«Ні з кім не кантактаваў, з пакою амаль не выходзіў». Што вядома пра зьніклага ў Гішпаніі беларуса

Генадзь Смаляк

Сяброўка зьніклага ў Гішпаніі Генадзя Смаляка расказала Свабодзе пра ягоны стан у апошні час і вэрсіі таго, што зь ім магло здарыцца.

Беларус Генадзь Смаляк зьнік у Гішпаніі 19 чэрвеня. Ён два тыдні не выходзіць на сувязь з роднымі і сябрамі. Падаць заяву ў паліцыю аказалася складана, бо ў Гішпаніі няма родных зьніклага, а на радзіме беларусу пагражае перасьлед.

Былая жонка, сяброўка і партнэрка ў праектах Генадзя Марта* (не называем прозьвішча на яе просьбу. — РС) расказала Свабодзе, што вядома на гэты момант.

«Даволі позна мы зразумелі, што ён зьнік», — адзначае суразмоўца.

Генадзь апошнімі тыднямі жыў у горадзе Сабадэль каля Барсэлёны, у доме, падобным да сквоту, разам зь іншымі людзьмі. Марта знаходзіцца ў іншай краіне, па-за Эўразьвязам. Яна расказала, што апошні раз размаўляла з Генадзем у канцы траўня.

У пачатку чэрвеня ён перастаў адказваць на ейныя паведамленьні і званкі. Але дзяўчына асабліва не пераймалася, бо падобнае ўжо здаралася. Таму яна чакала, пакуль сябар выйдзе на сувязь. Тады Марта даведалася ад знаёмых, разам зь якімі жыў Генадзь, што зь ім усё добра, але ён «без настрою».

«У яго быў ня вельмі добры эмацыйны стан. Ён быў у моцным дэпрэсіўным эпізодзе. Ён апошні месяц ні з кім не кантактаваў, з пакою амаль не выходзіў, як мне апавядаюць людзі, якія зь ім жылі. Еў, спаў, паліў цыгарэткі і ўсё. Нават у краму не выходзіў. З сваімі суседзямі па кватэры не асабліва размаўляў», — расказвае пра стан Генадзя апошнім часам Марта.

Генадзь Смаляк зьнік 19 чэрвеня ў ваколіцах Барселёны

Аднак празь нейкі час захвалявалася Генадзева маці, якой сын таксама перастаў адказваць, і напісала пра гэта Марце. Урэшце 27 чэрвеня тая высьветліла ад знаёмых, зь якімі жыў Генадзь, што ён ужо больш за тыдзень не прыходзіў дадому. Апошні раз Смаляка бачылі ў гарадзкім парку 19 чэрвеня. Аднак адразу трывогу ніхто ня біў, бо думалі, што ён, магчыма, кудысьці паехаў.

«Але гэта немагчыма, бо ў яго адключаны тэлефон увесь гэты час. Я ведаю Гену — без навігацыі ён бы далёка не заехаў, пагатоў ён не мясцовы. Куды чалавек без тэлефона і грошай можа зьехаць?» — разважае суразмоўца.

«Магчыма, ён блукае дзесьці»

Імавернай прычынай зьнікненьня Генадзя Марта называе пагаршэньне ягонага псыхічнага стану і тое, што ён чамусьці перастаў прымаць неабходныя лекі, якія дапамагалі яму шмат гадоў. На яе думку, ён мог пайсьці на шпацыр у лес і заблукаць без тэлефона, да таго ж у пагоршаным псыхічным стане.

«Магчыма, ён блукае дзесьці дэрэалізаваны (дэрэалізацыя — стан, пры якім чалавек успрымае навакольны сьвет як штучны, нерэальны, далёкі або быццам „са сну“; ахоўны мэханізм псыхікі, які часта ўзьнікае як рэакцыя на моцны стрэс, трывогу, эмацыйнае выгараньне або стомленасьць. — РС). Ці проста ад людзей зьбег», — мяркуе Генадзева сяброўка.

Варыянт, што Генадзь «проста паехаў кудысьці тусавацца», Марта амаль не разглядае. Яна зьвяртае ўвагу на такую дэталь: Генадзю перадалі грошы, але ён па іх не паехаў і не забраў.

«Гэта таксама дзіўна. Як чалавеку ў эміграцыі не патрэбныя грошы?» — задаецца пытаньнем Марта.

Падобная сытуацыя здарылася сёлета ў пачатку вясны, расказвае яна. Тады Генадзь не адказваў Марце на паведамленьні каля месяцу. Але ўвесну ён не перарываў кантакт з роднымі і не зьнікаў фізычна, як гэтым разам.

Генадзь Смаляк

Сёлета ў лютым Генадзь Смаляк даваў інтэрвію выданьню Most Media, дзе расказваў, што ў эміграцыі ўжываў наркотыкі, але потым перастаў. Наколькі Марта ведае, апошнім часам ён не вяртаўся да наркатычных рэчываў і «нават піва ня піў».

Марта расказвае, што яны з Генадзем абмяркоўвалі тэму самагубства. Сябар ставіўся да гэтага хутчэй адмоўна.

«Ён лічыў, што суіцыд — гэта крыху эгаістычна ў дачыненьні да сям’і. Але ён вельмі хваліў эўтаназію, лічыў, што эўтаназія — гэта клясна, ты ўсіх сваякоў папярэдзіў. Часам праскоквалі суіцыдальныя думкі, але я ня бачыла нейкіх намераў. Гэта было хутчэй у рамках развагаў „а што калі б“. Навошта тады зьнікаць? Можна зрабіць хаця б так, каб цябе знайшлі», — дзеліцца суразмоўца.

Заява ў паліцыю

Сябры Генадзя Смаляка спрабавалі падаць заяву аб зьнікненьні чалавека ў паліцыю. Аднак зрабіць гэта было складана. Заяву аб зьнікненьні чалавека могуць падаць толькі блізкія родныя. Ніхто зь іх не жыве ў Гішпаніі і пакуль ня можа туды паехаць. Іншы варыянт, які прапанавалі ў паліцыі гораду Сабадэль, — каб родныя ў Беларусі пайшлі ў аддзел беларускай міліцыі і падалі заяву аб зьнікненьні чалавека туды, расказвае Марта.

«Аднак для мяне гэта гучыць сьмешна, бо я ўяўляю рэакцыю беларускіх мянтоў, якія, мне здаецца, яшчэ і парадуюцца: „на аднаго змагара меней стала“. Калі б ён ня быў грамадзянінам Беларусі, можа быць, гэтая схема працавала б. Але ў нашай сытуацыі з праўным дэфолтам гэта ніяк не працуе. Праз знаёмых змаглі падаць заяву ў Барсэлёне. Змаглі дамовіцца з канкрэтным паліцыянтам, ён прыняў заяву», — кажа дзяўчына.

У сераду 1 ліпеня стала вядома, што паліцыя ў Гішпаніі ўсё ж не будзе шукаць беларуса без заявы родных, пададзенай у беларускую міліцыю.

На Генадзя Смаляка, з словаў сяброўкі, не было крымінальнай справы ў Беларусі. Але, на яе думку, перасьлед на радзіме яму пагражаў, бо Генадзь паходзіў з «анархісцкіх тусовак», дапамагаў бяздомным аднаўляць дакумэнты, перасяляцца ў вёскі, займаўся праектам «Ежа замест бомбаў», дзе валянтэры кармілі бяздомных, таксама ён мог бы сесьці ў Беларусі за дзейнасьць у эміграцыі. Яны разам займаліся мэдыйным праектам Not today, not yesterday, not tomorrow.

Сябры зьніклага хочуць зьвярнуцца да валянтэрскіх арганізацыяў, якія дапамагаюць шукаць людзей у Гішпаніі. Гэта бюракратычны працэс, таму ня надта хуткі.

Дапамога бяздомным і псыхічна хворым людзям

Генадзю 36 гадоў. У Менску ён працаваў санітарам у псыханэўралягічным інтэрнаце № 3. Дадаткова там жа валянтэрыў, ладзіў музычныя выступы для жыхароў інтэрнату, праводзіў арт-тэрапію.

Як сам Генадзь раней расказваў Most Media, ён укараняў тое, чаго раней ва ўстанове не было: выхады ў горад, экскурсіі, свабодны доступ да вады, тэлевізары ў палатах, магчымасьць для валянтэраў наведваць гэтых людзей. Калі, зь ягоных словаў, «людзі пачалі ажываць», новы начальнік інтэрнату скасаваў навацыі, а Смаляк звольніўся са скандалам.

Пасьля ад’езду зь Беларусі Генадзь жыў ва Ўкраіне, Польшчы, Нямеччыне, Гішпаніі. За мяжой ён працаваў журналістам для розных выданьняў і нават атрымаў журналісцкую прэмію за тэкст пра мігрантаў на беларуска-польскай мяжы.