Штучны інтэлект можа стаць ня толькі інструмэнтам прагрэсу, але і пагрозай для дэмакратыі, а аўтарытарным рэжымам дапамагчы яшчэ мацней кантраляваць грамадзтва. Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе заявіў былы беларускі дыплямат і выпускнік Гарварду Павал Сьлюнькін, які прафэсійна дасьледуе ўплыў AI на палітыку.
На думку Паўла Слюнькіна, штучны інтэлект здольны паступова прывесьці да эрозіі дэмакратыі нават у самых устойлівых эўрапейскіх краінах. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію праекту Радыё Свабода «Канапа».
«Мне здаецца, гэта тэхналёгія, якая непазьбежна будзе выклікаць эрозію дэмакратыі. Нават самай удалай дэмакратыі, як дацкая ці фінская. Галоўная праблема ў тым, што наймагутнейшыя AI-сыстэмы кантралююць вельмі вузкія групы людзей: кіраўнікі тэхналягічных кампаній і палітыкі. Любому палітыку важна застацца ва ўладзе. Калі ў яго зьяўляецца інструмэнт, які дазваляе значна лепш кантраляваць грамадзтва, узьнікае вялікая спакуса выкарыстоўваць яго», — адзначае Слюнькін.
Асобную пагрозу ён бачыць для аўтарытарных дзяржаў, дзе штучны інтэлект можа істотна ўзмацніць сыстэмы палітычнага кантролю. У якасьці прыкладу ён прыводзіць Беларусь, дзе ўжо цяпер дзейнічаюць шырокія мэханізмы назіраньня за грамадзянамі.
«Тое, што цяпер робяць супрацоўнікі ГУБАЗіК або іншых сілавых структураў, можна будзе значна лягчэй аўтаматызаваць. Праверка палітычнай ляяльнасьці, абмежаваньне доступу да працы, крэдытаў ці іншых магчымасьцяў можа адбывацца амаль аўтаматычна».
На думку Слюнькіна, штучны інтэлект не стварае дыктатуру сам па сабе, але робіць яе значна больш эфэктыўнай:
«Тэхналёгія дае менш свабоды звычайным людзям і больш кантролю тым, хто ўжо валодае ўладай і рэсурсамі».
Разам з тым ён лічыць, што ў дэмакратычных краінах грамадзтва ўсё яшчэ здольнае ўплываць на тое, як будуць выкарыстоўвацца новыя тэхналёгіі, праз грамадзкі ціск і заканадаўчае рэгуляваньне.