Пасьля Расеі, Кітаю, Інданэзіі Лукашэнка накіраваўся ў М’янму, дзе кіруе вайсковая хунта

Афіцыйная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з тагачасным кіраўніком вайсковага ўраду М'янмы Аўнг Глайнгам, 7 сакавіка 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка завяршыў візыт у Інданэзію. Гэтую краіну ён наведваў другі раз за ўвесь час свайго знаходжаньня ва ўладзе, але назваў адным з ключавых партнэраў Беларусі ў Паўднёва-ўсходняй Азіі.

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, падчас візыту бакі зацьвердзілі дарожную мапу разьвіцьця ключавых кірункаў супрацы на 2026–2030 гады, а таксама шэраг мэмарандумаў аб супрацы ў розных сфэрах — прамысловасьці, навуцы, ахове здароўя, культуры.

У рамках візыту Лукашэнкі падпісалі толькі адно пагадненьне — аб супрацы Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Гандлёва-прамысловай палаты Інданэзіі.

З мэмарандумаў (гэта дакумэнты, якія толькі фіксуюць дамоўленасьці бакоў аб намеры супрацоўнічаць. — РС) варта выдзеліць дакумэнт аб узаемаразуменьні паміж Нацыянальным банкам Беларусі і Ўпраўленьнем фінансавых паслуг Інданэзіі, а таксама аб супрацы па абмене інфармацыяй, зьвязанай з легалізацыяй злачынных даходаў і фінансаваньнем тэрарызму, фінансаваньнем зброі масавага паражэньня.

Па выніках візыту Лукашэнка заявіў аб дамоўленасьці адкрыцьця дыпляматычнага прадстаўніцтва Інданэзіі ў Беларусі і прамога авіярэйсу. Гэта пакуль адзіныя канкрэтныя дамоўленасьці, што агучылі бакі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ад Сухарта да Субіянта: што Лукашэнка шукае ў Інданэзіі

У дарозе на М’янму

Прэсавая служба Лукашэнкі паведаміла, што ўжо сёньня, 2 ліпеня, адбудзецца сустрэча Лукашэнкі з прэзыдэнтам М’янмы Мін Аўнг Глайнгам. Спачатку яны правядуць сустрэчу ў фармаце сам-насам, каб абмеркаваць «найбольш актуальныя пытаньні беларуска-м’янмскіх дачыненьняў».

«На парадку дзённым — супраца ў прамысловасьці, сельскай гаспадарцы, фармацэўтыцы, гуманітарнай сфэры і ў іншых кірунках. Плян супольных дзеяньняў уключае канкрэтныя захады на пэрыяд 2026–2028 гадоў», — адзначаецца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка і М’янма: захапленьне хунтай як люстэрка беларускай улады

Што папярэднічала і чаму гэта важна

У канцы 2025 году Лукашэнка ўжо наведваў М’янму. Гэта адбылося ў рамках яго працяглага турнэ па паўднёвых краінах. Апроч М’янмы, ён наведаў тады Аман, Альжыр.

Паварот замежнай палітыкі афіцыйнага Менску ў бок Глябальнага Поўдня і Паўднёва-ўсходняй Азіі, які адбыўся з-за канфлікту з Захадам, рэалізуецца часта ў своеасаблівых фарматах. Напрыклад, паездка Лукашэнкі ў Аман нагадвала сямейны візыт — на перамовах не было беларускіх чыноўнікаў, напрыклад, міністра замежных спраў, прысутнічалі толькі ягоныя сыны Віктар і Мікалай.

Падчас папярэдняга візыту ў М’янму Лукашэнка выказаў захапленьне гэтай краінай і рэжымам, які там кіруе. А між тым М’янма — адна з самых праблемных, бедных і ізаляваных краінаў сьвету. Там кіруе вайсковая хунта. У краіне ідзе грамадзянская вайна.

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду запрасіў ордэр на арышт кіраўніка ваеннай хунты Мін Аўнг Глайнга, які цяпер стаў прэзыдэнтам.

У 2025 годзе Мін Аўнг Глайнг двойчы наведваў Беларусь. Галоўным кампанэнтам абодвух візытаў была вайскова-тэхнічная супраца — на сустрэчах найперш абмяркоўвалі пытаньні паставак, мадэрнізацыі тэхнікі, а таксама пляны па паглыбленьні абароннага супрацоўніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Стала вядома, што дэлегацыя М’янмы дамаўлялася ў Беларусі аб пастаўках зброі

Ваеннае супрацоўніцтва каардынуецца праз сумесную камісію па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, у рамках якой абмяркоўваюцца пытаньні вытворчасьці, рамонту, трансфэру тэхналёгій і навучаньня.

Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і М’янмай былі ўстаноўлены ў 1999 годзе. Ганаровае консульства Беларусі ў Янгоне адкрыта ў 2011 годзе. За апошнія дзесяць гадоў актывізаваліся афіцыйныя візыты, заключэньне пагадненьняў і арганізацыя сумесных абаронных праграм.

Justice For Myanmar заклікае заходнія юрысдыкцыі каардынаваць адсочваньне і надгляд падазроных грузаў на судах і самалётах, якія курсіруюць паміж Беларусьсю і Мʼянмай, у прыватнасьці праз транзытныя краіны, а таксама ўзмацніць мытны кантроль у транзытных вузлах, праз якія могуць накіроўвацца грузы з Беларусі ў Мʼянму.

Арганізацыя таксама заклікае пашырыць санкцыі ў адказ на беларускае саўдзел у Мʼянме. У прыватнасьці, БДУІР, БДТУ і БДУ і іх кіраўніцтва павінны быць падвергнутыя санкцыям і шырэйшаму акадэмічнаму байкоту з прычыны іх сувязяў з мʼянманскай хунтай.