«Мы павінны глядзець на сваю гісторыю ўласнымі вачыма». Абламейка пра тое, хто насамрэч бамбіў Менск

Сяргей Абламейка, стары Менск. Ілюстрацыйны каляж

3 ліпеня афіцыйна сьвяткуецца Дзень Незалежнасьці Беларусі. Гэтую дату прымеркавалі да вызваленьня Менску ад нацыстаў 3 ліпеня 1944 году. Значная частка Беларусі на той час яшчэ заставалася пад нямецкай акупацыяй.

У «Піку Свабоды» з гісторыкам, пісьменьнікам, аўтарам кнігі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня» Сяргеям Абламейкам пагаварылі пра тое, што адбывалася 82 гады таму і як гэта пераклікаецца з вайной Расеі супраць Украіны.

00:00 Чаму ўлады па-рознаму адрэагавалі на ўдары дронаў па беларускіх аўтобусах?
06:25 Якія прыватныя і палітычныя вынікі паездкі Лукашэнкі ў Расею, Кітай, Інданэзію і М’янму?
12:00 Што магло адбывацца ў Валдайскай рэзыдэнцыі Пуціна
16:08 Як афіцыйны Менск будзе рэагаваць на новыя ўльтыматумы Зяленскага?
31:31 Як падзеі Другой сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі пераклікаюцца з паўнамаштабнай вайной Расеі супраць Украіны?
39:48 Чаму Лукашэнка зрабіў дзень вызваленьня Менску днём незалежнасьці?
46:30 Ці змог Лукашэнка за 32 гады кіраваньня ўкараніць сваю вэрсію гісторыі?

— У кнізе я прапаную ўспомніць яшчэ адну сумную дату — 24 чэрвеня 1941 года, калі пачалася трохдзённая бамбардзіроўка Менска, якая прынесла гораду страшныя разбурэньні і забіла шмат менчукоў. Менавіта з гэтых разбурэньняў пачаліся ўсе культурныя страты беларускай сталіцы. Пачалося бамбаваньне. Паводле запісаў тагачаснага кіраўніка Беларусі, першага сакратара Кампартыі Беларусі, хвалі налётаў працягваліся цэлы дзень — іх было каля 18, і ў кожнай удзельнічала да 40 самалётаў. У горадзе пачаўся пажар. Калі параўноўваць з іншымі масавымі бамбардзіроўкамі тых часоў, у Менску ў той дзень загінула параўнальна няшмат — каля 300 чалавек. Але горад быў разбураны страшэнна, бо пачаўся пажар, які перакінуўся на многія раёны цэнтра беларускай сталіцы, і праз тры дні горад ператварыўся ў руіны. Яго цэнтральная частка, так званы Новы горад, уздоўж цяперашняга праспэкта Незалежнасьці і далей у бок Камароўкі, праз Залатую Горку, — усё было спалена і часткова разбурана.

— Як вы мяркуеце, чаму менавіта дату 3 ліпеня, дзень вызваленьня Менска, Аляксандр Лукашэнка праз спрэчны рэфэрэндум зрабіў Днём незалежнасьці?

— Тут у мяне падвойны адказ. Па-першае, у яго вельмі добрая інтуіцыя — яго часта называюць «палітычнай жывёлінай». Ён бачыў, што ў насельніцтва Беларусі нізкая нацыянальная сьвядомасьць пасьля дзесяцігоддзяў савецкай русіфікацыі. Мы памятаем, што вясной 1991 года адбыўся ўсесаюзны рэфэрэндум, на якім Беларусь прагаласавала за захаваньне Савецкага Саюза. Адзін мой знаёмы ў той час знаходзіўся ў турыстычнай паездцы ў Баўгарыі разам з групай беларускіх настаўнікаў, пераважна з правінцыі. Калі кіраўнік групы абвясьціў вынікі рэфэрэндуму, настаўнікі пачалі крычаць, падскокваць, узьнімаць рукі — так яны радаваліся, што захоўваецца СССР. Сапраўды, многія ў Беларусі ў першай палове 90-х гадоў тужылі па Савецкім Саюзе.

Тут ёсьць і эканамічны складнік. Сярэдзіна XX стагоддзя для Беларусі — гэта перадваенныя рэпрэсіі, потым страшная вайна, у якой Беларусь панесла велізарныя страты (адны кажуць — кожны чацьвёрты жыхар, іншыя — кожны трэці загінулі). Забівалі людзей і немцы, і партызаны, і савецкія бамбардзіроўкі. Потым — калектывізацыя, калі людзі працавалі задарма і былі цалкам абрабаваныя. А потым наступіла хрушчоўская і брэжнеўская адліга, і многія лічылі брэжнеўскія часы найлепшым пэрыядам свайго жыцьця. Для чалавека, які пражыў гадоў 50–60 гадоў, 70-я і 80-я гады сталі найлепшым часам. І людзі хацелі вяртаньня да гэтага. Тут зьяўляецца Лукашэнка з фактычна прамаскоўскім, савецкім наратывам пра перамогу, пра вайну, пра памяць — бо беларускі народ атрымаў вялікую траўму, магчыма, найбольшую ў сваёй гісторыі за апошнія два стагоддзі (хіба што параўнальны толькі «патоп» XVII стагоддзя). Гэта быў разьлічаны палітычны прыём. Наколькі ён яму ўдаўся — іншае пытаньне, але так адбылося.

— Ці гэта сапраўды Дзень незалежнасьці?

— На маю думку, канешне, не. Якая незалежнасьць магла быць у БССР? Беларусь была часткай савецкай імпэрыі і засталася ёю пасьля вызваленьня 3 ліпеня 1944 года. Пасьля вайны яна стала краінай — заснавальніцай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, але гэта было вельмі фармальна і патрэбна для зьнешнепалітычных мэтаў Сталіна.

Хачу коратка спаслацца на адзін важны гістарычны дакумэнт, які паказвае, наколькі «незалежнай» была БССР пасьля вайны. Гэта пленум ЦК Кампартыі Беларусі 1953 года. Тады Берыя вырашыў зрабіць стаўку на нацыянальныя ўскраіны і нацыянальныя пачуцьці і паслаў у Менск Зімяніна, каб замяніць Патолічава на пасадзе першага сакратара Кампартыі Беларусі. У сваім дакладзе Зімянін вельмі рэзка раскрытыкаваў нацыянальную палітыку ў БССР пачатку 1950-х. Ён заявіў, што сярод партыйных і савецкіх кіраўнікоў у БССР, асабліва ў заходніх абласьцях, пераважаюць не беларусы: з 1175 партыйных чыноўнікаў беларусаў было толькі 121, з 1408 супрацоўнікаў абласных выканкамаў мясцовымі беларусамі былі толькі 104, з 321 супрацоўніка гарадзкіх выканкамаў — толькі 25.

Асабліва рэзка Зімянін гаварыў пра становішча ў органах НКУС—МУС. Ён адзначаў, што ў цэнтральным і абласным апаратах Міністэрства ўнутраных спраў беларусаў было вельмі мала: з 173 начальнікаў раённых аддзелаў МУС беларусаў было толькі 33; у заходніх абласьцях з 840 апэратыўных супрацоўнікаў органаў МУС мясцовых ураджэнцаў — толькі 17; у органах міліцыі заходніх абласьцей з 150 кіраўнікоў беларусам быў толькі адзін, а з 92 начальнікаў гарадзкіх аддзелаў міліцыі ўраджэнцаў Беларусі было толькі пяць.

Гэта была абсалютна каляніяльная сытуацыя, і, канешне, гэта не можа быць Днём незалежнасьці. Сапраўдны Дзень незалежнасьці Беларусі — гэта альбо 25 жніўня, калі ў 1991 годзе Вярхоўны Савет надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону, альбо 25 сакавіка, калі ў 1918 годзе была абвешчана незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

— Хутка мінецца 32 гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Ці ўдалося яму за гэты час укараніць вэрсію гісторыі, паводле якой незалежнасьць зьвязана з Вялікай Айчыннай вайной і, фактычна, з ягоным уласным прыходам да ўлады?

— Я думаю, што прынамсі для афіцыёзу, для ўладнай вэртыкалі і іх прыхільнікаў — так, гэта ўдалося. Я мяркую, што прыхільнікаў Лукашэнкі, гэтай дзяржаўнай вэртыкалі і гэтай ідэалёгіі ў краіне да 30% насельніцтва. Яны цяпер сьвяткуюць гэта, ходзяць на парады, махаюць сьцяжкамі. Але я думаю, што беларускія інтэлектуалы, навукоўцы, актыўная частка грамадзтва, найперш насельніцтва гарадоў, так званы сярэдні кляс, натуральная апазыцыя — усе гэтыя людзі ведаюць, у чым справа. Яны ведаюць сапраўдную гісторыю Беларусі і які сапраўдны Дзень незалежнасьці ў нас ёсьць.

— У сваёй кнізе вы паспрабавалі расказаць сапраўдную гісторыю Менска, у тым ліку старога Менска, старога горада ў вайну. Хто разбурыў стары горад — немцы ці саветы?

— Спачатку акрэсьлімся, што такое стары горад. Цяпер гэтым тэрмінам часта называюць Верхні горад, але гэта не так. Да вайны ў Менску быў раён, які называўся Стары горад, — раён Замкавай гары, замчышча і Ніжняга рынку. Многія сёньня, асабліва моладзь, не ведаюць, што паміж Палацам спорту і Верхнім горадам была яшчэ адна гара — яна называлася Замкавая, бо на ёй стаяў замак, аточаны сеткай вузкіх крывых вулачак. У XIX стагоддзі яна была канчаткова забудавана. Менавіта гэтая частка называлася Старым горадам. У сваёй кнізе я якраз спрабаваў разабрацца, хто і калі разбурыў стары горад, як ён зьнік — бо гэтай часткі вельмі шкада: яна выглядала па-эўрапейску і была падобная да старога горада Вільні ці Гродна, якія таксама былі разбураны пасьля вайны. Адказ такі: стары горад разбурылі і тыя, і другія — і немцы, і саветы.

Лёс старога горада склаўся так. У першыя дні вайны быў разбураны так званы Новы горад — тая частка, што ўздоўж цяперашняга праспэкта Незалежнасьці. А стары горад тады захаваўся. З пачатку 1942 года Савецкі Саюз пачаў жорстка бамбіць тэрыторыю акупаванай Беларусі, у тым ліку Менск. Першае бамбардаваньне адбылося ў студзені, а потым яны сталі прымяркоўвацца да сьвят — 23 лютага, 8 сакавіка, 1 мая. Гэтыя бамбардаваньні былі вельмі жорсткімі, у 1942–1943 гадах ад іх загінула шмат мінчан. Сёньня мы павінны ведаць, што на Кальварыйскіх і на Вайсковых могілках у Менску пахавана шмат ахвяр менавіта гэтых савецкіх бамбардзіровак.

Якраз тады, у 1943 годзе, было разбамблена Замчышча — на маю думку, самая каштоўная частка старога Менска, шчыльна забудаваная мураванымі дамамі XVI–XIX стагоддзяў. Яна была часткова спалена і часткова разбурана, але тыя разбурэньні былі яшчэ адносна невялікія. Потым, у канцы 1943 — пачатку 1944 года, немцы зьнеслі палову забудовы Замчышча. Мне не ўдалося дакладна ўстанавіць, чаму яны гэта зрабілі. Некаторыя беларускія гісторыкі, якія займаліся гісторыяй вайны, лічаць, што немцам патрэбны быў будаўнічы матэрыял — друз для вырабу бэтону і ўмацаваньняў, для дотаў і дзотаў, каб абараніць Менск: яны рыхтаваліся да абароны горада, бо Чырвоная армія наступала. Так ці іначай, палова Замчышча была зьнішчана ў пачатку 1944 года.

Потым пачаўся так званы вызвольны штурм — страшны чэрвень 1944 года. У кнізе я цытую ўспаміны маршала Жукава і маршала авіяцыі Галаванава пра тое, як праходзілі нарады і як было прынята рашэньне задзейнічаць усю цяжкую авіяцыю Савецкага Саюза — да 400 самалётаў, — зьнятую з налётаў на Германію і Бэрлін, і кінуць яе на бамбардаваньне беларускіх гарадоў. На Менск было выканана восем ці дзевяць такіх масавых налётаў савецкай авіяцыі.

— Пра што, на вашу думку, варта гаварыць і разважаць 3 ліпеня?

— Я лічу, што і 9 траўня, і 3 ліпеня мы павінны ўспамінаць пра свае страты — людзкія і культурныя. Гэта дні смутку, дні памяці па ахвярах. У маёй сямʼі загінуў дзед, бацька майго бацькі. Мой бацька расказваў мне, што ў дзяцінстве 9 траўня ён, яго брат, яго сястра і іх маці заўсёды плакалі, успамінаючы бацьку і мужа, а не весяліліся з нагоды перамогі і, канешне, не ганарыліся ёй.

Памяць пра вайну нельга рабіць культам. Трэба разумець: не можа быць адной даты — ці то 9 траўня, ці то 3 ліпеня. І нельга ўшаноўваць толькі іх, бо ў гісторыі Беларусі былі і іншыя даты — і жахлівыя, і слаўныя, — і памятаць трэба ўсе. Памяць не можа быць выбарачнай, бо тады яна пачынае абслугоўваць чыесьці ідэалягічныя інтарэсы. Таму памяць толькі пра вайну выгадная Маскве. І менавіта гэты гістарычны сурагат пра вайну трансьлюецца з мэтай выцесьніць сапраўдную беларускую гістарычную памяць, перашкодзіць беларусам глядзець на сваю гісторыю ўласнымі вачыма. А мы павінны глядзець на сваю гісторыю менавіта сваімі ўласнымі вачыма.