Былыя палітвязьні распавялі Свабодзе, як пакутавалі ад гарачыні, чым ратаваліся і што рабіла адміністрацыя.
«Адчынялі „кармушкі“ ў камэры толькі калі нехта зь вязьняў паміраў»
Павал Вінаградаў пасьля арышту ў студзені 2021 году да вызваленьня ў верасьні 2025 зьведаў некалькі вязьніц, у тым ліку жодзінскую сьледчую турму, дзьве калёніі і горадзенскую крытую турму.
«Пачну з апошняга. Лета 2025 году я правёў у горадзенскай турме. Уявіце: у камэры пад 40 градусаў, а там сядзіць 9 чалавек, амаль усе паляць і часта гатуюць ды п’юць гарбату. Вялікая вільгаць, пах поту, паўночы немагчыма заснуць, гэтак горача. А яшчэ кусаюць блохі, якія ў такіх умовах надзвычай хутка размнажаюцца. Просім правесьці дэзынфэкцыю, але гэта не дапамагае. Нікому б не пажаў такога лета», — кажа Павал Вінаградаў.
Ён дадае, што ранейшае лета, у 2024 годзе, выдалася для яго яшчэ горшым.
«Быў там жа, у горадзенскай турме. Неяк падчас сьпякоты пайшоў да прыбіральні і страціў прытомнасьць — проста паваліўся на падлогу. Можа, ціск падскочыў ці што, ня ведаю, бо мэдыкі мяне пасьля таго не аглядалі. Ачуняў і адчуў моцны холад, таму мусіў апрануць турэмную робу. Магчыма, быў адзіны ў турме апрануты ў робу, што там вельмі незвычайна. Некаторыя на мяне глядзелі, як на дзівака, затое ахоўнікі не чапляліся да парушэньня формы адзеньня.
А яшчэ горадзенская турма запомнілася тым, што там улетку, калі сьпякота, адміністрацыя ўсё ж вымушана калі-нікалі адчыняла „кармушкі“ (акенца ў дзьвярах, праз якое падаюць ежу — РС). Чаму? А гэтак здараецца, калі нехта „на корпусе“ памірае. Толькі чаму гэтага нельга рабіць да таго, як вязень ад сьпякоты памрэ, для мяне дагэтуль загадка», — прызнаецца Павал Вінаградаў.
У турэмным досьведзе Паўла Вінаградава таксама знаходжаньне ўлетку 2021 году ў вязьніцы Баранавіч, дзе ён захварэў на сухоты. Былы палітвязень мяркуе, што гэта здарылася ня толькі праз антысанітарыю, але і праз асаблівасьці старога будынку, у якім трымалі арыштантаў у гарачыню.
«Самы стары корпус гэтай вязьніцы — гэта былыя стайні. Там трымаць людзей увогуле нельга: шчыльнасьць большая, чым у крытай горадзенскай турме, усе потныя, брудныя, таксама паляць і вараць гарбату. Ад гэтай вільгаці і гэтых побытавых умоваў я і падхапіў сухоты», — мяркуе Павал Вінаградаў.
«Дзеля прафіляктыкы суіцыдаў забаранялі адчыняць нармальна вокны»
Былая палітзьняволеная Ларыса Шчыракова адбывала свой тэрмін у 3,5 году зьняволеньня ў жаночай калёніі № 4, якая месьціцца ў Гомлі. Журналістка асабліва наракае на ўмовы на працоўным месцы, у швейным цэху. Паводле Ларысы, у сьпёку адміністрацыя найперш дбала пра тое, каб не перагрэлася працоўнае абсталяваньне.
«Дзеля гэтага працавалі вэнтылятары, яшчэ на вокны сталі клеіць такую адмысловую плёнку, якая не прапускае сонечныя промні. Бывала, што спынялі працу на нейкі час, — але галоўная мэта, каб не награвалася абсталяваньне. Там жа шыюць з раніцы да вечара, таму абсталяваньне для іх — вельмі важна. А што мы пераграваемся, гэта для іх нічога», — кажа Ларыса Шчыракова.
Былая палітзьняволеная згадала, што на працу яны бралі бутэлькі з вадой, якую пілі, пры гэтым ахоўнікі рабілі выгляд, што парушэньня не заўважаюць.
Паводле былой палітзьняволенай, больш складана для яе і яе сябровак было вытрымаць сьпякоту ў бараку, дзе забаранялі адчыняць вокны насьцеж. Асабліва цяжка было ў пакоі «выхаваўчай работы», куды жанчын у любое надвор’е зганялі на абавязковыя прагляды і лекцыі.
«Прыдумалі не адчыняць вокны, каб не было спробаў суіцыду — гэтакая прафіляктыка. Каму гэта прыйшло ў галаву, ня ведаю! Памяшканьне маленькае, крэслаў усім не хапае, людзі сядзяць на праходах, а яны дазваляюць адчыняць вокны толькі на гэты абмежавальнік, мо на якія 10 сантымэтраў. Мы там сядзелі і задыхаліся, проста каналі. Я была такая разьюшаная! Сядзела на зэдліку каля самага ўваходу, напалову фактычна ў калідоры, і ўсё роўна мяне ў жар кідала. Плюс 35, а мы там сядзім, як мухі», — дагэтуль абураецца Ларыса Шчыракова.
Паводле яе, цяжка было вытрымаць і пастраеньні ў сьпякоту, хаця адміністрацыя ўсё ж старалася праводзіць іх там, дзе не было сонца.
«Наперадзе быў цень ад дрэваў, і мы там станавіліся на праверку. І мне падаецца, паўсюль, дзе такая магчымасьць была, атрадам дазвалялі выкарыстаць лепшае месца, але ня ўсім гэтых месцаў хапала. Але ўсё роўна ты там млееш, бо і людзі розных узростаў, і па-рознаму пераносяць сьпякоту. Таму „целапад“, як мы назвалі тое, што жанчыны падалі і гублялі прытомнасьць, быў пастаянны. Звычайна чалавека падымуць, пасадзяць на якую лаўку, дадуць вады. Бывала, пад рукі павядуць у мэдчастку, альбо за рукі-ногі пацягнуць. Увогуле ня памятаю, каб каго несьлі на насілках — можа, тых насілак няма? Шмат разоў бачыла, што як камусьці станавілася блага, дзеўкі проста бяруць за ногі і рукі ды цягнуць у мэдчастку. Бо вытрымаць такое пастраеньне цягам 30 хвілін на прамым сонцы — гэта вялікае выпрабаваньне!» — кажа Ларыса Шчыракова.
Былая палітзьняволеная ня памятае, каб у сьпякотны час мяняўся рацыён у сталоўцы.
«Дакладна памятаю, што ўлетку 2-3 разы давалі сьвежыя агуркі. А ў астатнім — як звычайна. Прычым у нас непагана гатавалі, нават якую бабку ці суфле ўмудраліся згатаваць. Адзінае, што аднолькавасьць стамляла», — згадала пра жаночую калёнію Ларыса Шчыракова.
«У чорнай вопратцы награваесься, як у печцы»
Уладзімер Лабковіч ва ўспамінах пра сьпякотныя дні ў шклоўскай калёніі, дзе ён адбыў 3 гады, найбольш наракае на турэмную вопратку. Што такое згубіць прытомнасьць падчас пастраеньня, праваабаронца «Вясны» ведае па сабе — падчас праверак у сьпякоту ён падаў ня раз.
«Потым мяне заносілі ў мэдчастку, але там ніякай дапамогі: ачуняў — і ідзі ў атрад, зноў на сьпякоту», — згадаў праваабаронца.
Уладзімер Лабковіч лічыць зусім непрыдатнай форму чорнага колеру з штучнай тканіны, у якую даводзіцца апранацца беларускім вязьням.
«Ты ў ёй награваесься, як у печцы», — згадвае праваабаронца і дадае, што яшчэ ў горшым стане тыя, хто ў гарачыню працуе на прамзоне.
«Зараз думаю пра тых, хто на промцы ў такія дні. Мне даводзілася працаваць у швейным цэху, дык там фактычна няма ніякага кандыцыянаваньня. Цягам усяго дня працуе тэхніка, працуюць прасы і гарачыня там проста неверагодная — больш за 50 градусаў. Добра яшчэ, калі працуеш у начную зьмену! А тое, што адбываецца ў першую зьмену — гэта такое пекла на зямлі. Перажываю цяпер за хлопцаў і жадаю, каб гэтая сьпякота хутчэй скончылася», — сказаў праваабаронца Лабковіч.
Паводле Лабковіча, падчас сьпякоты крыху лепш толькі тым, хто трапіў у ШЫЗА, бо там камэры падсыхаюць і зьнікае звычайная вільгаць, ад якой людзі вельмі пакутуюць у халодныя пэрыяды.
Асуджаным дапамагае ратавацца ад гарачыні вада, кажа Лабковіч.
«Ваду пʼюць, ёй абліваюцца пасьля працы ў памяшканьні для ўмываньня. Што да ахоўнікаў, то іх ратуюць кандыцыянэры і вэнтылятары — яны ва ўсіх службовых памяшканьнях. І форма ў ахоўнікаў розная — ёсьць адмысловая пясочнага колеру, на час сьпякоты. А зьняволеным, дастаюцца самыя гарачыя памяшканьні і самая нязручная форма. Цяпер дакладна са свайго досьведу ведаю, што сьпёка горш за холад», — кажа праваабаронца з «Вясны» Ўладзімер Лабковіч.