«Гэта мае апошнія дні і тыдні на пасадзе прэзыдэнта рэспублікі. Пасьля гэтага я сыду ў адстаўку», — заявіў Вучыч перад тысячамі прыхільнікаў кіроўнай Сэрбскай прагрэсіўнай партыі на мітынгу 27 чэрвеня ў Бялградзе.
Ягоны другі і апошні прэзыдэнцкі тэрмін заканчваецца ў 2027 годзе.
Вучыч не ўдакладніў дату сваёй адстаўкі і тэрмінаў правядзеньня новых выбараў.
У Сэрбіі паўтара году не сьціхаюць антыўрадавыя пратэсты
Антыўрадавы пратэст у Нові-Садзе 20 чэрвеня 2026 году
У Сэрбіі ўжо больш за паўтара году працягваюцца антыўрадавыя пратэсты, якія ўсчаліся пасьля абвалу навесу на чыгуначным вакзале ў Нові-Садзе. Тады загінулі 16 чалавек.
Прычынай трагедыі, якая адбылася 1 лістапада 2024 году, пратэстоўцы называюць карупцыю, вынікам якой стала няякаснае будаўніцтва вакзала. Правядзеньне датэрміновых выбараў было адным з асноўных патрабаваньняў дэманстрантаў.
Прэзыдэнт, які сустракаўся і з Лукашэнкам і зь Ціханоўскай
Аляксандар Вучыч кіруе краінай з 2017 году. Ён пазыцыянуе сябе як рэфарматара, які вядзе Сэрбію ў ЭЗ, захоўваючы цесныя сувязі з Расеяй і Кітаем.
Вучыч таксама чатыры разы сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, у 2017 (калі быў яшчэ прэм’ер-міністрам), 2019 (двойчы)і 2024 годзе.
На апошняй сустрэчы Лукашэнка казаў Вучычу, што «старых сяброў губляць нельга», таму трэба падтрымліваць стасункі з Расеяй і Беларусьсю. «Гэта сапраўдныя сябры, глыбокія сябры, і ў гэтым кірунку, я мяркую, у Сэрбіі будуць рабіць максымум», — заявіў тады Лукашэнка.
Вучыч быў першым сярод кіраўнікоў эўрапейскіх дзяржаў, якія павіншавалі Лукашэнку з «перамогай на выбарах» 26 студзеня 2025 году. Ён зрабіў гэта двума днямі пазьней.
У кастрычніку 2025 году Вучыч на палях саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў Даніі сустрэўся зь Сьвятланай Ціханоўскай. Яны абмеркавалі праграмы рэабілітацыі для беларусаў у Сэрбіі і шляхі далейшай дапамогі тым, хто быў вымушаны пакінуць краіну. Ціханоўская падзякавала сэрбскаму прэзыдэнту за «канструктыўны дыялёг і супрацу».