Навіны палітвязьняў: Іван Вярбіцкі правёў больш за 1065 дзён у ізаляцыі

Іван Вярбіцкі ў судзе

На 3 ліпеня ў зьняволеньні ў Беларусі былі як мінімум 859 палітвязьняў, прызнаныя такімі праваабарончай супольнасьцю, а паводле Dissidentby.com іх 937. Рэальна зьняволеных з палітычных матываў у краіне можа быць больш.

У папраўчай калёніі № 9 у Горках трымаюць прызнанага палітвязьнем Івана Вярбіцкага, асуджанага агулам на 10 гадоў і 1 месяц паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу (КК), у тым ліку артыкулу 289 — «акт тэрарызму».

Як падлічыла «Вясна» на падставе зьвестак крыніцы, знаёмай з палітвязьнем, з моманту затрыманьня ў кастрычніку 2020 году Іван Вярбіцкі правёў у штрафных ізалятарах (ШЫЗА) і памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ) больш за 1065 дзён.

Таксама праваабаронцы «Вясны» даведаліся пра актуальны стан здароўя Вярбіцкага, які раней скардзіўся на болі ў сэрцы. Паводле крыніцы, праблема засталася, хоць палітвязень стараецца яе не заўважаць.

«Прызвычаіўся. Ён выконвае фізычныя практыкаваньні, кінуў курыць. Гэта хоць неяк выратоўвае», — расказала дасьведчаная крыніца пра Івана Вярбіцкага.

Паводле крыніцы, упершыню ў ШЫЗА Іван Вярбіцкі трапіў пасьля таго, як адмовіўся выконваць загад на ўборку ў прыбіральні, бо пасьля гэтай працы яму б пагражаў так званы «нізкі статус». Ціск на палітвязьня працягваецца, паведаміла крыніца пра Івана Вярбіцкага.

Праваабаронцы таксама зазначаюць, што Івана Вярбіцкага фактычна трымаюць у рэжыме інкамунікада. Ужо другі год ён ня мае сувязі з сваякамі, а тыя не атрымліваюць інфармацыю пра яго. Апроч гэтага, мужчына ня мае дапамогі з волі, не атрымлівае перадач і грашовых пераводаў, бо знаходзіцца ў так званым «сьпісе тэрарыстаў».

«Яму цяжка без падтрымкі. Калі раней была салідарнасьць паміж вязьнямі, то цяпер яе амаль няма, бо ўсе баяцца. Асабліва балюча для яго тое, што ня бачыць, як сталее яго дачка. Калі яго затрымалі, ёй было 12, а неўзабаве будзе 18 гадоў. 17 ліпеня Івану спаўняецца 61 год. Гэта будзе шосты дзень народзінаў палітвязьня за кратамі», — расказала крыніца «Вясны» пра Івана Вярбіцкага.

Іван Вярбіцкі паходзіць зь мястэчка Гальшаны Ашмянскага раёну, мае дзьве вышэйшыя адукацыі. Працаваў мастаком-дызайнэрам, мультыплікатарам, рэжысэрам, мантажыстам відэа. Малюе карціны, піша апавяданьні.

За час зьняволеньня Іван Вярбіцкі пабываў у СІЗА і некалькіх калёніях: ПК-14 у Навасадах, ПК-20 у Мазыры, цяпер знаходзіцца ў ПК-9 у Горках. Двойчы, кожны раз на год, палітзьняволенаму падаўжалі няволю праз суды паводле 411 артыкулу КК («злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы»).

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020-га, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026-га складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Сьпякота горш за холад». Былыя палітвязьні распавялі, як пакутавалі ад гарачыні і што рабіла адміністрацыя

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Сэрца можа проста ня вытрымаць». Жонка палітвязьня Васіля Верамейчыка — пра ягоны стан у калёніі

Што вядома пра ўмовы ў карцары, ШЫЗА і ПКТ

Дзе існуюць карцары, а дзе ШЫЗА

У карцар вязьня могуць зьмясьціць толькі ў сьледчым ізалятары, дзе ўтрымліваюць тых, хто яшчэ не асуджаны альбо хто атрымаў прысуд і чакае адказу на апэляцыю (арыштант, адносна якога прысуд не ўступіў у сілу, фармальна ня лічыцца злачынцам).

У калёніі асуджанага вязьня могуць пакараць за нейкае парушэньне зьмяшчэньнем у ШЫЗА (штрафны ізалятар) альбо адправіць у ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). Туды на працяглы час, нават на некалькі месяцаў, трапляюць тыя вязьні, хто раней ужо быў пакараны штрафным ізалятарам, але, паводле адміністрацыі, «ня стаў на шлях выпраўленьня».

Чым розьняцца ўмовы ў карцары і ШЫЗА

У адрозьненьне ад карцара ў ШЫЗА на ноч не выдаюць матраца, коўдры і падушкі, там вязень сьпіць на голых дошках. Таксама ў штрафным ізалятары, у адрозьненьне ад ПКТ і карцара, дзе дазволена гадзінная прагулка, на сьвежае паветра не выводзяць.

Лісты вязьням ШЫЗА і карцара не прыносяць, кнігі, газэты таксама пад забаронай, не працуе нават радыё. ПКТ такое абмежаваньне не датычыць.

Што аднолькава ў ШЫЗА і карцары

Умовы побыту ў ШЫЗА і ў карцары сьледчага ізалятара амаль аднолькавыя. Ложкі не стаяць на падлозе, а прычапляюцца ўдзень да сьцяны, як у цягніку, і адкладаюцца толькі на ноч. Адзеньне, якое прымушаюць насіць вязьняў, пакараных карцарам ці ШЫЗА, таксама фактычна аднолькавае: чорныя штаны, куртка без каўняра, шлёпанцы на нагах. Толькі ўзімку дазваляюць паддзяваць пад куртку майку з даўгімі рукавамі, а ў іншы час толькі з кароткімі.

З асабістых рэчаў арыштанту ў штрафным ізалятары і вязьню ў карцары дазволеныя ручнік, кавалак мыла, рулён туалетнай паперы, зубная шчотка і паста.Мінімальнае абсталяваньне камэр — таксама аднолькавае ў ШЫЗА і карцары: жалезная палічка на некалькі ячэек, кароткі столік і вузкая лаўка пры ім. Ножкі стала і лаўкі прымацаваныя да падлогі.

Акрамя дзяжурнага, які рэгулярна зазірае ў «вочка», каб спраўдзіць, ці выконвае вязень распарадак, усе рухі зьняволенага ў ШЫЗА і карцары адсочвае і відэакамэра. Калі арыштант сядзе ці ляжа на падлогу, яму выставяць рапарт ці прызначаць новае пакараньне.