У ААН занепакоеныя эскаляцыяй вайны ва Ўкраіне, прадстаўнік Беларусі расказаў дэталі інцыдэнту на Браншчыне

Сьцяг ААН. Ілюстрацыйнае фота

За апошнія шэсьць тыдняў Рада бясьпекі ААН сабралася сёмы раз праз вайну ва Ўкраіне і яе ўплыў на глябальны мір і бясьпеку. Цяпер Раду склікалі на патрабаваньне Беларусі пасьля інцыдэнту ў Бранскай вобласьці Расеі з аўтобусам, які перавозіў дзяцей з Гомельскай вобласьці.

Памочніца генэральнага сакратара ААН Марта Побі заявіла, што павелічэньне колькасьці пасяджэньняў Рады бясьпекі праз вайну ва Ўкраіне адлюстроўвае небясьпечную эскаляцыю і павышэньне рызыкаў далейшага пагаршэньня з рэгіянальнымі і глябальнымі наступствамі.

«Ад вайны пакутуюць мірныя жыхары ва Ўкраіне і Расеі»

«За апошнія некалькі тыдняў інтэнсіўнасьць і маштаб нападаў Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны значна ўзрасьлі, што прывяло да большай колькасьці ахвяр сярод мірнага насельніцтва і разбурэньняў. Толькі сёньня (29 чэрвеня), як паведамляецца, па ўсёй Украіне праз расейскія паветраныя ўдары загінулі сама меней 15 чалавек. Таксама паведамлялася пра эскаляцыю нападаў у раёнах Украіны, якія знаходзяцца пад часовай акупацыяй Расейскай Фэдэрацыі», — сказала Марта Побі.

Памочніца Генэральнага сакратара ААН дадала, што ў акупаваным Расеяй Крыме і горадзе Севастопаль пасьля ўкраінскіх атак абвясьцілі надзвычайнае становішча праз нястачу паліва і вады, а ўдары па прамысловых, вайсковых і энэргетычных аб’ектах таксама працягваюць прыводзіць да ахвяр сярод мірнага насельніцтва ўнутры Расеі.

«Як мы паведамлялі, 17 чэрвеня ў Бранскай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі бесьпілётнік пацэліў у аўтобус, які перавозіў моладзевую футбольную каманду Беларусі. Паводле зьвестак расейскіх і беларускіх уладаў, адна цяжарная жанчына загінула, а дзевяць чалавек, шэсьць зь якіх дзеці, атрымалі раненьні. ААН ня мае дадатковай інфармацыі аб гэтым інцыдэнце», — адзначыла Марта Побі.

Памочніца Генэральнага сакратара ААН заявіла аб неабходнасьці абароны мірнага насельніцтва і асудзіла напады на цывільных грамадзян і інфраструктуру, дзе б гэта не адбывалася.

Апроч таго, яна зьвярнула асобную ўвагу, што ў краінах, якія мяжуюць з Украінай і Расеяй, пачасьціліся выпадкі парушэньня паветранай прасторы бесьпілётнікамі — пра такія інцыдэнты паведамлялі ўлады Малдовы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Фінляндыі, Польшчы і Беларусі, а таксама краін шырэйшага рэгіёну — Баўгарыі, Грэцыі, Казахстану і Турэччыны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьнішчальнікі NATO упершыню зьбілі бесьпілётнік у паветранай прасторы Латвіі. Што вядома

Аб магчымай эскаляцыі з боку Беларусі

Марта Побі асобна зьвярнула ўвагу на магчымую эскаляцыю вайны Расеі супраць Украіны ў сувязі з Беларусьсю.

«Мы занепакоеныя нядаўняй рыторыкай эскаляцыі і магчымасьцю далейшага распаўсюджваньня гэтай вайны. Неабходна зрабіць усё магчымае, каб гэтага не адбылося. Таму мы заклікаем Расейскую Фэдэрацыю, Украіну і ўсе зацікаўленыя дзяржавы-чальцы пазьбягаць любых крокаў, якія могуць прывесьці да далейшага распаўсюджваньня гэтай вайны — наўмысна ці ненаўмысна», — адзначыла яна.

Памочніца генэральнага сакратара ААН заклікала да дыялёгу і дыпляматыі, каб неадкладна зьнізіць напружанасьць і прадухіліць яшчэ «большы пажар».

«Мы заклікаем усе зацікаўленыя бакі ў рэгіёне зрабіць свой унёсак у мірныя намаганьні ва Ўкраіне і спрыяць доўгатэрміноваму міру і бясьпецы ў рэгіёне», — заявіла Марта Побі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка саступіў? Чаму спрацаваў ультыматум Зяленскага. Вынікі тыдня з Валерам Карбалевічам

Што сказаў прадстаўнік Беларусі

Сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў заявіў, што ў дзень інцыдэнту ў Бранскай вобласьці адзін з украінскіх бесьпілётнікаў знайшлі ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласьці, які быў ідэнтычным таму, які атакаваў аўтобус у Расеі.

«Ужо цяпер можна з поўнай упэўненасьць канстатаваць, што ўдар па аўтобусе ня стаў вынікам выпадковых або нявыбарных дзеяньняў, якія прынесьлі спадарожную шкоду. Гэтая атака была кіраваная і кантраляваная», — заявіў Валянцін Рыбакоў.

Прадстаўнік Беларусі падкрэсьліў, што такія дзеяньні зьяўляюцца парушэньнем міжнароднага права і заклікаў асудзіць «гэты тэрарыстычны акт». Рыбакоў дадаў, што пракуратура Беларусі вядзе расьсьледаваньне інцыдэнту паводле факту тэракту і цяпер мае дакладную інфармацыю, што «ўдар быў нанесены бесьпілётным апаратам украінскай вытворчасьці».

Паводле Рыбакова, дрон, якім атакавалі аўтобус, належыць да клясы Darts — іх вырабляе каманда «Сталёвыя шэршні». Бесьпілётнік меў баявую частку з выбуховым рэчывам, эквівалентным прыблізна 1200 грамам тратылу, а на месцы былі знойдзеныя дэталі з маркіроўкамі на ўкраінскай мове.

Рыбакоў перакананы, што гэты інцыдэнт накіраваны на ўцягваньне Беларусі ў вайну і заявіў аб недапушчальнасьць любых пагроз і ўльтыматумаў на адрас беларускіх уладаў.

«Пры гэтым мы настойліва рэкамэндуем не выпрабоўваць далей цярпеньне беларускага боку і ні ў якім выпадку ня лічыць адсутнасьць тэрміновай жорсткай рэакцыі праявай слабасьці, нерашучасьць або баязьлівасьці», — сказаў ён і заклікаў да дыпляматыі і перамоў.

Паводле яго, паміж Беларусьсю і Ўкраінай працягваецца канфідэнцыйны дыялёг па абмене думкамі аб сытуацыі і дапамозе ў абменах палоннымі, а любыя рэзкія заявы ўкраінскага кіраўніцтва зьяўляюцца правакацыяй.

Рыбакоў таксама паведаміў, што ў дзень інцыдэнту ў Бранскай вобласьці, 17 чэрвеня, на тэрыторыі Беларусі ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласьці знайшлі аналягічны дрон, якім атакавалі аўтобус у Бранскай вобласьці.

Паводле яго, дрон ляцеў з Украіны празь Беларусь у Расею, і гэта не адзінкавы выпадак.

«Калі б Беларусь зьвярталася з просьбамі аб скліканьні пасяджэньняў Рады бясьпекі па кожнымі інцыдэнце з БПЛА на сваёй тэрыторыі, такіх сустрэч магло б быць больш, чым рэгулярных штомесячных пасяджэньняў», — заявіў Рыбакоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі прайшоў новы абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай. Беларусаў сярод іх не было

Рэакцыя Ўкраіны

Сталы прадстаўнік Украіны ў ААН Андрэй Мельнік заклікаў раду ААН ухваліць рэзалюцыю для поўнага і безумоўнага спыненьня агню з боку Расеі.

«За апошнія 15 месяцаў Украіна неаднаразова заклікала Раду бясьпекі ўхваліць рэзалюцыю для поўнага і безумоўнага спыненьня агню. Ды, на жаль, працягнутая рука Ўкраіны такі і засталася вісець у паветры», — працытавала Мельніка агенцтва «Інтерфакс-Україна».

Украінскі дыплямат падкрэсьліў, што Кіеў гатовы да наўпроставых перамоў з Расеяй дзеля дасягненьня моцнага і справядлівага міру адпаведна Статуту ААН, аднак гэта не азначае бязьмежнага чаканьня.

«Наша цярпеньне не бязьмежнае. Рада бясьпекі павінна падумаць, як доўга можна выкарыстоўваць падыход „пачакаем і пабачым“ — калі гэта будзе працягвацца, ня выключана, што Ўкраіна мадыфікуе свае падыходы», — заявіў Мельнік.

Паводле яго, спыненьне агню па фактычнай лініі разьмежаваньня ўжо зьяўляецца кампрамісам з боку Ўкраіны.

Завяршаючы выступ, украінскі дыплямат зьвярнуўся непасрэдна да прадстаўніка Расеі:

«Вам ніколі ня ўдасца ўтрымаць акупаваныя землі. Ніколі. Прыбірайцеся з Украіны як мага хутчэй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У выніку расейскай ракетнай атакі Дніпра ёсьць ахвяры і параненыя

Што папярэднічала

17 чэрвеня кіраўнік Бранскай вобласьці Расеі Ягор Кавальчук заявіў, што ў выніку «абстрэлу з боку ўкраінскіх сілаў» пацярпеў аўтобус, у якім дзіцячая футбольная каманда з Гомля ехала на адпачынак у расейскі Геленджык. Адзін чалавек загінуў і яшчэ 8 атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей — двое зь іх былі ў цяжкім стане.

Здарэньне адбылося каля 11-й гадзіны ў раёне вёскі Рудня Бранскай вобласьці. На фота, распаўсюджаным бранскімі абласнымі ўладамі і дзяржаўнымі СМІ Беларусі, быў аўтобус з выбітымі шыбамі і пашкоджаньнямі, імаверна ад аскепкаў снараду.

Сьледчыя камітэты Расеі і Беларусі завялі крымінальную справу. У Расеі — паводле факту тэрарыстычнага акту.

У МЗС Беларусі асудзілі атаку, але зьвярнулі ўвагу на «неабходнасьць выкананьня парадку арганізацыі выезду групаў грамадзян, асабліва дзяцей, на аздараўленьне і адпачынак у замежныя дзяржавы» і «абавязковасьць безумоўнага выключэньня выезду грамадзян у зоны канфліктаў, баявых дзеяньняў і сумежных зь імі рэгіёнаў».

Ва Ўкраіне зьняпраўдзілі сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі назвалі, каго лічаць вінаватымі ў інцыдэнце з аўтобусам, у якім ехалі дзеці зь Беларусі