26 і 27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка наведваў з рабочым візытам Расею, два дні ён сустракаўся з Уладзімірам Пуціным у фармаце сам-насам у рэзыдэнцыі расейскага кіраўніка на Валдаі. Аднак пра вынікі гэтых перамоваў дасюль фактычна нічога не вядома.
Што паведамілі ў Менску
Як сьцісла паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі, «у перамоўным парадку дня — актуальныя пытаньні беларуска-расейскага ўзаемадзеяньня ў розных сфэрах, рэалізацыя сумесных праектаў. У цэнтры ўвагі таксама міжнародная тэматыка і абстаноўка ў рэгіёне».
«Уцягвацца ў вайну нам ня трэба, хочуць міру (словы ў адрас Кіева — заўвага Свабоды.) — давайце дамаўляцца па сутнасьці».
Гэта ўсё, што апублікаваў «Пул первого», тэлеграм-канал прэсавай службы Лукашэнкі, аб выніках перамоваў з Пуціным. Ніводнае дзяржаўнае СМІ не прывяло ніякіх дэталяў перамоваў.
Асобныя галасы прапагандыстаў дадалі да сытуацыі яшчэ больш пытаньняў.
«Ёсьць інсайды з валдайскай сустрэчы прэзыдэнтаў. Галоўны вынік — прымаем бой, але трэба зачысьціць пятую калёну ўсярэдзіне. Будзе вялікая чыстка. Кітайскія таварышы падтрымаюць», — напісаў пралукашэнкаўскі прапагандыст Аляксей Дзермант.
Што расказалі ў Крамлі
Прэсавая служба Крамля на сайце Пуціна таксама была нешматслоўнай:
«Кіраўнікі дзяржаваў абмеркавалі парадак дня Саюзнай дзяржавы, гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеяньне і рэалізацыю сумесных праектаў у галіне эканомікі, а таксама пытаньні, зьвязаныя з рэгіянальнай бясьпекай».
Ужо пасьля сустрэчы ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Паўлу Зарубіну Пуцін сказаў некалькі словаў і пра Лукашэнку, зь якім сустракаўся ў сваёй рэзыдэнцыі на Валдаі ў пятніцу і суботу. Паводле Пуціна, Лукашэнка нібыта гатовы ўсяляк падтрымліваць разьвязаньне канфлікту ва Ўкраіне мірнымі сродкамі, і Расея яму ўдзячная за намаганьні ва ўкраінскім урэгуляваньні і, у прыватнасьці, за дапамогу ў абмене палоннымі:
«Як мы памятаем, у Менску ж пачыналіся калісьці перамовы ў 2022 годзе. Потым, на прапанову ўкраінскага боку, мы перабраліся ў Стамбул. Але ў Менску ж былі заключаныя пагадненьні аб урэгуляваньні ўзаемаадносінаў паміж Кіевам і Данецкам».
Паводле Пуціна, вокрыкі Зяленскага не выклікаюць у Лукашэнкі панікі, бо ён, маўляў, падыходзіць да гэтага вельмі спакойна, ураўнаважана і ўзважана.
«Гэта выклікае заклапочанасьць, калі грубыя нейкія вокрыкі збоку раздаюцца. Але гэта не выклікае нейкай панікі з боку прэзыдэнта Лукашэнкі. Ён падыходзіць да гэтага вельмі спакойна», — сказаў Пуцін у інтэрвію Паўлу Зарубіну.
Гэта было сказана пасьля ўльтыматуму, які нядаўна быў паставіў Лукашэнку прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, патрабуючы адключыць расейскія рэтрансьлятары на беларуска-ўкраінскай мяжы, што было, як пазьней сказаў Зяленскі, выканана.
Прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў 29 чэрвеня паведаміў, што Ўладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка на Валдаі абмеркавалі «стратэгічныя пытаньні, у тым ліку зьвязаныя з рэгіянальнай бясьпекай, з эскаляцыяй напружанасьці з боку некаторых эўрапейскіх краін і з спробамі правакаваньня Беларусі».
Аляксандар Лукашэнка не перадаваў Уладзіміру Пуціну падчас іх апошняй сустрэчы на Валдаі ніякіх пасланьняў ад украінскага лідэра Ўладзіміра Зяленскага, заявіў у панядзелак прэс-сакратар Пуціна Пяскоў.
Пры гэтым прадстаўнік Крамля заўважыў, што, «вядома ж, тэма Ўкраіны фігуравала ў парадку дня нефармальных зносінаў, якія мелі месца ў пятніцу і суботу на Валдаі» паміж Пуціным і Лукашэнкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пасьля двухдзённых перамоваў з Пуціным Лукашэнка прыбыў у Кітай. Сі заявіў аб падтрымцы сувэрэнітэту БеларусіШто папярэднічала
19 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі публічна даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень на дэмантаж чатырох рэтрансьлятараў у Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях, якія, паводле Кіева, выкарыстоўваюцца Расеяй для карэкціроўкі ўдараў «Шахедаў» па Украіне. Зяленскі папярэдзіў, што ў выпадку невыкананьня Украіна зробіць гэта самастойна.
Афіцыйны Менск ня даў публічнага адказу і не пацьвердзіў наяўнасьць рэтрансьлятараў. Дзяржаўныя СМІ тэму цалкам замаўчалі. Сам Лукашэнка заявіў, што «размаўляў зь людзьмі Зяленскага» у Беларусі, і заклікаў да перамоваў. Паводле Зяленскага, рэтрансьлятары перасталі працаваць з 22 чэрвеня.
26 чэрвеня Лукашэнка прыляцеў зь неабвешчаным візытам на закрытую сустрэчу з Пуціным на Валдай.