Апублікаваны сьпіс прэтэндэнтаў на літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця, некаторыя ўдзельнікі зашыфраваныя

Доўгі сьпіс літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2026 году

Цырымонія ўзнагароджаньня прэміяй імя Ежы Гедройця за 2025 год плянуецца 7 лістапада ў Гданьску (Польшча).

Аргкамітэт прэміі імя Ежы Гедройця абвясьціў доўгі сьпіс твораў, намінаваных у 2026 годзе на адну з найважнейшых літаратурных узнагародаў у беларускай культурнай прасторы. Прэмія адзначае кнігі, што вызначаюцца мастацкай якасьцю і інтэлектуальнай глыбінёй, а таксама акрэсьлівае актуальныя тэндэнцыі разьвіцьця літаратурнага поля.

У сёлетнім сьпісе прэміі імя Ежы Гедройця апынуліся творы розных жанраў і формаў. Адпаведна статуту прэміі журы абрала дванаццаць кніг, выдадзеных у розных краінах і выдавецкіх асяродках.

Інфармацыя пра некаторыя зь іх зашыфраваная дзеля бясьпекі: сапраўдныя імёны аўтараў і назвы твораў ведаюць толькі сябры журы. Гэта вынікае з рэальных умоваў, у якіх ствараецца і распаўсюджваецца сёньня беларуская літаратура, піша Беларускі ПЭН.

Доўгі сьпіс намінантаў

  • «Цесьля жыцьця» — Сяргей Дубаўцэвіч (зашыфраваны ўдзел)
  • «Пляц» — Зьміцер Залозны (зашыфраваны ўдзел)
  • «Проста зь любові. Рэпартэрскія партрэты памяці» — Ганна Кандрацюк (Цэнтар беларускай культуры ў Беластоку, 2025)
  • «Халодныя землі» — Аляксандар Карнаўх (Gutenberg Publisher, 2025)
  • «Лірнік» — Аляксандар Касьцюковіч (зашыфраваны ўдзел)
  • «Эўфарыя» — Марыя Пархімчык (Пфляўмбаўм, 2025)
  • «Цягнік да Познаня» — Аляксей Правалоцкі (Gutenberg Publisher, 2025)
  • «Радзіна» — Збых Слупоўскі (Галіяфы, Maraton, 2025)
  • «Боў і мерць у Хротне» — Дзяніс Трусаў (Kamunikat.org, 2025)
  • «Раз два тры чатыры два» — Пётра Ўманскі (RozUM Media, 2025)
  • «Пэнтаквантар» (кнігі 1 і 2) — Арцём Шуканаў (Gutenberg Publisher, 2025)
  • «Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе» (кнігі 1 і 2) — Макс Шчур (SayBeat, 2025)

У склад публічнага журы ўваходзяць:

  • Сяргей Календа — пісьменьнік, культуроляг.
  • Сяргей Дубавец — беларускі журналіст і літаратар.
  • Яанна Бэрнатовіч — перакладніца, рэдактарка і літаратуразнаўца.
  • Сяргей Кавалёў — беларускі драматург, крытык, паэт, літаратуразнаўца.
  • Ганна Янкута — пісьменьніца, перакладніца і літаратуразнаўца.

Наступным этапам будзе адбор шасьці твораў у кароткі сьпіс прэміі, а пасьля зь яго будуць абраныя кнігі на першае, другое і трэцяе месцы.

Фінальная цырымонія ўзнагароджаньня адбудзецца 7 лістапада ў Гданьску.

Што трэба ведаць аб прэміі імя Гедройця

Прэмія імя Ежы Гедройця — найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, якая ўручаецца штогод з 2012 году за найлепшую ў папярэднім годзе кнігу прозы на беларускай мове.

Арганізатарамі конкурсу прэміі выступаюць аб’яднаньне «Беларускі ПЭН» і асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў» пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча і Польскага інстытуту ў Менску.

Мэты прэміі: вызначэньне найлепшых празаічных кніг на беларускай мове; ушанаваньне памяці Ежы Гедройця — публіцыста, палітыка, пасьлядоўнага прыхільніка добрасуседзкіх адносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю, Літвой, Украінай; падтрымка актуальных беларускіх пісьменьнікаў, спрыяньне выхаду іхнай творчасьці на міжнародны ўзровень; спрыяньне паглыбленьню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры, папулярызацыя сучаснай беларускай літаратуры ў Беларусі і Польшчы.

У 2025 годзе прэмію атрымаў Сяргей Дубавец за кнігу «Занзібар. Сталеньне маладой душы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця атрымаў Сяргей Дубавец за кнігу «Занзібар. Сталеньне маладой душы»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Двойчы ляўрэат прэміі Гедройця расказаў пра бацьку-«сілавіка», масонскую канстытуцыю і дзяцей у Беларусі і на Занзібары