Польская дасьледніца беларускай ідэнтычнасьці марыць пра помнік «кулаку» ў Менску і чакае, калі Беларусь зноў адкрыецца сьвету

Ганна Энгелькінг, прафэсарка Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук. Архіўнае фота

Зьявіўся беларускі пераклад кнігі польскай дасьледніцы, прафэсара антрапалёгіі Ганны Энгелькінг «Калгасьнікі» аб праблеме ідэнтычнасьці беларусаў.

Вядомая ў Польшчы і Беларусі антраполяг Ганна Энгелькінг з Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук расказала Свабодзе пра важнасьць тэмы нацыянальнай ідэнтычнасьці і асаблівасьці сваёй кнігі, згадала свае палявыя дасьледаваньні ў беларускіх вёсках, а таксама падзяліся марай пра тое, як ушанаваць постаць беларускага селяніна ў гарадзкім асяродзьдзі.

Яе фундамэнтральная кніга «Калгасьнікі. Антрапалягічнае дасьледаваньне ідэнтычнасьці жыхароў беларускай вёскі на мяжы XX і XXI стагодзьдзяў» толькі што выйшла ў беларускім перакладзе.

Спампаваць кнігу можна тут.

Ганна Энгелькінг — прафэсарка, супрацоўніца Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук (ПАН), у мінулым дырэктарка гэтага інстытуту, антраполяг, этнасацыёляг, дасьледніца Палесься і Горадзеншчыны, аўтарка фундамэнтальнай працы аб беларускай вёсцы на пераломе стагодзьдзяў «Калгасьнікі», дасьледніца навуковай спадчыны польскага этнасацыёляга Юзафа Абрэмбскага, які вывучаў Палесьсе ў першай палове ХХ стагодзьдзя.

Манаграфія «Калгасьнікі» стала плёнам больш як пятнаццацігадовых дасьледаваньняў, якія аўтарка і яе калегі зь сярэдзіны 1990-х гадоў праводзілі амаль штолета ў Беларусі.

Мэтай было атрымаць адказ на пытаньне, што беларускія сяляне думаюць пра саміх сябе — свае карані, гісторыю, справы і жыцьцё, месца ў сьвеце.

Ганна Энгелькінг (справа) падчас дасьледаваньняў на Палесьсі, 2011

Жыхары вёсак на ўсходзе і захадзе Беларусі ў размовах з польскімі дасьледнікамі згадвалі калектывізацыю і часы рэпрэсіяў, Другую ўсясьветную вайну і пасьляваенную разруху, пазьнейшае больш сытае жыцьцё і працу ў калгасах.

Ганна Энгелькінг (зьлева) падчас дасьледаваньняў у Горадзенскай вобласьці, 1997

З соцень запісаных размоваў склаўся калектыўны аўтапартрэт беларуса, які аўтарка кнігі пазначыла ёмістым словам «Калгасьнікі». Пад такой назвай кніга выйшла ў Варшаве ў 2020 годзе, а цяпер зьявіўся яе беларускі варыянт. Дасьледніца ім ганарыцца і нават уважае, што ў беларускім варыянце кніга стала лепшай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прафэсар Польскай акадэміі навук: «Новае беларускае пакаленьне — фэнамэнальнае ўвасабленьне эўрапейскасьці»

Чаму звацца «калгасьнікам» ня крыўдна?

Ганна Энгелькінг коратка расказала пра пакручасты шлях сваёй кнігі да беларускага чытача.

«Яшчэ на 2020 год Польскі інстытут плянаваў прафінансаваць пераклад і друк кнігі па-беларуску, але наступіў жнівень, і празь вядомыя падзеі гэтыя пляны рассыпаліся. Таму праз колькі гадоў я мусіла пачынаць усё з пачатку. Але ў выніку засталася вельмі задаволеная тым, што атрымалася. Выдатны пераклад, кніга добра аздобленая, добра зроблены PDF. Як на маю думку, дык кніга ў беларускім перакладзе атрымалася лепшай за польскі арыгінал. Час мінуў, і нешта давялося паправіць, нешта скараціць або, наадварот, дадаць, у тым ліку актуальныя зьвесткі. У выніку менавіта беларускі тэкст зараз самы актуальны», — расказала Энгелькінг.

Абранае для назвы слова «калгасьнікі» аўтарка ня лічыць крыўдным эпітэтам, а называе прыкметаю пэўнага часу. Яна мяркуе, што сялянскія каштоўнасьці працягваюць жыць у сучаснай беларускай культуры і ў беларускім грамадзтве ў цэлым, хоць у працэнтных адносінах гарадзкога насельніцтва ў Беларусі значна больш.

«Калгасы — гэта тое, што было для іх у апошняе стагодзьдзе самым памятным. Яны называюць сябе калгасьнікамі, бо зьяўляюцца носьбітамі сялянскай культуры, а гэта даўгавечная культура, якая мае глыбокія карані і была ўласьцівая ўсім земляробчым супольнасьцям. Яна перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне, і мы гэта пабачылі», — патлумачыла прафэсарка.

Умоўная формула беларускай ідэнтычнасьці, якую вывела ў сваёй кнізе польская дасьледніца, паводле яе, прайшла выпрабаваньне часам. Ганна Энгелькінг згадала, як паводзілі сябе беларусы падчас бурлівых падзеяў 2020 году.

«Памятаеце? Пратэставалі бяз гвалту, праводзілі сходы ў дварах, а калі выходзілі на вулічныя маршы, дык на іх ішлі спакойна. Стала мэмам, што калі беларусу трэба пракрычаць словы пратэсту, дык ён узлазіць на лаву, папярэдне зьняўшы абутак. Гэтак і было, хаця, вядома, здаралася, што і камянямі шпурлялі. Але збольшага людзі асьцярожнічалі, бо бачылі, што ў дварах у машынах сядзяць сілавікі, гатовыя на загад кінуцца разганяць. Гэта былі прагматычныя паводзіны, якія цалкам адпавядалі вынікам маіх ранейшых дасьледаваньняў, бо гэта тыповыя паводзіны беларускага сялянства», — кажа аўтарка кнігі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Беларусь — не Лукашэнка». Дзьве варшаўскія прафэсаркі прачыталі лекцыю пра беларускую рэвалюцыю

Залазіць на лаву без абутку — гэта норма чаго?

Асаблівасьцю беларускіх пратэстаў была іх міралюбнасьць. Дасьледніца пацьвярджае, што гэта таксама глыбінны складнік беларускай ідэнтычнасьці.

«Ідэнтычнасьць нараджаецца з догмаў. Так, калгасы — толькі адзін з гістарычных этапаў вашага грамадзтва. Але ў асноўным гаворку мусім весьці пра сялян, якія раней былі прыгоннымі. Гэтыя людзі ў ХІХ стагодзьдзі атрымалі вольнасьць і сталі гаспадарамі, але за савецкім часам зноў гэтую вольнасьць страцілі і сталі калгасьнікамі. У такіх гістарычных варунках на ідэнтычнасьць людзей ня мог не паўплываць прагматызм, стрыманасьць паводзін, выпрацаваная праз пакаленьні. А другім бокам такой ідэнтычнасьці стала міралюбнасьць, якую асабіста я называю цывільнасьцю. Калі ў характары народу няма мілітарызму, няма скіраванасьці на вялікую бойку, не ўхваляецца рыцарства, няма рамантычных ідэяў самаахвярнасьці дзеля айчыны, што ўласьціва, прыкладам, польскай культуры, а найперш ёсьць скіраванасьць на выжываньне. І гэта таксама было цалкам заўважна ў беларускіх пратэстах 2020 году. Дастаткова згадаць заклікі „Не — гвалту“ або „Мы — мірныя людзі“. Гэта ідэя барацьбы бяз гвалту. Бо стагодзьдзі прайшлі ў змаганьні з уладай — войскам, паліцыяй, чынавенствам, панамі — якія заўсёды былі мацнейшымі і заўсёды іх перамагалі, але разам з тым трэба было шукаць захады, каб бараніць свае інтарэсы. І гэта таксама сфармавала нацыянальную ідэнтычнасьць», — мяркуе прафэсар Ганна Энгелькінг.

Навукоўца пачала свае дасьледаваньні беларускай ідэнтычнасьці яшчэ ў 90-я гады мінулага стагодзьдзя. У складзе экспэдыцыяў яна пабывала ў розных раёнах Беларусі і кажа, што заўважыла ня толькі іх геаграфічную розьніцу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Навука на фоне палітыкі. 5 польскіх прафэсараў пра пэрспэктывы беларусістыкі ў Польшчы

«Шмат працавала і на захадзе Беларусі, на Піншчыне, прыкладам, або каля Ліды, але і на Гомельшчыне, Магілёўшчыне, нават дабралася да Горак пад самай расейскай мяжой. І зрабіла выснову, што падзел на ўсход і захад — гэта ня столькі падзел на тыя землі, якія да 1939 году былі за Польшчай, і тыя, што ўвесь час заставаліся ў СССР, і гэты падзел ня толькі мэнтальны. Усход — тэрыторыя, якая найбольш пацярпела. Па-першае, калектывізацыя там пачалася ўжо з канца 1920-х гадоў, на 20 гадоў раней, чым на захадзе. Я размаўляла зь вельмі старымі людзьмі, якія гэта памяталі і для якіх гэта была невылечная траўма. Бо тады яны перажылі раскулачваньне, шаленства ўлады, брутальны перасьлед, рэпрэсіі — усё было і гэта людзі не забылі. Асабліва на Гомельшчыне. Прыкладам, мы размаўлялі з тымі, у каго бацькоў расстралялі ў 1937 годзе, хто пацярпеў іншым чынам, сваякі паўцякалі, бо панаваў страх. А потым прыйшла II Усясьветная вайна, і зноў Усходняя Беларусь — тэрыторыя баёў, акупацыі, карных акцыяў, якія немцы называлі пацыфікацыяй. Дарэчы, на Заходнім Палесьсі гэта таксама было і таксама адбілася на мэнталітэце, але менавіта ўсход стаў той часткай Беларусі, якая найбольш пацярпела.

Прафэсаркі Ганна Энгелькінг і Эльжбета Смулкова прачыталі ў Варшаўскім унівэрсытэце супольную лекцыю пад назвай «Беларусь — не Лукашэнка». Варшава, 17 траўня 2022

А вялікай часткай апавяданьняў пра паваенныя падзеі было тое, як у 1944–45 гадах людзі з усходу ехалі ў заходнія рэгіёны на заробкі, па хлеб, у багатыя гаспадаркі, якіх там яшчэ не закранула калектывізацыя. Бо на ўсходзе нічога няма: няма мужчын, калгасы разбураныя, жанчыны на сабе аруць зямлю, няма хлеба. Людзі ратаваліся, і гэта засталося ў калектыўнай памяці: як ехалі туды, дзе было лепш, да заходнікаў. Таму гэты падзел у ідэнтычнасьці захаваўся. А другая адметнасьць тэрыторыяў, якую і мы заўважылі, — што на захадзе краіны ўсё ж людзі больш рэлігійныя. Больш ня толькі каталікоў, але і праваслаўных, і баптыстыў. На маю думку, усход больш стаў краем бязьвер’я, хоць фармальна там вызнаюць праваслаўе. Таму ў сваёй кніжцы, у разьдзеле аб памяці, я падзяляю ўспаміны на «ўсходнія» і «заходнія». Дарэчы, успаміны пра калектывізацыю там і там таксама адрозьніваюцца», — кажа дасьледніца.

Супрацоўнікі Катэдры беларускай культуры Ўнівэрсытэту ў Беластоку Катажына Далэнгоўска, Ганна Энгелькінг, Ірэна Матус, Алег Латышонак, Эльжбета Смулкова, Яўген Мірановіч з гасьцямі катэдры. Беласток, 1999

«У Беларусь мы трапілі ў час „адкрытага акенца“»

Паводле Ганны Энгелькінг, яна мае вельмі добрыя ўспаміны пра дасьледаваньні, якія праводзіла ў Беларусі, бо пазнаёмілася зь людзьмі, якія ўсяляк дапамагалі польскім навукоўцам. Гаворка як пра простых беларусаў, гэтак і пра асобаў пры ўладзе, кажа Ганна.

«Спачатку мы з студэнтамі прыехалі пад Ліду і працавалі ў каталіцкіх вёсках, дзе шмат хто мог размаўляць па-польску. Гэта быў мой сьвядомы выбар мясцовасьці дасьледаваньняў, каб мае польскія студэнты маглі разумець суразмоўцу і адначасова вучылі беларускую мову. Такім чынам ужо праз год тым жа складам мы змаглі паехаць на Палесьсе і там праводзіць такія ж дасьледаваньні. Вядома, размаўлялі на трасянцы, але ўжо добра разумеліся зь мясцовымі», — згадала спадарыня Ганна.

Ужо першым летам дасьледаваньня навукоўцу вельмі зьдзівіла павага да калгасаў, якую выказвалі беларускія сяляне. Яна кажа, што, з увагі на яе польскія стэрэатыпы, гэта здалося вельмі дзіўным.

«Што калгасы мусяць захавацца, бязь іх ня будзе жыцьця, што любім свайго старшыню, ён добры гаспадар. Пры гэтым як расказваюць пра калектывізацыю, дык палова плача — бачна, што гэта для іх страшэнная траўма. Але чаму тады ня маюць нэгатыўнага стаўленьня да калгасаў? Я пачала разважаць і зразумела, што гэта і будзе тэмай галоўнага дасьледаваньня», — расказала навукоўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

50 польскіх антраполягаў падпісалі ліст салідарнасьці з арыштаваным беларускім калегам Уладзімерам Шыпілам

«Палякам цяпер працаваць у Беларусі было б небясьпечна»

Арганізаваць дасьледаваньні на Палесьсі польскай навукоўцы дапамог яе сябар, беларускі журналіст. Дасьледніцу з калегамі запрашаў пэўны калгас, яны сустракаліся з кіраўнікамі гаспадарак, якія разьмяшчалі гасьцей на начлег, забясьпечвалі ўсёй неабходнай інфраструктурай. Пасьля сустрэчаў і размоваў яна стала лепш разумець псыхалёгію ня толькі простых сялян, але і іхных начальнікаў, кажа спадарыня Ганна.

«Было нават, што калгасны аўтобус развозіў нас па вёсках, дзе мы праводзілі дасьледаваньне. Агулам за лета можа зь дзесяцьцю старшынямі кантактавалі. Усе былі пазытыўныя, добразычлівыя людзі, акрамя іншага — у нас адбываліся шалёна цікавыя размовы, якія мне асабіста дазволілі зразумець складанасьць пасады старшыні калгасу ў той сыстэме. З аднаго боку, яны мусяць валодаць сакрэтамі сялянскай працы, ад чаго залежаць посьпех гаспадаркі і дабрабыт людзей. А з другога боку, на старшыню цісьне дзяржава, кантралюе кожны крок, а яму не хапае рэсурсаў: грошай на фэрмы, на будаўніцтва дзіцячага садку і гэтак далей. То бок гэтага беднага старшыню разрываюць на кавалкі, ён усім вінны. Дарэчы, за час дасьледаваньняў у Беларусі найбольш вылучаю аднаго старшыню: ён страшэнна ўразіў тым, наколькі быў адданы сваёй гаспадарцы. І яго мы сустрэлі не на Палесьсі, а ў Горацкім раёне, далёка на ўсходзе Беларусі. То бок часам нашы стэрэатыпы рассыпаюцца ў пыл», — пажартавала дасьледніца.

Ганна Энгелькінг з сумам адзначае, што паўтарыць падобныя дасьледаваньні ўжо ня можа, і не таму, што гэта дорага каштуе.

«Для палякаў цяпер гэта было б небясьпечна. А самі беларусы маглі б такое зрабіць, вядома. Аднак трэба ўлічваць, што ў вас людзі цяпер, пэўна, будуць больш асьцярожнымі, закрытымі. Мы пачыналі наша дасьледаваньне ў часы адкрытасьці, трапілі ў „адкрытае акенца“. Цяпер такога няма. Але карысьць ад такога дасьледаваньня была б вялікая, бо час усё мяняе. Цікава, як бы цяпер беларусы адказвалі на пытаньні пра рэпрэсіі».

Ганна Энгелькінг на Кангрэсе беларусістаў у Менску, 2010

Надалей цікавіць дасьледніцу постаць беларускага начальніка. Якое да яго стаўленьне было 15 гадоў таму, Ганна ведае, а што людзі думаюць цяпер?

«Канцэптуальна фігура старшыні калгасу — гэта ўсё ж фігура пана. З аднаго боку, добры пан клапоціцца пра людзей, дбае пра ўраджай і плаціць за працу, але з другога боку — гэта тая асоба, якая блякуе свабоду. Раней дваістасьць стаўленьня да пана была непазьбежная, гэтак і цяпер старшыню гаспадаркі нават калі будуць недалюбліваць, але ўсё роўна паважаць і баяцца. Гэта цікава прасачыць на розных узроўнях», — мяркуе польская дасьледніца.

Пры ўсёй настальгіі па часах, калі на беларускіх палетках працавалі вольныя хлебаробы, антраполяг ня мае ілюзіяў наконт іх вяртаньня.

«Якой будзе беларуская сельская гаспадарка яшчэ праз 15 гадоў? Апошнім разам я была ў Беларусі 10 гадоў таму і ўжо тады адзначыла, што беларуская вёска хутка вымірае. Бачу, што гэты працэс працягваецца і, па-мойму, прывядзе да ўзьнікненьня сыстэмы новых буйных гаспадарак, сучасных фальваркаў. Імі будуць валодаць уласьнікі, можа быць розная форма ўласнасьці, але істота ў тым, што працоўную сілу будуць наймаць. Яе для сельскай гаспадаркі будуць забясьпечваць прыежджыя людзі, гэта ўжо адбываецца. Менавіта яны ўсё больш засяляюць вашыя „аграгарадкі“», — зазначае дасьледніца.

У канцы размовы прафэсар Ганна Энгелькінг падзялілася з Свабодай сваёй марай — ушанаваць беларускага селяніна, якога яна лічыць творцам беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці.

«Хацела б, каб у цэнтры Менску паставілі помнік селяніну. Я б назвала гэтага чалавека „кулаком“ (як гаварылі мае суразмоўцы), але ведаю, што ў Беларусі гэтае слова непапулярнае. Тады — моцным гаспадаром, які ў народным уяўленьні быў узорам гаспадарлівасьці, разбагацеў, бо працаваў, меў шмат зямлі і шмат дзяцей, пра якіх клапаціўся. Такога беларуса савецкая ўлада не шанавала, але ён выжыў і варты помніка», — мяркуе польская дасьледніца.

Кніга Ганны Энгелькінг «Калгасьнікі. Антрапалягічнае дасьледаваньне ідэнтычнасьці жыхароў беларускай вёскі на мяжы XX і XXI стагодзьдзяў» была прэзэнтаваная на 4-м Беларуска-польскім экспэртным форуме імя Рамана Скірмунта ў канцы чэрвеня ў Варшаве. Кніга пакуль выйшла толькі ў PDF-фармаце, але аўтарка мае пляны і на друкаваную вэрсію.

На пытаньне, ці Інстытут славістыкі ПАН, дзе працягвае навуковую дзейнасьць прафэсар Ганна Энгелькінг, мае пляны правесьці ў Беларусі новыя дасьледаваньні, яна адказала:

«Так, несумненна. Але пакуль у плянах няма палявых дасьледаваньняў. Маем або працу з былым матэрыялам, або гістарычныя тэмы. Але чакаем часу, калі Беларусь зноў „адкрыецца“».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Нацыяналістычная апалёгія расейскай мовы», — польскія славісты адказалі Гусакову і Каваленю на артыкул аб «двумоўі»