Трамп абвінаваціў Іран у парушэньні замірэньня. Рэжым аятолаў атакаваў караблі ў Армускай пратоцы

Судны ў Армускай пратоцы

Прэзыдэнт ЗША скрытыкаваў Іран за атаку бесьпілётнікамі ў Армускай пратоцы, якая парушыла кароткую стабільнасьць у рэгіёне.

Дональд Трамп назваў дзеяньні Тэгерану «неразумным» парушэньнем рэжыму спыненьня агню ў вайне на Блізкім Усходзе.

Адзін зь бесьпілётнікаў урэзаўся ў верхнюю палубу вялікага грузавога судна, а тры іншыя былі зьбітыя, паведаміў Трамп на сваёй плятформе Truth Social.

«Відавочна, што гэта неразумнае парушэньне нашага пагадненьня аб спыненьні агню», — дадаў Трамп.

Брытанскае агенцтва марской бяспекі UKMTO 25 чэрвеня паведамляла, што грузавое судна ў праліве было «падбітае па правым борце невядомым снарадам, што прывяло да пашкоджаньня моста». Пра ахвяраў не было нічога вядома.

Напад іранцаў адбыўся ўсяго за 7,5 марскіх міляў (14 кілямэтрах) ад узьбярэжжа Аману, піша AFP.

Генэральны сакратар Міжнароднай марской арганізацыі ААН Арсеніё Дамінгес абвясьціў аб прыпыненьні эвакуацыі каля 600 караблёў і 11 000 маракоў, якія апынуліся ў пастцы ў Пэрсыдзкай затоцы з прычыны вайны, якую ЗША і Ізраіль абвясьцілі 28 лютага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп заявіў пра пляны ўзяць пад кантроль іранскі востраў Харк

Калі падпісалі і як парушалі замірэньне

8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Акрамя таго, Ізраіль не спаніў апэрацыі ў Паўднёвым Лібане, што, сваёй чаргой, не падабаецца як Трампу, так і іранскаму рэжыму, і яны крытыкуюць прэм’ер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нэтаньягу.

Пасьля падпісаньня замірэньня Трамп паведамляў, што ў кіраўніцтве Ірану ўжо назіраецца раскол, таму краіна ня можа сфармуляваць сваёй канкрэтнай пазыцыі наконт мірнага пагадненьня. Тады ж прэзыдэнт ЗША адзначыў, што амэрыканскія вайскоўцы працягнуць блякаваць порты Ірану. Акрамя таго, Трамп неаднаразова сьцьвярджаў, што іранскія магутнасьці зьнішчаныя, і Тэгерану лепей дамовіцца бяз больш цяжкіх наступстваў. Пась ля гэтага, аднак, іранскае войска паказвала, што баяздольнае, і працягвала ўдзел у канфлікце.

21 красавіка, як пісала выданьне Axios, у Тэгеране адмовіліся ад мірных перамоваў і пачалі высоўваць умову зьняцьця блякады для працягу сустрэчаў. Прадстаўнік кіраўніка іранскай дэлегацыі на перамовах, старшыні парлямэнту Ірану Махамада Галібафа Мэхдзі Махамадзі, увечары 21 красавіка абвінаваціў ЗША ў падрыхтоўцы нечаканага ўдару па Іране і адзначыў, што Тэгеран ня будзе зьвяртаць увагі на заявы ЗША аб падаўжэньні замірэньня, а будзе кіравацца сваімі інтарэсамі.

Пазьней краіны то прыходзілі да часовага замірэньня, то зноў абменьваліся ўдарамі. Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё гаварыў пра завяршэньне апэрацыі «Эпічная лютасьць», але празь некалькі гадзін пасьля ягоных словаў, 8 чэрвеня Ізраіль і Іран зноў пачалі абстрэлы адзін аднаго.

Новая атака Ірану на судны ў Армускай пратоцы азначае працяг канфлікту і можа надоўга парушыць падпісанае раней пагадненьне.

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Пазьней замірэньне некалькі разоў працягвалі, але штораз парушалі. Адносны спакой наступіў у чэрвені 2026 году, але 25 чэрвеня іранскія сілы атакавалі некалькі караблёў у Армускай пратоцы, якія эвакуавалі зь небясьпечнай зоны.