У Беларусі памілавалі 32 чалавекі, зь якіх 28 — палітвязьні. Рашэньне прынятае, як сьцьвярджае прэсавая служба Лукашэнкі, «зыходзячы з прынцыпу гуманізму ў дачыненьні да асуджаных і іх сем’яў». Паведамляецца, што 28 зь іх «былі асуджаныя за злачынствы экстрэмісцкай скіраванасьці». Праваабарончы цэнтар «Вясна» называе іх палітвязьнямі.
Сярод памілаваных 20 жанчын і 12 мужчын, прозьвішчы пакуль невядомыя. Невядома таксама, ці гэта людзі, якія адбывалі пакараньне ў калёніях, ці тыя, хто меў абмежаваньне волі.
Усе яны нібыта «зьвярнуліся з хадайніцтвамі аб памілаваньні, прызналі сваю віну і выказалі раскаяньне».
Франак Вячорка: «Нават пасьля вызваленьня людзей трымаюць пад кантролем спэцслужбаў»
Франак Вячорка
Важна, каб вызвалены палітвязьні былі рэабілітаваныя, заявіў Свабодзе дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
«Цяпер мы спрабуем сабраць інфармацыю пра тое, хто быў памілаваны. Камунікуем з праваабаронцамі. На жаль, гэтая інфармацыя маладаступная, бо сем’і баяцца паведамляць.
Нават пасьля вызваленьня, пасьля так званага памілаваньня, людзей усё роўна трымаюць пад кантролем спэцслужбаў, забараняюць выяжджаць з краіны, не здымаюць судзімасьці. Людзі ўсё роўна знаходзяцца ў такім падвешаным, няпэўным стане.
Таму вельмі важна, каб ня проста людзей вызвалялі, а каб усе крымінальныя справы былі закрытыя і людзі былі рэабілітаваныя».
У Беларусі за кратамі застаецца як мінімум 835 палітвязьняў
З 21 чэрвеня 2025 году, паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны», былі вызваленыя 440 палітвязьняў, паводле зьвестак Радыё Свабода — сама меней 447 грамадзян Беларусі і 31 грамадзянін Украіны.
Паводле «Вясны», тых, каго прымусова выправадзілі зь Беларусі, 205 чалавек.
Да гэтага ўказу ў Беларусі было 863 палітвязьні, пра якіх ведалі праваабаронцы «Вясны».