ЗША і Іран зноў абмяняліся ўдарамі. Трамп прыгразіў поўным зьнішчэньнем ісламскай рэспублікі

Наступствы ўдару іранскага дрона па жылым доме ў Бахрэйне, 28 чэрвеня 2026 году

Уначы на 28 чэрвеня Цэнтральнае камандаваньне ЗША нанесла ўдары па дзесяці цэлях на тэрыторыі Ірану. Прычынай стала «працяглая агрэсія» супраць гандлёвага суднаходзтва ў Армускай пратоцы.

Пад удары трапіла вайсковая тэхніка, сыстэмы сувязі, аб’екты супрацьпаветранай абароны, сховішчы бесьпілётнікаў і абсталяваньне для марскіх мінаў.

У Цэнтральным камандаваньні заявілі, што пасьля папярэдняга абмену ўдарамі Ірану «была дадзеная магчымасьць выканаць умовы пагадненьня аб спыненьні агню», але іранскі дрон атакаваў танкер пад сьцягам Панамы паблізу Армускай пратокі.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social, заявіў, што амэрыканскія ўдары сталі адказам на «неаднаразовыя парушэньні» Іранам пагадненьня аб спыненьні агню, якога краіны дасягнулі ў сярэдзіне чэрвеня.

«Цалкам магчыма, што яны ніколі не навучацца! Можа надысьці момант, калі мы больш ня зможам заставацца разважлівымі і будзем вымушаныя вайсковым шляхам завяршыць пачатую намі справу. Калі гэтак станецца, Ісламская Рэспубліка Іран больш ня будзе існаваць!» — напісаў Трамп.

Пасьля ўдараў ЗША Іран ударыў ракетамі і дронамі па амэрыканскіх базах у Бахрэйне і Кувэйце. У Корпусе вартавых ісламскай рэвалюцыі заявілі пра восем атакаваных аб’ектаў. Улады ж Бахрэйну паведамілі, што ад іранскай атакі пацярпеў жылы дом.

Гэта была ўжо другая сэрыя ўдараў за содні. Уначы на 27 чэрвеня амэрыканскія самалёты атакавалі іранскія сховішчы ракет і бесьпілётнікаў, а таксама берагавыя радыёлякацыйныя станцыі. Іран у адказ біў «па цэлях, зьвязаных з амэрыканскімі сіламі».

Новы віток эскаляцыі запусьціла атака іранскага бесьпілётніка 25 чэрвеня на вялікае грузавое судна, якое ішло пад сьцягам Сынгапуру. Тэгеран заявіў, што судна ішло несанкцыянаваным маршрутам.

Раней перашкодай для канчатковага мірнага пагадненьня называліся вайсковыя дзеяньні Ізраілю на поўдні Лібану. Аднак 26 чэрвеня Ізраіль і Лібан пры пасярэдніцтве ЗША падпісалі ў Вашынгтоне рамачнае пагадненьне. Ізраіль пагадзіўся вывесьці зь Лібану частку сваіх войскаў.

Тыдзень таму па выніках перамоваў у Швайцарыі ЗША і Іран узгаднілі дарожную мапу для дасягненьня канчатковага пагадненьня. Пра гэта заявілі прадстаўнікі Катару і Пакістану, якія былі пасярэднікамі на перамовах. ЗША і Іран абмежаваліся заявамі пра дасягнуты на перамовах прагрэс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп абвінаваціў Іран у парушэньні замірэньня. Рэжым аятолаў атакаваў караблі ў Армускай пратоцы

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Пазьней замірэньне некалькі разоў працягвалі, але штораз парушалі. Адносны спакой наступіў у чэрвені 2026 году, але 25 чэрвеня іранскія сілы атакавалі некалькі караблёў у Армускай пратоцы, якія эвакуавалі зь небясьпечнай зоны.