Журналіста Кірыла Пазьняка пазбавілі волі на 3,5 года. Пакуль невядома, колькі давядзецца правесьці за кратамі ягонай дачцэ Яніне. Абвінавачаньне прасіла пакараць бацьку і дачку пазбаўленьнем волі на 3,5 і 3 гады адпаведна. Апроч таго, Кірыл Пазняк мусіць заплаціць штраф 550 базавых велічыняў (24 750 рублёў). Якую суму мусіць заплаціць ягоная дачка, пакуль невядома, перадае тэлеканал «Белсат», які даведаўся пра выракі ад сваіх крыніц.
Бацьку і дачку абвінавацілі паводле двух артыкулаў — 361-1 і 369-1 Крымінальнага Кодэксу Беларусі — у «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» і «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь».
Пазьнякоў затрымалі летась 3 верасьня. У той жа дзень КДБ прызнаў YouTube-канал «Плятформа 375», які стварыў Кірыл Пазьняк, экстрэмісцкім фармаваньнем. У крымінальнай справе і журналіст, і ягоная дачка прызнаныя арганізатарамі. Уся віна Яніны палягае ў тым, што яна зарэгістравала канал у TikTok.
На «Плятформе 375» Пазьняк асьвятляў эканамічныя і палітычныя падзеі ў краіне. У 2021-м і ў 2022-м ён быў мадэратарам онлайн-дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і іхнымі апанэнтамі, якія вымушаныя былі пакінуць краіну праз пагрозу рэпрэсіяў.
Разгляд справы пачаўся 17 чэрвеня. Першае паседжаньне суду было прызначанае на 14 траўня, але праз цяжкі стан здароўя журналіста яго давялося перанесьці.
Як вядома, у ізалятары на Акрэсьціна Кірыла Пазьняк перанёс COVID-19 і цяжкую пнеўманію, якая дала ўскладненьні на лёгкія. Некалькі дзён ён правёў на апараце штучнага дыханьня, праходзіў лячэньне ў турэмным шпіталі.
Да набыцьця чыннасьці пастанове з прысудамі Кірыла і Яніна Пазьнякі застануцца ў сьледчым ізалятары. Тэрмін утрыманьня пад вартаю ў час сьледзтва суд палічыў як дзень за паўтара.
Адзін з заснавальнікаў «Плятформы 375» Сяржук Герасімовіч у камэнтары «Белсату» заявіў, што «прысуд ня мае пад сабой ніякіх аргумэнтаваных законных падставаў і ёсьць сьведчаньнем таго, што ў Беларусі няма сёньня месца свабоднай прэсе ні ў якім выглядзе». Ён падкрэсьліў, што не разумее, «дзе можна было на канале ўбачыць хоць якія праявы экстрэмізму».
На гэты момант за кратамі ў беларускіх турмах знаходзіцца 21 журналіст.
Хто такі Кірыла Пазьняк
Журналіст Кірыла Пазьняк стаў вядомы ў канцы 2010 гадоў, калі на сваім YouTube-канале пачаў арганізоўваць дэбаты паміж прадстаўнікамі розных палітычных плыняў.
У 2021–2022 гадах YouTube-канал «Плятформа 375» правёў некалькі дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і апанэнтамі, якія вымушана зьехалі з краіны. Адным зь вядучых дэбатаў быў Кірыла Пазьняк.
Ва ўступным слове ён сказаў, што дэбаты патрэбныя для стварэньня «дыялёгавай пляцоўкі, каб апанэнты маглі хаця б пачуць адзін аднаго».
Апошні эфір адбыўся 3 сьнежня 2022 году з удзелам Рыгора Азаронка (СТБ), Юрыя Цераха («СБ. Беларусь сегодня») — у Менску, а таксама Алега Талерчыка (сузаснавальнік арганізацыі былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol) і Дзяніса Дудзінскага (тэлевядоўца, шоўмэн) — у Варшаве.
У дачыненьні да дачкі Кірылы Пазьняка Яніны Пазьняк завялі крымінальную справу за ўзаемадзеяньне з «экстрэмісцкім фармаваньнем», паведамляла «Вясна».
Паводле праваабаронцаў 14 траўня Яніну Пазьняк мусілі судзіць разам з бацькам. Гэта ж Свабодзе паведаміла і крыніца, якая расказвала пра Кірылу Пазьняка.
4 верасьня 2025 году КДБ Беларусі прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» YouTube-канал Кірылы Пазьняка «Плятформа 375», 11 верасьня такімі ж былі абвешчаныя афіляваныя зь ім акаўнты ў сацыяльнай сетцы TikTok.