«Вясна»: рэпрэсіі ў Беларусі сталі «схаванымі», штогод узбуджаецца каля 5 000 палітычных крымінальных справаў

Сілавікі ў Менску. 2020 год

Праваабарончы цэнтар «Вясна» прэзэнтаваў выніковы даклад «Схаваныя рэпрэсіі ў Беларусі 2020–2026», у якім аналізуецца, як за апошнія шэсьць гадоў кардынальна зьмяніўся характар перасьледу ў краіне.

Пра галоўныя вывады дакумэнту распавёў праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка.

Паводле яго словаў, у 2020–2021 гадах улады дзейнічалі максымальна паказальна — з масавымі затрыманьнямі на вуліцах і гучнымі судамі, каб запужаць грамадзтва. Але бліжэй да 2026 году сыстэма перайшла да тактыкі «схаваных рэпрэсіяў»: вонкава ўсё выглядае спакойна, аднак ціск застаецца ня менш глыбокім, толькі становіцца нябачным.

«Улады стварылі сапраўдную інфармацыйную блякаду: засакрэцілі статыстыку па „экстрэмісцкіх“ справах, масава праводзяць закрытыя суды, выкарыстоўваюць завочныя прысуды і затыкаюць рот адвакатам і сваякам праз падпіскі аб неразгалошваньні і запалохваньне», — тлумачыць Сапелка.

Паводле праваабаронцаў, штогод у Беларусі фіксуецца каля 5 000 новых палітычных крымінальных справаў. Гэта, як адзначаецца ў дакладзе, гіганцкі «рэзэрв», які дазваляе рэжыму трымаць краіну ў татальным страху.

У фінале дакладу «Вясна» заяўляе пра крызіс традыцыйных мэтадаў назіраньня: звыклыя інструмэнты — збор інфармацыі з адкрытых судоў і афіцыйных крыніцаў — у рэаліях схаваных рэпрэсіяў больш не працуюць напоўніцу.

«Трэба цалкам перабудоўваць мэтады працы, каб фіксаваць тое, што рэжым так старанна спрабуе схаваць ад міжнародных арганізацыяў, каб не памыляцца ў ацэнцы», — падсумаваў Сапелка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна з пачатку года амаль 200 разоў атакава расейскія НПЗ — у 11 разоў больш, чым летась