Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў Менску паведаміў начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі МУС Аляксандар Купчэня.
«З 20 студзеня асабовы склад органаў унутраных спраў і вайскоўцы ўнутраных войскаў пераводзяцца на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы. Для каардынацыі дзеяньняў асабовага складу, збору і аналізу інфармацыі прадугледжана функцыянаваньне апэратыўна-сытуацыйных штабоў на ўсіх узроўнях», — сказаў Купчэня, якога цытуе Reform.news.
Купчэня расказаў пра кругласутачнае нясеньне службы сілавікамі на ўсіх участках для галасаваньня, а таксама што яны будуць знаходзіцца паблізу памяшканьняў для галасаваньня.
Акрамя таго, для дапамогі ім прадугледжаныя дадатковыя мабільныя групы і групы хуткага рэагаваньня ў поўным рыштунку з аўтаматычнай зброяй.
Пераход сілавікоў на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы будзе праведзены за дзень да пачатку датэрміновага галасаваньня, якое стартуе 21 студзеня.
Паводле Купчэні, таксама будуць прыцягнутыя ўдзельнікі добраахвотных дружын вэтэранаў органаў унутраных спраў, прадстаўнікі БРСМ.
Як адзначыў прадстаўнік МУС, усе ўчасткі будуць абсталяваныя сыстэмамі відэаназіраньня і кнопкамі трывожнай сыгналізацыі. Палова ўчасткаў падключаная да рэспубліканскай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі.
- Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
- У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
- Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў выбраць прэзыдэнтам новага чалавека.
- З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі.
Форум