Перагружанасьць ваяводаў. Як беларусы ў Польшчы гадамі чакаюць легалізацыі

Ўправа ў справах іншаземцаў Польшчы. Варшава, ілюстрацыйнае фота

Тэрмін чаканьня дазволаў на жыхарства, статусу міжнароднай абароны і замены картак дазволу на жыхарства ў Польшчы складае ў сярэднім 12–15 месяцаў, сьцьвярджаюць афіцыйныя асобы. У рэальнасьці чаканьне можа працягвацца значна даўжэй — два гады і больш.

Міжнародную абарону ў Польшчы надаюць іншаземцам, якія ня могуць вярнуцца ў сваю краіну праз пагрозу перасьледу і катаваньняў. Ёсьць дзьве формы абароны: статус уцекача (так званы «жэнэўскі пашпарт») і статус дадатковай абароны — дазвол на жыхарства ў Польшчы тэрмінам на 2 гады, які потым можна працягваць.

Усяго за 2021–2025 гады грамадзянам Беларусі ў Польшчы выдалі амаль 12 тысяч станоўчых рашэньняў аб выдачы такіх дакумэнтаў. Каля 900 беларусаў атрымалі статус уцекача, больш за 10 тысяч — дадатковую абарону. Да 2024 году ўключна тэрміны разгляду дакумэнтаў у сярэднім складалі 6 месяцаў. Летась яны павялічыліся да 12–15 месяцаў, афіцыйна папярэджвалі польскія ўлады.

У рэальнасьці беларусы часта чакаюць дакумэнтаў ад 18 да 24 месяцаў. Па гадах статыстыка выглядае так:

У 2024 годзе міжнародную абарону ў Польшчы атрымалі каля 2600 беларусаў, заяваў было пададзена каля 3900.

2025 год: 2993 беларусы падалі заявы на міжнародную абарону. 1737 атрымалі станоўчыя рашэньні. 112 чалавек атрымалі адмову (менш за 6% ад усіх разгледжаных справаў).

У 2026 годзе заявы на атрыманьне міжнароднай абароны ў Польшчы падалі ўжо больш за 800 грамадзян Беларусі. Статыстыкі атрыманых дакумэнтаў пакуль няма.

Шэсьце беларусаў у Варшаве. Сакавік 2026

Паводле шэфа Ўправы ў справах іншаземцаў Польшчы (Urząd do Spraw Cudzoziemców) Томаша Цытрыновіча, надзвычай доўгая легалізацыя тлумачыцца перагружанасьцю ваяводаў. Усяго на разглядзе ў ваяводаў Польшчы каля 700 тысяч справаў аб легалізацыі іншаземцаў. Цытрыновіч абяцае выправіць становішча, цытуе яго Польскае Радыё.

Службовец таксама кажа, што польскія адміністрацыйныя органы мадэрнізуюць сыстэму. Асноўны акцэнт робіцца на лічбавізацыю паслуг, у прыватнасьці, на пашырэньне электроннай сыстэмы «Модуль абслугоўвання справаў» (MOS), якая мае паскорыць разгляды.

У чым нязручнасьці і праблемы для беларусаў?

Падчас разгляду дакумэнтаў да атрыманьня рашэньня і плястыкавай карткі дазволу на жыхарства ў Польшчы чалавек ня мае права працаваць. Да таго ж пасьля падачы дакумэнтаў беларускі пашпарт здаюць ва Ўправу ў справах іншаземцаў (а значыць, чалавек ня мае права выяжджаць за мяжу), замест яго выдаюць папяровае часовае пасьведчаньне асобы іншаземца (TZTC) тэрмінам на 90 дзён.

Праз паўгода заяўнік атрымлівае так званы «часовы плястык», які некалькі разоў могуць мяняць на наступны часовы і які тэарэтычна дае доступ да рынку працы. Але многія працадаўцы ня хочуць зьвязвацца з такімі кароткатэрміновымі дакумэнтамі. Да таго ж зь імі складана атрымліваць новыя спэцыяльнасьці, вучыцца на курсах.

Ёсьць і банкаўскія абмежаваньні. Рахункі не закрываюць, але абмяжоўваюць асартымэнт паслуг. Можна разьлічвацца карткай у краме, здымаць гатоўку ў банкамаце, але «абсякаюць» інтэрнэт-банкінг. Чалавек ня можа заплаціць онлайн за паслугі, за арэнду, за камуналку, ня можа карыстацца сыстэмай хуткіх платаў.

«Хтосьці чакае амаль два гады, хтосьці — два месяцы»

Андрэй (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) у Беларусі быў асуджаны на 4 гады калёніі, цалкам адбыў пакараньне. Летам 2024 году вызваліўся, нікуды не зьбіраўся зьяжджаць. Але сілавікі яму не далі жыць спакойна, завялі новую крымінальную справу. З дапамогай фонду BySol ён выехаў зь Беларусі. Падаў дакумэнты на міжнародную абарону ў Польшчы ў лістападзе 2024 году. Карту часовага дазволу на жыхарства не атрымаў дагэтуль.

«Мяняю ўжо чацьверты „часовы плястык“ на пяты, які дзейнічае то тры, то шэсьць месяцаў. Зь ім чалавек тэарэтычна мае доступ да рынку працы. Але каб уладкавацца, патрэбны яшчэ і дазвол urzędu (мясцовай выканаўчай улады. — РС). З такой даведкай і „часовым плястыкам“ ты можаш, зноў жа тэарэтычна, уладкавацца на працу. Мінулым летам працадаўца, у якога я працаваў нелегальна, з „часовым плястыкам“ не аформіў мяне. Так што гэта нібыта і дакумэнт, і не дакумэнт. У банку таксама яго не прызнаюць за дакумэнт», — кажа Андрэй.

Чарга на падачу дакумэнтаў для легалізацыі. Варшава, чэрвень 2026

Суразмоўца прызнаецца, што дагэтуль падпрацоўвае нелегальна: то разгружае машыны, то працуе на будоўлі. Хацеў авалодаць якой-небудзь рабочай прафэсіяй, але ўзніклі складанасьці з той жа прычыны. Жонка з вышэйшай эканамічнай адукацыяй, як ён выказаўся, «прыбірае польскім панам кватэры».

«Вучыцца я не магу пайсьці з гэтымі пустымі часовымі плястыкамі. На нармальную работу з заключэньнем дамовы аб працы, дзе я плаціў бы складкі ў сацыяльныя фонды, не бяруць. Прабачце, але зараз я скажу непапулярную рэч: чаму адным вызваленым ці памілаваным дакумэнты ў Польшчы і Літве робяць за пару месяцаў, а ўсім астатнім — за пару гадоў? „Сэлебрыці“ вызваліліся ў сакавіку, і ўжо праз два месяцы яны з блакітнымі „жэнэўскімі пашпартамі“ ўцекача. Павал Латушка б’е ў бубен і з гонарам рапартуе, як ён асабіста паспрыяў. А дзясяткі, нават сотні іншых былых палітычных па два гады чакаюць! Я, вядома, рады за суайчыньнікаў: хоць некаму пашанцавала. Але я таксама „адматаў“ поўны тэрмін — 4 гады. Атрымліваецца, што Бог няроўна дзеле», — разважае Андрэй.

«Наскардзілася» на сваю галаву

Алена (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) падала заяву на міжнародную абарону ў Польшчы таксама ў лістападзе 2024 году. Пайшоў ужо 19 месяц чаканьня. Пісала камэнтары, хадзіла на акцыі, калі адчула небясьпеку — зьехала зь Менску. Мае вышэйшую псыхалягічную акдукацыю. Працуе прадавачкай у невялікай сталічнай краме.

«Калі прайшло паўтара году чаканьня (максымальны тэрмін, за які ёй абяцалі разгледзець справу), у красавіку напісала скаргу ў мясцовую ўладу. У чэрвені — другую. Пасьля гэтага атрымала СМС: прыходзьце на дадатковае сумоўе ў такі і такі дзень. Таксама пазванілі, запыталіся, ці патрэбны перакладнік з польскай мовы. Сумоўе прызначана на 21 ліпеня. Наскардзілася на сваю галаву», — расказвае яна пра свае прыгоды зь легалізацыяй.

Працаваць прадавачкай у краме жанчыну ўзялі на абмежаваных умовах. Паўнавартасную дамову аб працы немагчыма падпісаць без дазволу на жыхарства. Банкаўская картка Алены працуе з абмежаваньнямі — няма інтэрнэт-банкінгу, ёю можна толькі фізычна разьлічыцца ў краме ці зьняць гатоўку ў банкамаце. Каб аплаціць тэлефон ці арэнду кватэры, даводзіцца прасіць сяброў, даючы ім наяўныя грошы.

«Усё жыцьцё пастаўлена на „стоп“ — я б магла ўжо паступіць у пасьляліцэйскую школу (на прафэсійныя курсы. — РС) і атрымліваць спэцыяльнасьць. А я два гады тупа сяджу і чакаю», — наракае жанчына.

Падарожны дакумэнт: таксама чэргі і чаканьне

У многіх беларусаў сканчаецца тэрмін дзеяньня пашпарту. Зьезьдзіць на радзіму і атрымаць новы яны ня могуць. А ў амбасадах Беларусі з 2023 году новыя дакумэнты беларусам не выдаюць. Прымаюць паперы на Polski dokument podróży (дакумент, які замяняе пашпарт пры паездках. — РС) толькі тады, калі беларускі пашпарт скончыўся, загадзя здаць дакумэнты ня ўдасца. Падарожны дакумэнт выдаюць тэрмінам на 1 год.

Польскі падарожны дакумент для замежніка

У некаторых гарадах (Уроцлаве, Гдыні, Гданьску, Познані й іншых) для яго атрыманьня можна высылаць пакет дакумэнтаў поштай на адрас мясцовага ваяводы. У Варшаве — толькі асабістая падача. З раніцы кожнага працоўнага дня выдаюць па 20 — максымум 22 талёнчыкі з запаветнай літарай W. Адкрываецца патрэбная ўправа, а 8-й раніцы, працуе да 15-й. Чарга пачынае зьбірацца, а 5-й раніцы.

Ганна першы раз прыйшла да будынку, а 7-й раніцы. Талёнчык у той дзень не атрымала — яны скончыліся за 15 хвілін. У 8:20 на экране быў надпіс «Czasowo niedostępna» ([сыстэма] часова надасяжная. — РС)

У мінулы аўторак Ганна была першай у чарзе, прыехаўшы, а пятай раніцы. А сёмай пад офісам сабраліся ўжо каля сотні чалавек, перад самым адкрыцьцём — каля 200. Насупраць дзьвярэй, крыху далей, стаяла купка маладзёнаў, якія рыхтаваліся штурмаваць дзьверы збоку. Крыкі, сварка, — распавядае Ганна.

«Калі роўна, а 8-й адчыняюцца дзьверы, людзі ляцяць у розныя бакі, на розныя паверхі. Я ў той дзень пасьпела ўзяць талёнчык і падаць дакумэнты. Праўда, давялося яшчэ даносіць копіію „decyzji“ (рашэньня аб наданьні статусу міжнароднай абароны, пра якую не было згадана на сайце. — РС). Польшча ж рэальна ІТ-краіна. Няўжо нельга наладзіць электронную падачу, прызначаць час, калі і куды прыйсьці паказаць арыгіналы дакумэнтаў?» — зьдзіўляецца Ганна.

І выказвае яшчэ адну прапанову — падоўжыць тэрмін дзеяньня дакумэнту, які Польшча выдае на 1 год.

«Сытуацыя ж не паляпшаецца. Некаторыя мае сябры ўжо трэці раз падаюць заяву на Polski dokument podróży. У суседняй Літве падобны пашпарт падарожніка даюць тэрмінам на 3 гады», — заўважае суразмоўца.