Як паведамяе БелТА, улады значна скарачаюць сьпіс тавараў, цэны на якія рэгулююць. Як заявіў намесьнік міністра антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Алег Дзікун, камэнтуючы карэкцыі ў сыстэме рэгуляваньня цэнаў, пералік тавараў, цэны на якія падлягаюць рэгуляваньню, значна скарочаны — з 199 да 76 пазыцыяў.
Як адзначыў Алег Дзікун, міністэрства пастаянна аналізуе сытуацыю з цэнамі і ў выніку ўхваліла зьмены.
«Практычна цалкам выключана нехарчовая група. Зь нехарчовых тавараў засталіся толькі тавары сацыяльнай патрэбы», — сказаў ён.
Як паведамляе ўрад, з цэнавага рэгуляваньня выключылі малако, кефір, сьмятану ў шкляной тары, карамэль, жавальную гумку, экзатычныя цытрусавыя плады й іншае. Зьменены памер гранічных надбавак на асобныя імпартныя і айчынныя тавары (малако, кефір, сьмятана, гарбата чорная і зялёная).
Ува ўрадзе мяркуюць, што «павышэньне цаны на імпартныя тавары не паўплывае на рынак, бо айчынныя тавары займаюць упэўненую пазыцыю на ўнутраным рынку».
Таксама ўрад увёў рэгуляваньне цэн на асобныя тавары, вырабленыя ў суб’ектах гандлю, абʼектах грамадзкага харчаваньня. У прыватнасьці, абмяжоўваюць нацэнку на хлебабулачныя вырабы і паўфабрыкаты, якія вырабляюць аб’екты гандлю.
Як паведаміў 13 ліпеня Белстат, спажывецкія нехарчовыя тавары ў Беларусі з пачатку году падаражэлі на 2,2%. За той жа час цэны вытворцаў прадукцыі расьлінаводзтва зьнізіліся на 1,1%, а прадукцыі жывёлагадоўлі — на 1,8%. Значна падаражэлі толькі паслугі сувязі — на 4,4%.
Чаму гэта важна
Фактычна ўрад Беларусі адступае ад заяўленых раней захадаў у барацьбе з інфляцыяй. У красавіку 2025 году ўрад быў апублікаваў сьпіс тавараў, цэны на якія рэгулюе дзяржава, з 211 пазыцыяў.
Туды, акрамя сацыяльна значных тавараў, уваходзіў шэраг тавараў, якія ўплываюць на ўзровень інфляцыі, — шакалядныя цукеркі і шакаляд, бананы, вінаград, цытрусавыя, абутак, адзеньне, мэбля, ровары, лядоўні, пральныя машыны і іншае.
Звужэньне рэгуляваньня цэн азначае, што ўрад упэўнены ў тым, што інфляцыя не дасягне заяўленага паказьніку ў 7%.
Гэта сьведчыць таксама, што ўрад ня бачыць магчымасьці рэгуляваць цэны ва ўмовах імпарту інфляцыі з Расеі. Там праз украінскія атакі на НПЗ рэзка падаражэў бэнзін, а за ім вырасьлі і лягістычныя выдаткі.
У гэтай сытуацыі цэны на расейскія тавары, якія ўжо занялі значную частку беларускага спажывецкага рынку, будуць расьці, і абмежаваць іх — гэта значыць стварыць пэўны дэфіцыт на паліцах беларускіх крамаў.