У Слоніме ў час надзвычайнай сьпякоты закрыюць возера ад людзей і высякуць вакол яго дрэвы

Адпачынак людзей на вадзе, ілюстрацыйнае фота

Прычына — рэканструкцыя падзей «Вялікай айчыннай вайны», як гэта называе мясцовае чынавенства.

На Салдацкім возеры высякаюць дрэвы і тут жа спальваюць расьліннасьць. З 30 чэрвеня па 4 ліпеня мясцовыя ўлады абмяжуюць да возера доступ, даведалася Hrodna_life. І гэта пры тым, што цяпер у Беларусі экстрэмальная сьпякота.

Жыхары Слоніма зьвярнулі ўвагу, што на Салдацкім возеры «значна высечаная расьліннасьць» — дрэвы спальваюць на месцы, а дым валіць на людзей, якія адпачываюць.

Людзі пацікавіліся ў службоўцаў, няўжо яны «аголяць усю гару» і якія пляны маюць на ўпарадкаваньне тэрыторыі. І тут высьветлілі, што дрэвы высякаюць да ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Вызваленьне Слоніма», якую правядуць у межах сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці — афіцыйнага сьвята, якое адзначаецца 3 ліпеня.

Апроч высечкі дрэў, тэрыторыю апрацуюць ад кляшчоў, шаворыцца ў адказе чыноўнікаў.

Яшчэ адно абмежаваньне, якое мясцовыя ўлады ўводзяць з прычыны ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, — наведваньне пляжу ля Салдацкага возера. Пляж закрыюць з 30 чэрвеня па 4 ліпеня.

Як піша BGMedia, ваенна-гістарычныя рэканструкцыі ў Слоніме праходзяць рэгулярна, аднак раней улады абыходзіліся без закрыцьця возера для наведваньня.

Што гэта значыць?

Мэтэаралягічныя службы папярэджваюць грамадзян Беларусі пра экстрэмальна высокія тэмпэратуры. Канец чэрвеня надзвычайна гарачы. Закрыцьцё папулярнага сярод слонімцаў возера азначае зьмяншэньне магчымасьці жыхароў адпачыць у сьпёку ля вады. Акрамя таго, высечка дрэваў можа цягнуць праблемы мясцовай экасыстэмы. Няма адказу, чаму ўлады вырашылі рабіць так званую ваенна-гістарычную рэканструкцыю менавіта вакол возера, ды яшчэ высякаючы побач дрэвы.

Як паведамляе Белгідрамэт, 26 і 27 чэрвеня начныя мінімумы будуць вагацца ад +8° да +17°С, а дзённыя максымумы будуць у межах ад +21° на ўсходзе і паўночным усходзе да +33° на захадзе. Праз моцную сьпякоту для захаду Беларусі на пятніцу і суботу аб’яўлены аранжавы ўзровень небясьпекі.

Пік сьпякоты ў Беларусі прыпадзе на 28–30 чэрвеня (нядзеля — аўторак), днём у гэтыя дні чакаецца ад +26° да +34°, а на захадзе і поўдні +35°...38°. Уначы на значнай тэрыторыі Беларусі тэмпэратура паветра не апусьціцца ніжэй за +20° (так званыя трапічныя ночы).

Агулам жа 150 мільёнаў чалавек у Эўропе сутыкнуцца з тэмпэратурай, вышэйшай за 35°.