Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Шагала і каранацыі Міндоўга

Каранацыя Міндоўга

Падзеі 6 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

6 ліпеня 1887 году ў мястэчку Лёзна Віцебскай вобласьці нарадзіўся Марк Шагал, адзін з самых знакамітых ураджэнцаў Беларусі, таленавіты жывапісец і графік, яскравы прадстаўнік мастацкага авангарду ХХ стагодзьдзя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

10 малавядомых фактаў пра Марка Шагала і Віцебск


Дзень у гісторыі

1253 — першы вялікі князь літоўскі Міндоўг і ягоная жонка Марта былі каранаваныя як кароль і каралева Літвы. Каранацыя адбылася ў рэзыдэнцыі Міндоўга ў тагачаснай сталіцы ВКЛ Наваградку.

1651 — перамога войска ВКЛ над казакамі пад Лоевам. Януш Радзівіл сустрэў і разьбіў казацкія аддзелы палкоўніка Марціна Нябабы, якія накіроўваліся пад Гомель.

1786 — даляр зрабіўся нацыянальнай валютай ЗША.

1947 — адбыўся Першы зьезд беларусаў у Остэргофэне (Нямеччына) і выбары Беларускага нацыянальнага камітэту (БНК), у які ўвайшлі Францішак Кушаль, Аўген Калубовіч, Леў Гарошка, Барыс Рагуля і іншыя.

1957 — адбылася першая сустрэча музыкаў Джона Ленана і Пола Макартні. У 1960 годзе яны разам з Джорджам Гарысанам і Рынга Старам заснавалі знакаміты брытанскі рок-гурт The Beatles.​

Рынга Стар, Пол Макартні, Джордж Гарысан і Джон Ленан

1972 — у Менску паставілі помнік Янку Купалу.

У гэты дзень нарадзіліся

1788 — Дамінік Манюшка, асьветнік і філянтроп, дзядзька кампазытара Станіслава Манюшкі. Нарадзіўся ў Сьмілавічах. У маёнтку Радкаўшчына ў Ігуменскім павеце сваю маёмасьць і зямлю раздаў сялянам і вызваліў іх ад прыгону, заснаваў вучэльню і пансіянат для вясковых дзяцей.

1851 — Янка Лучына, беларускі паэт. Ягоны зборнік «Вязанка» быў выдадзены пад выглядам кніжкі на баўгарскай мове, каб абысьці расейскую цэнзуру, якая забараняла беларускамоўны друк.

Янка Лучына

1905 — Пятро Глебка, беларускі паэт, драматург, перакладнік.

Пятро Глебка

1907 — Фрыда Калё, мэксыканская мастачка.

1909 — Сяргей Грыцавец, лётнік і двойчы герой Савецкага Саюзу, паходзіў зь вёскі Бараўцы, цяпер Баранавіцкага раёну. Бюст Грыцаўца доўгі час стаяў у Менску на тым месцы, дзе цяпер помнік Янку Купалу ў Купалаўскім сквэры. Цяпер бюст стаіць у іншым сквэры, на праспэкце Незалежнасьці. Сяргей Грыцавец з 1936 году ваяваў у Гішпаніі, у 1939-м на рацэ Халхін-Гол.

1927 — Кастусь Харашэвіч, жывапісец.

1937 — Пятро Драчоў, беларускі мастак.

1946 — Джордж Буш-малодшы, 43-і прэзыдэнт ЗША.

Джордж Буш-малодшы

1946 — Сыльвэстар Сталонэ, амэрыканскі актор.

1977 — Максім Мірны, беларускі тэнісіст.

У памяці

1415 — Ян Гус, чэскі рэлігійны дзяяч, нацыянальны герой Чэхіі, прапаведнік, мысьляр, ідэоляг чэскай Рэфармацыі (спалены).

Помнік Яну Гусу ў Празе

1893 — Гі дэ Мапасан, францускі пісьменьнік.

1962 — Уільям Фолкнэр, амэрыканскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1949 году.

Уільям Фолкнэр

1974 — Уладзiмер Корш-Саблiн, кінарэжысэр і актор, адзін з заснавальнікаў беларускага кіно, народны артыст Беларусі.

Уладзімер Корш-Саблін

1975 — Лаўрэнці Абэцэдарскі, гісторык, фальсыфікатар беларускай гісторыі.