
Міністэрства замежных спраў Малдовы раіць грамадзянам краіны ўважліва ацаніць неабходнасьць паездкі ў Расею, загадзя даведацца пра ўмовы ўезду і знаходжаньня на яе тэрыторыі, а таксама азнаёміцца з афіцыйнымі рэкамэндацыямі адносна падарожжаў, апублікаванымі Міністэрствам замежных спраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Усе дзяржавы Эўразьвязу пагадзіліся адкрыць першы этап перамоваў пра ўступленьне з Украінай і МалдовайШто папярэднічала
У канцы чэрвеня Міністэрства культуры Малдовы апублікавала пералік выканаўцаў з краін СНД, чые выступы ў рэспубліцы могуць «ствараць рызыкі для бясьпекі краіны». Выканаўцам зь пераліку могуць адмовіць ва ўезьдзе ў Малдову.
У сьпіс увайшлі гурты «Ленинград», «Ночные снайперы», t.A.T.u и «Руки вверх», выканаўцы Леанід Агуцін, Дзьмітрый Малікаў, Аляксандар Сяроў, Ігар Нікалаеў, Ірына Круг, Люся Чабоціна, Клава Кока, Ягор Крыд, Дыяна Арбеніна, рэпэры Баста, Гуф, Гупер DJ Smash, комік Нурлан Сабураў, а таксама Акмал Хаджаніязаў, Юрый Каспар’ян і Ігар Удовін.
Пры гэтым такі сьпіс — далёк не адзіная прычына пагаршэньня двухбаковых адносінаў. Крэмль апошнія гады часта выказвае незадаволенасьць курсам прэзыдэнткі Малдовы Маі Санду на Захад, эўраінтэграцыяй афіцыйнага Кішынёва. Улады Малдовы шмат разоў паведамлялі пра тое, што Расея вядзе актыўную агентурную дзейнасьць на тэрыторыі дзяржавы, імкнучыся ўмешвацца ў мясцовыя выбары розных роўняў, падкупляць асобных палітыкаў і ладзіць дывэрсіі.
Таксама Крэмль быў незадаволены тым, што Кішынёў замарозіў сваю актыўнасьць у СНД і заканадаўча спыніў удзел у шэрагу дамоваў арганізацыі.
Ёсьць і адчувальны сьлед рэжымуЛукашэнкі. Спэцслужбы Румыніі і Малдовы выкрылі агентурную дзейнасьць, у якой быў замяшаны былы намесьнік дырэктара Службы інфармацыі і бясьпекі Малдовы Александру Бэлан. Высьветлілася, што ён таемна сустракаўся з супрацоўнікамі КДБ Беларусі. Супрацоўнік спэцслужбаў Малдовы перадаваў у Менск сакрэтныя зьвесткі, у тым ліку асабістыя даныя супрацоўнікаў румынскіх спэцслужбаў. За гэта Бэлан атрымаў прысуд, а Мая Санду пазбавіла яго грамадзянства Малдовы.