У міліцыі Меншчыны паведамілі пра абмежаваньні для грамадзян на сьвяткаваньнях 3 ліпеня

Перад сьвяткаваньнем у 2017 годзе. Ілюстрацыйнае фота

У міліцыі Менскай вобласьці паведамілі, што ў месцах правядзеньня сьвяткаваньняў, прымеркаваных да Дня Незалежнасьці 3 ліпеня, міліцыянтаў пераводзяць на ўзмоцнены рэжым службы ў ахове грамадзкага парадку.

Як адзначаецца ў паведамленьні, захады пачнуцца а 9-й раніцы і завершацца сьвяточнымі фаервэркамі позна ўвечары 3 ліпеня.

Каля мэмарыялу «Курган Славы» і гістарычна-культурнага комплексу «Лінія Сталіна» арганізоўваюць дадатковую пляцоўку для паркаваньня аўтамабіляў уздоўж дарогі Р-53.

Удзельнікам масавых акцыяў давядзецца прайсьці праз асабісты дагляд, таму міліцыянты раяць браць з сабой мінімум рэчаў.

Сярод забароненых рэчаў:

  • алькагольныя напоі,
  • безалькагольныя напоі ёмістасьцю больш за адзін літар ці ў шкляной тары,
  • усе віды зброі і калючыя або сякучыя прадметы,
  • газавыя балёнчыкі,
  • спэцыяльна зробленыя або прыстасаваныя прадметы, выкарыстаньне якіх можа несьці пагрозу жыцьцю і здароўю людзей.

Апроч таго, катэгарычна забараняецца выкарыстоўваць піратэхнічныя вырабы ў месцах сьвяткаваньня.

Міліцыянты таксама заклікалі бацькоў пільна глядзець за сваімі дзецьмі і нагадалі, што дзеці да 16 гадоў могуць знаходзіцца на вуліцы пасьля 23:00 толькі ў суправаджэньні дарослых.

У міліцыі нагадалі аб забароне знаходзіцца на сьвяткаваньнях у нецьвярозым стане, а таксама заклікалі паведамляць аб безгаспадарчых прадметах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сілавікі пяройдуць на ўзмоцнены рэжым службы за тыдзень перад выбарамі 26 студзеня

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Улады кожны год уводзяць адмысловы ўзмоцнены рэжым аховы грамадзкага парадку ў сьвяточныя дні, у час масавых захадаў і на выбарах.

У 2008 годзе 3 ліпеня адбыўся выбух самаробнай прылады каля стэлы «Менск — горад-герой» падчас сьвяточнага канцэрту. Тады пацярпелі амаль 50 чалавек.

У 2019 годзе падчас сьвяточнага салюту 3 ліпеня адбылася дэтанацыя і разрыў салютных установак з магутнымі выбуховымі хвалямі. Загінула адна жанчына, яшчэ некалькі чалавек атрымалі раненьні.

Да рэфэрэндуму 1996 году Дзень Незалежнасьці адзначалі 27 ліпеня. У выніку рэфэрэндуму, ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам, яго перанесьлі на 3 ліпеня, калі адзначаецца дзень вызваленьня Менску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Памідорам у Лукашэнку, крывавы салют, «плюшавы дэсант», мілітарызаваны агратрэш. Што трагічнага і камічнага адбывалася 3 ліпеня ў 1997-2023